Васілевіч Алена
Анатаваны спіс
Васілевіч, А. Выбраныя творы / Алена Васілевіч ; [укладанне, каментарыі аўтара ; прадмова А. Сямёнавай]. – Мінск : Беларуская навука, 2010. – 532 с. : іл. – (Беларускі кнігазбор. Мастацкая літаратура).
Урывак з апавядання «Марыуля«:
И долго милой Мариулы
Я имя нежное твердил.
А. С. Пушкін
На пероне, як і звычайна пры вялікай вузлавой станцыі, нібыта перад канцом свету, снаваў і мітусіўся стракаты людскі натоўп, стаяла густая гамана і тлум.
— Расступісь! Расступісь! — расштурхвалі гэты натоўп, везучы перад сабою металічныя каламашкі, нагружаныя рэчамі, насільшчыкі з бляшанымі нумарамі на грудзях.
— Каму марожанае? Марожанае! Гарачанькае! Салодкае! — высокімі галасамі выспеўвалі марожаншчыцы, стоячы над сваім салодкім таварам у белых паркалёвых куртках і гэтакіх жа белых высокіх каптурах.
I тут жа, седзячы на зямлі каля кніжнага кіёска, іграў на скрыпцы стары п’яны цыган у ружовай, расхрыстанай да пояса кашулі. Вакол яго, працерабіўшы ладны шмат асфальту, з рогатам і дзікімі гартаннымі воклічамі скакала некалькі гэтакіх жа маляўнічых цыганоў, таксама п’яных, толькі маладзейшых. І сярод іх была зусім маладзенькая цыганка ў залатых, як калёсы, круглых завушніцах, у белай, з доўгімі махрамі, шоўкавай хустцы на бліскучых чорных валасах. Цыганка скакала, і яе спадніца шугала па асфальце платформы стракатай завірухай фальбоінаў і зборак. Вакол з рогатам ганяліся босыя кучаравыя цыганяты. Зусім маленькіх, грудных, учапіўшыся аберуч, трымалі дзяўчаткі-цыганачкі — самі дзеці гадоў па восем-дзевяць, не болей. Сталыя цыганкі абступілі гэта жывое кола непадробнай дарожнай весялосці, гнучыся кожная пад цяжарам ці то якога-небудзь грувасткага клумка на спіне, ці перавязанага старой вяроўчынай аблезлага чамадана, ці нават цынкавых ночваў, нечым напакаваных і абшытых мешкавіннем.
Захрыпеў дынамік, нібыта збіраўся адкашляцца, і паведаміў, што наш цягнік адправіцца праз пяць хвілін.
I вось тут пачаўся ўжо сапраўдны Вавілон. Цыганоў падхапіла, нібыта віхурай. У адзін момант збіўшыся ў цесны натоўп, яны прыступам рушылі на цягнік. У наш вагон усё з гэтакім жа рогатам, гаманой і сваркай яны ўціснулі дваіх.
Худое смуглае дзеўчанё гадоў сямі ў паркалёвай блакітнай сукеначцы, якімі звычайна завешаны крамы дзіцячага адзетку, і старую цыганку, таксама апранутую зусім не па-цыганску.
У вузкай шарсцяной спадніцы і чорнай плюшаўцы, якія і да гэтага часу ўсё яшчэ носяць пажылыя жанкі на вёсках. I хусткі такое я ніколі не бачыла на цыганках: звычайнай суконнай хусткі з белай каймой па рудым полі. Некалі ў нас дома такія хусткі былі вельмі завідныя: ім не было зносу.
Цыганка была прыкметна падпітая, аднак гэта не перашкаджала ёй трымацца незалежна і з годнасцю. Сваімі клункамі і кашолкамі, перавязанымі рознакаляровымі матузамі, яна загрувасціла ўсё купэ, аднак суседзі, таксама немаладыя муж з жонкаю, не адважваліся сказаць ёй папярок нават слова. Наадварот, каб не спатыкацца і не падаць, мужчына сам узяўся ўладкоўваць яе рэчы. Цыганка сядзела на лаўцы і толькі кіўком галавы, моўчкі, выказвала сваю згоду.
Прыціхлае, сядзела каля яе і дзеўчанё. Па тым, як папярэдліва імкнулася яно лавіць кожны позірк старое — а старая не абзывалася да яго ніводным словам — адчувалася, што значэнне гэтых позіркаў дзяўчо разумела і без слоў.
