Жычка Хведар
Анатаваны спіс
Жычка, Х. Абавязак : вершы / Хведар Жычка. – Мінск : Маст. літ., 1979. – 112 с.
Жычка, Х. Абдымкі сонца : вершы / Хведар Жычка. – Мінск : Маст. літ., 1988. – 158 с.
Жычка, Х. Абрус : вершы / Хведар Жычка. – Мінск : Маст. літ., 1985. – 95 с.
Жычка, Х. Карэц калодзежнай вады : вершы і паэмы / Хведар Жычка. – Мінск : Маст. літ., 1983. – 238 с.
Жычка, Х. Дзе растуць бяссмертнікі : аповесці / Хведар Жычка. – Мінск : Юнацтва, 1977. – 480 с.
У кнігу ўвайшлі аповесці: «Зброю бяруць сыны», «Не кажыце маме…», «Апошняя старонка», «Дзе растуць бяссмертнікі».
Урывак з аповесці:
Зброю бяруць сыны
«Кароткая ў чэрвені ноч. Не паспела пагаснуць вячэрняя зара, як на ўсходзе пабялела неба – зара зару даганяе.
У вёсцы ніводнага агеньчыка. Наша мясцовасць на ваенным становішчы.
Цішыня. Толькі недзе далёка-далёка звініць-завывае самалёт.
— «Фоке-вульф», — гаворыць Гена.
Гаворыць наўздагад. Бо ні ён, ні я, ды і ніхто ў вёсцы яшчэ не ўмее вызначыць па гуку марку самалёта. Адно зразумела, што нашы гудуць, а фашысцкія звіняць.
За плячамі ў нас — малакаліберныя вінтоўкі, у кішэнях — па пяць патрончыкаў. На ўсякі выпадак Гена носіць пры сабе яшчэ і крывы садовы нож.
Усю ноч мы патрулюем па вуліцах нашай вёскі і Каменкі. У асноўным вартуем студні, каб шпіёны не атруцілі ваду.
Трэці патруль дзяжурыць ля тэлефона ў калгаснай канцылярыі. Сёння там Зіна Бурак. Сядзіць, чытае «Адвержаныя» Віктора Гюго.
Зрабіўшы адзін круг, заходзім у канцылярыю — можа, ёсць якія загады?
— Няма, кажа Зіна. — Толькі праверка сувязі.
А ўчора «вясёлая» ноч была. Я дзяжурыў ля тэлефона, прыняў аж пяць тэлефанаграм. I ўсе тэрміновыя. Выклікалі ў сельсавет ваеннаабавязаных, якіх у першы дзень па стану здароўя адпусцілі з ваенкамата; патрабавалі тэрмінова даць звесткі аб наяўнасці коней і кароў; выслаць двух ездавых. Патрулямі былі Петрык з Юркам. Усю ноч бегалі, два разы будзілі старшыню калгаса.
Паніка не ўціхае, хаця ў газетах і надрукавана першая зводка, дзе ясна сказана, што 22 чэрвеня «ў другой палавіне дня, з падыходам перадавых часцей палявых войск Чырвонай Арміі, атакі нямецкіх войск адбіты». Нехта распусціў чутку, што за Бярэзінай немцы высадзілі дэсант парашутыстаў. Фашысты нібыта занялі мястэчка Шчэдрын і расстралялі там усіх камуністаў і актывістаў.
Я не веру ў гэта. I ўсё ж, успомніўшы пра дэсант, стараюся ступаць цішэй, здымаю з пляча вінтоўку.
— Ты што гэта? — здзіўлена пазірае Гена.
Нічога не адказваю, бо стала яшчэ страшней. Стараюся думаць аб іншым, спрабую ўспомніць Маскву. Але нічога не выходзіць, і я ціха пытаю:
— Гена, а калі раптам насустрач дэсантнікі? Што будзем рабіць?
— Біцца да апошняга патрона.
Гена глядзіць на мяне: як гэта я не разумею такіх простых рэчаў.
Апошні патрон… Іх жа ў мяне ўсяго пяць, маленькіх жоўценькіх цыліндрыкаў. Кажуць, гэтая свінцовая тупая кулька не прабівае нават рукі, калі трапіць у костку. Толькі прамым пападаннем у сэрца можна зваліць фашыста.
— Глупства, — Гена плюе праз зубы. — Асноўнае ў баі, як вучыў Сяргей, — не думаць, што ты слабейшы за ворага.
Сяргей ужо недзе на фронце. Калі Змітро змог на фінскай вайне заслужыць медаль, то Сяргей вернецца з фронту не меней як з ордэнам. Ён не пабаіцца і на дот пайсці.
А можа, і не вернецца зусім…
Світае…»