Жычка Хведар
95 гадоў з дня нараджэння
Чытайце кнігі Хведара Жычкі ў нашых бібліятэкахХведар Змітравіч Жычка (1927-2007) — пісьменнік, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1960 года.
Нарадзіўся 20 сакавіка ў пасёлку Марс Жлобінскага раёна Гомельскай вобласці.
Пачатковую адукацыю атрымаў у роднай вёсцы. Шмат чытаў, захапляўся маляваннем, марыў паступіць у Віцебскае мастацкае вучылішча. Ажыццяўленню задумы перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна. У лістападзе 1944 прызваны ў рады Чырвонай арміі. Але ўсё добра выйшла для семнаццацігадовага хлопца: вайна закончылася, і на фронт юнак не трапіў. Летам 1945 года Хведар Жычка добраахвотнікам пайшоў служыць на Балтыйскі флот. Пяць гадоў нёс, паводле яго слоў, «вахту па ахове роднага неба».
У 1959 годзе скончыў завочна Літаратурны інстытут імя М. Горкага ў Маскве. Быў рэдактарам, загадчыкам рэдакцыі выдавецтва «Беларусь», галоўным рэдактарам штотыднёвіка «Літаратура і мастацтва». 3 1976 — старшы рэдактар выдавецтва «Мастацкая літаратура».
Узнагароджаны ордэнам «Знак Пашаны», медалямі.
Творчая біяграфія
Пісаць вершы Xведар Жычка пачаў у час службы на флоце. Першая публікацыя з’явілася ў 1947 (часопіс «Полымя»). Аўтар зборнікаў паэзіі «Росныя лілеі» (1965), «Абавязак» (1979), «Карэц калодзежнай вады» (вершы і паэмы, 1984), «Абрус» (1985), «Абдымкі сонца» (1988) і інш., паэмы «Партызанскі праспект» (1975). У яго паэзіі ўвасоблена рамантыка марской службы, пафас мірнай стваральнай працы.
У 1956 выйшла яго першая кніга фельетонаў-апавяданняў для дзяцей «Сукенка ў крапінку», напісаная ім сумесна з П. Беразняком.
Пяру Xведара Жычкі належаць многія паэтычныя і празаічныя кнігі, адрасаваныя пераважна дзецям і юнацтву. Ён любіў пісаць для дзяцей, імкнучыся пры гэтым падарыць ім твор не столькі займальны, колькі разумны. Вострасюжэтнымі, з цікавымі людскімі характарамі з’яўляюцца аповесці для дзяцей: «Каштанавы “Масквіч”» (1959), «Піфагоравы штаны» (1961), «Зброю бяруць сыны» (1964), «Зорачка-пяцёрачка» (1965), «Дзе растуць бяссмертнікі» (1967), «Дзень будзе ясны» (1981).
Выйшлі зборнікі апавяданняў «Паспелі суніцы» (1966), «Букет вяргіняў» (1970), навукова-папулярныя нарысы «Мая вуліца» (1970), «Мы па вуліцы ідзём» (з І. Чыжэўскім, 1973). У 1977 г. выдаў зборнік гумарэсак «Спагадлівыя людзі».
Шмат працуе ён і ў галіне мастацкага перакладу. На беларускую мову перакладзены многія творы літаратур былога СССР, а таксама чэшскіх, польскіх і славацкіх пісьменнікаў. На словы Xведара Жычкі напісалі музыку кампазітары I. Кузняцоў, А. Тулышаў.