Васілевіч Алена
100 гадоў з дня нараджэння
Чытайце кнігі Алены Васілевіч ў нашых бібліятэкахВасілевіч Алена Сямёнаўна (1922-2021) — пісьменніца, заслужаны работнік культуры Беларусі, лаўрэат Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1947 года.
Нарадзілася 22 снежня 1922 года ў в. Ліпнікі Слуцкага раёна ў сям’і ляснога аб’ездчыка. На восьмым годзе жыцця засталася без бацькоў. Выхоўвалася ў сваякоў.
Паступіўшы ў Слуцкае педагагічнае вучылішча, Алена «пайшла на свой хлеб» — пачала атрымліваць стыпендыю. Затым вучылася на літаратурным факультэце Рагачоўскага настаўніцкага інстытута (1939-1941). У час Вялікай Айчыннай вайны жыла ў эвакуацыі ў Арэнбургскай вобласці. Працавала бібліятэкарам у шпіталі, пісарам страявой часці, начальнікам бібліятэкі. Вярнулася ў Беларусь у 1944 годзе, пасля вызвалення Мінска. Паступіла на філалагічны факультэт БДУ — была залічана адразу на трэці курс (скончыла ў 1946 годзе). Працавала ў выдавецтвах «Мастацкая літаратура», «Юнацтва», была загадчыцай аддзела культуры часопіса «Работніца і сялянка» (пазней «Алеся»).
Творчая біяграфія
Алена Васілевіч — аўтар празаічных твораў для дарослых і дзяцей.
Першы мастацкі твор Алены Васілевіч, аповесць «У прасторах жыцця», быў надрукаваны ў 1947 годзе на старонках часопіса «Беларусь». Адзін за адным выходзяць зборнікі «Блізкія і знаёмыя» (1954), «Заўтра ў школу» (1956), «Сябры» (1958), «Апавяданні» (1959), «Падслухала сэрца» (1960) і інш. У 70-гады выходзяць зборнікі апавяданняў «Адно імгненне», «Мыс Добрай Надзеі». Аўтар кніг «Першая жонка нябожчыка» (2002), «Горкі ліпавы мёд» (2011) і інш.
На аўтабіяграфічным матэрыяле напісана тэтралогія «Пачакай, затрымайся…», якую склалі аповесці «Расці, Ганька» (1966), «Доля знойдзе цябе» (1968), «Новы свет» (1970), «Пачакай, затрымайся…» (1979). У ёй адлюстраваны няпросты шлях у жыццё дзяўчыны з маленькай беларускай вёсачкі, духоўнае сталенне чалавека. Алена Васілевіч была адзначана Дзяржаўнай прэміяй Беларусі менавіта за гэту тэтралогію.