Нарэшце, як толькі апрасталася месца, старая цыганка падкінула сабе пад галаву плюшаўку і адразу ж заснула на голай лаўцы.
Дзеўчанё нібыта гэтага толькі і чакала.
Праз паўгадзіны яго ведаў ужо ўвесь наш вагон…
Васілевіч, А. Вернісаж : апавяданні / Алена Васілевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. – 111 с.
«Як я быў доктарам»
Ідучы на работу, мама загадала мне:
— Вова, у дванаццаць гадзін закрапаеш Наташы вочы. Альбуцыд у шафцы.
— А-ай … — гатовая вось-вось раскіснуць, скрывілася мая любая сястрыца.
— Не «ай»! — строга спыніла яе мама і ўдакладніла, звяртаючыся да мяне: — Па дзве кроплі ў кожнае вока.
Мама ведала, каму дае даручэнне, і ўсё ж не стрымалася:
— I, калі ласка, нічога не пераблытай, як гэта ў цябе часта бывае…
Спачатку я хацеў быў пакрыўдзіцца, але перадумаў — я ж не дзяўчынка, каб надзімаць вусны ад кожнай дробязі. Мой настрой узняўся, бо ўсё-такі не каму-небудзь іншаму, а мне мама даручыла лячыць Натку, і, непрыкметна тузануўшы сястру за касу, я горача запэўніў маму:
— Не хвалюйся, мамачка, роўна ў дзве гадзіны я закрапаю ёй па дванаццаць кропель у кожнае вока!
— Я так і ведала! Ты ўжо і зараз, не паспела я за дзверы выйсці, усё пераблытаў… Не па дванаццаць кропель, а па дзве! I не ў дзве гадзіны, а ў дванаццаць … Ды глядзі, у школу не спазніся!..
— Не спазнюся, мамачка, не! Ідзі на работу, а то сама спознішся… Я добра памятаю: у дванаццаць па дзве!
Ледзь не падштурхваючы, я правёў маму да дзвярэй, там яна яшчэ раз строга паўтарыла сваё: «Глядзі ж, не забудзь і нічога не пераблытай», і я нарэшце з нейкім шчаслівым адчаем шчоўкнуў ключом у дзвярах.
Перакруціўшыся на адной назе і робячы выгляд, што бягу на каньках, я накіраваўся ў пакой, дзе была Натка — мая хворая, або пацыентка, як кажа наш сусед па калідоры, доктар Бабровіч.
Натка сядзела, надзьмуўшыся, на канапе і перагортвала тоўсты стос «Мурзілак», сабраных за некалькі гадоў і сшытых тоўстымі шэрымі ніткамі, — гэта мяне тата прымусіў падшыць «Мурзілкі», каб не валяліся дзе папала, а былі разам.
Я паглядзеў на Натку: падумаеш, грамацейка знайшлася! У самой шчокі тоўстыя, ружовыя, на галаве бант, таксама ружовы, і два такія ж ружовыя банты ў тоўстых белых косах.
Я ніколі не мог прайсці паўз сястру, каб не пацягнуць яе за гэтыя косы з бантамі.
Так я зрабіў і зараз…
Васілевіч, А. Горкі ліпавы мёд : апавяданні / Алена Васілевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2011. – 263. – (Школьная бібліятэка).
Урывак з апавядання «Калінавая рукавічка»
Чаму рукавічка, калі казка будзе пра чырвоную каліну, пра старую яліну-казачніцу, пра ветра-бяздомніка?
А вось паслухай.
Расла на ўзлессі каліна. Была-была ўсё маленькай ды раптам, зусім неяк непрыкметна, вырасла. Зацвіла белым цветам, закрасавала — на дзіва і зайздрасць усім суседнім дрэвам
.— Ф-фарсуха, — пазіраючы на яе, аж трэсліся ў лажку асіны. Яны былі заўсёды бледныя і зялёныя, і заўсёды ім было холадна.
— Падумаеш, выстраілася, — шапталі хмурыя яліны. Яны насілі цёмнае адзенне і размаўлялі толькі шэптам.
Учэпістыя калючыя дубкі, што раслі на схіле пагорка, таксама непрыхільна паглядалі на маладую каліну: яна зусім не звяртала на іх увагі.
Толькі старая яліна-казачніца спачувальна пазірала на каліну-прыгажуню і жаласна ківала галавой:
— Пацвіце, пакрасуецца ды і завяне. Не яна першая, не яна апошняя… Па лесе гуляе бура, ломіцца грубая жывёла, чалавек ходзіць… А ў яго нядобрыя рукі. Ён ломіць і крышыць усё, што ні стане на дарозе. Усё крышыць і ломіць.
Яліна-казачніца пражыла доўгае жыццё і ўсяго нагледзелася за свой век.
Нарадзілася яна ў гэтым лесе даўным-даўно. Яшчэ да пажару. Тады тут жыла і яе маці, маладая стромкая яліна, і бабуля, гэтакая ж, як яна сама цяпер, згорбленая і пахмурая… А потым па лесе прайшоў пажар. Цэлы тыдзень, схапіўшыся загрудкі з агнём, змагаўся лес супроць смерці. Цэлы тыдзень агонь нішчыў лясны род. Згарэла маладая прыгожая яліна-маці, згарэла старая бабуля. Не засталося нікога ні з радні, ні з суседзяў. Нейкім цудам уратавалася ў гэтым пекле толькі яна — маладзенькая ялінка. Пажар не абмінуў і яе, але яна выжыла. Сагнулася на адзін бок, скалечаная, але ўсё-такі жыла!
Мінуў год, за ім другі — і на пажарышчы пачалі адскакваць вясёлыя бярозкі, палез сям-там ельнік, пайшла ўсялякая лясная драбяза.
Мінула яшчэ некалькі гадоў, і вялікае лясное няшчасце, як і ўсё на свеце, пачало забывацца.
Вось чаму яліна-казачніца была самай старэйшай і самай мудрай у гэтым лесе.
Цэлымі днямі гойдалася яна на старэчых нагах ды моўчкі прыглядалася да ляснога жыцця: як трымаюцца і пра што вядуць гутарку маладзейшыя дрэвы, аб чым пяюць птушкі, куды лятае вецер-бяздомнік… Прыглядалася, прыслухоўвалася і ўсё шаптала сабе нешта, усё нешта шаптала…
А ноччу, калі ў лесе рабілася цёмна, хоць выкалі вока, да яліны-казачніцы прылятала старая сава. Днём яна спала, а ноччу гойсала па лесе, шукала сабе спажывы…
Васілевіч, А. Пачакай, затрымайся... : аповесці / Алена Васілевіч. – Дапоўненае выданне. – Мінск : Юнацтва, 1994. – 526 с.
Урывак з аповесці «Расці, Ганька»:
…У вас яна таксама ёсць — гэта чароўная краіна з нетутэйшай назвай — Ідылія. Праўда, у вас яна — свая. У мяне — свая.
Хочаце ведаць, дзе яна знаходзіцца?
3 гэтым, праўда, крыху цяжэй. Справа ў тым, што дзівакі, якія складаюць геаграфічныя карты, чамусьці заўсёды забываюць маю Ідылію нанесці на карту.
Але нічога. Я раскажу вам пра яе і без карты.
Паўночная мяжа мае Ідыліі — вясёлыя таліцкія сенажаці. Вясною, адразу пасля паводкі, топяцца яны ў залатой лотаці, потым палаюць ад ружовай загары, а летам, у касавіцу, звіняць на тысячу званоў усімі кветкамі, якія толькі ёсць на свеце.
На паўночнай мяжы стаяць тры сястры-яліны. Не такія, як у лесе, панурыя манашкі ў чорным адзенні, а гонкія, прыветныя - дамоўка дзікіх галубоў.
3 поўдня маю Ідылію некалі вартавала ржавае Кляпчанскае балота і Шэндараў брод. Варта гэта была надзейная. Каб перайсці Кляпчанскае балота, нават летам, у Пятровіцу, мужчыны скідалі нагавіцы. Шэндараў брод насіў сваю назву з таго часу, як праглынуў урэцкага анучніка Шэндара — з возам і з канём разам. Каня і воз сяк-так выцяглі, а Шэндара так і не знайшлі.
Зялёная гаманкая Дуброва заступала чароўную Ідылію з усходу. Варта было выскачыць з кашом за веснічкі (вядома, да таго яшчэ, як выганяць кароў на ранкі) і перабегчы Першыя нівы, а потым Доўгія — і ты быў ужо ў Дуброве! I тут жа з краю, пры самай ніве настаўніка Васіля Барана (праўда, якая там была ніва — у жыце рос адзін толькі гipс ды калючы куколь), можна ўжо было збіраць бабкі… Лепей, вядома, было прайсці ў лажок — і там карчаваць чырвонагаловыя асавікі. Аднак і гэта было не ўсё. Былі ў Дуброве мясціны, у ельніку, каля таліцкага поля, дзе, адзін пры адным, адзін пры адным, сядзелі, як падкулачнікі, учэпістыя рудагаловыя баравікі. Праўда, баравікоў цяжка было захапіць. Канцавая Міхаліха з дочкамі пільнавала іх яшчэ звечара. I не раз здаралася так, што, накарчаваўшы поўныя кашы, Міхаліха і яе дочкі скідалі на баравікі верхнія спадніцы і дадому варочаліся ў сподніх, за вярсту абходзячы вёску, каб з кім не стрэцца.
Я не кажу пра тое ўжо, што ў ягадны год у Дуброве было, хоць касу закладай, ягад. Што арэшнік трашчаў ад арэхаў. Што вадзілася ў Дуброве процьма зайцоў. А некалі, яшчэ хлапчуком, мой дзядзька Мікалай стрэўся там з мядзведзем. Дзядзька спалохаўся да смерці, і мядзведзь, мусіць, спалохаўся таксама, бо раптам як павярнуў у гушчар, як даў дзёру!
Цёмны Барэцкі лес быў заходняй мяжой мае Ідыліі. Ён надоўга заставаўся для мяне неразгаданай таямніцай. За гэтым лесам штодня хавалася нанач сонца. (А прачыналася і ўсходзіла яно заўсёды з-за вясёлае Дубровы.) Апрача таго, недзе за Барэцкім лесам знаходзіўся Слуцак!
«Міхал лічыў Нясвіж Парыжам»… Маім недасягальным Парыжам быў Слуцак.
…Такая вось геаграфія мае Ідыліі — невялічкай вёсачкі-засценка ўсяго толькі на дванаццаць хат з адпаведнай ёй назвай — Зялёная Дуброва.
Там, у гэтай далёкай чароўнай краіне з нетутэйшай назвай, і жылі некалі, гадоў сорак назад, героі гэтага крыху выдуманага апавядання…
Васілевіч, А. Першая жонка нябожчыка : апавяданні, эцюды, думкі ўголас / Алена Васілевіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2002. – 254 с.
Апавяданне са зборніка
«Дакументы»
Прыехаў у госці.
Ужо начаставаўся, набудаваўся, намаляваўся… Надакучыла. Стаміўся. Але таму што без занятку не ўмее — ходзіць па кватэры, шукае ўсё ж яшчэ сабе нейкую справу.
Заходзіць, разглядаецца ў маім пакоі.
— Алена Сямёнаўна, прыбярыце адсюль вашы дакументы.
Так найспаважна — «Алена Сямёнаўна» — звяртаецца ён да мяне, калі яшчэ не агарнула яго ці, наадварот, адкацілася ўжо хваля пяшчоты і любасці.
— Навошта мне іх прыбіраць?
(«Дакументы» — старонкі рукапісу пасля машыністкі — ляжаць на тумбачцы пры маёй канапе.)
— Мне трэба скакаць.
(3 гэтай самай тумбачкі на канапу. Ён ведае: у мяне гэта дазваляецца. У шаснаццаць год з гэтай тумбачкі на гэту канапу скакаць ён пэўна ўжо не будзе…)
— Пачакай, бачыш, пакуль што мой стол заняты.
— А навошта табе так многа дакументаў?
— Н-ну… Гэта мая работа.
Скептычна круціць галавой:
— Дакументы — гэта не работа. (Вуснамі дзіцяці?..)
— У твае мамы такое работы няма?
3 адчуваннем перавагі:
— Няма! — разумець трэба яшчэ і шырэй: «А навошта маёй маме такая работа?»
— А ў Наташы ёсць «дакументы»?
Наташа — другая, маладая бабуля.
Ну, гэта ўжо зусім смешна!
— Наташа не такая ж старэнькая, як ты!
Гм… Вось ужо сапраўды ўспомніш паэта: «Мне заезжий парикмахер комплименты говорил…»
Васілевіч, А. Расці, Ганька : аповесць, апавяданні / Алена Васілевіч. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя Петруся Броўкі, 2021. – 200 с. : іл. – (Кніжная паліца школьніка).