Алесь Ставер
95 гадоў з дня нараджэння
Чытайце кнігі Алеся Ставера ў нашых бібліятэкахАлесь (Аляксандр Сяргеевіч) Ставер (1929-1995) — паэт, празаік, драматург. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1962 года.
Нарадзіўся 10 жніўня ў вёсцы Маргавіца Докшыцкага раёна Віцебскай вобласці ў сялянскай сям’і. Да вайны скончыў пяць класаў Бягомльскай сярэдняй школы.
У часы Вялікай Айчынная вайны яму давялося шмат чаго перажыць. Ён зведаў голад, нястачу, нямецкую няволю. Вясной 1944 пад час блакады партызанскага краю згубіў бацькоў і братоў, трапіў у палон і быў вывезены фашыстамі ў канцлагер у Германію.
Вярнуўся дамоў у 1945 годзе. У 1949 скончыў Барысаўскае педагагічнае вучылішча. Працаваў старшым піянерважатым і выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры ў Бягомльскай сярэдняй школе. У 1954 годзе скончыў філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута. Працаваў інспектарам школ Лагойскага раённага аддзела народнай адукацыі, літсупрацоўнікам газеты «Калгасная праўда», рэдактарам у Дзяржаўным выдавецтве БССР, загадчыкам літаратурнай часткі Белдзяржфілармоніі, навуковым супрацоўнікам Інстытута мастацтвазнаўства, этнаграфіі і фальклору АН БССР. У 1975-84 — карэспандэнт-арганізатар Бюро прапаганды мастацкай літаратуры Саюза пісьменнікаў Беларусі.
Творчая біяграфія
Пісаць вершы пачаў у дзевятнаццаць гадоў. Друкаваўся з 1949. (барысаўская раённая газета «Бальшавіцкая трыбуна»). Першы паэтычны зборнік «Золак над Бярозай» выйшаў у 1959 годзе.
Яшчэ ў 1953 годзе з’явіліся яго вершы «Косіць хлопец канюшыну», «Нікагусенькі няма». У 1954-1955 гадах — «Рана-раненька», «Юрачка», канчатковая рэдакцыя песні «Колас, ты мой колас», «Спалох». У 1956 годзе напісаны: «Натура», «Запавет», «Закружыла мяцеліца».
Прыкметны поспех выпаў Алесю Ставеру ў апрацоўцы і стылізацыі народнага гумару. Як успамінаў сам аўтар, складаць вершы на фальклорнай аснове стала галоўнай умовай яго творчасці, калі ён пачаў часта сустракацца з чытатамі, бываць у калгасах, на заводах Беларусі. У розныя гады з’явіліся вершы «А мне ў шчасце верыцца», «Каб дома не журылася», «Трасуха» і інш.
Алесь Ставер аўтар зборнікаў паэзіі «Ластаўкі перад дажджом» (1967), «Жураўлі ляцяць…» (вершы і песні, 1972), «Лірнік» (1975), «Жнівеньскі вырай» (выбранае, 1979), «Зоры зямныя» (паэмы, вершы, песні, 1989). У яго творах — любоў да роднай зямлі, працоўныя будні, мінулае народа, маладосць і каханне.
У рамане «Пад канвоем» (1966) аўтар передаў усе пакуты нявольніцкага жыцця ў гады вайны, перажытае ім самім. Тэме Вялікай Айчыннай вайны прысвечаны кнігі аповесцей і апавяданняў «Да сваіх» (1974), «Лясныя аповесці» (1986).
Напісаў лірычную камедыю «Алімпіяда Салодкая» і п’есу «Слова не верабей» (абедзве пастаўлены ў 1977). Для дзяцей выйшлі кнігі паэзіі «Касцёр не гасне» (1961), «Пад вясёлкавай дугой» (1984).
Шмат вершаў паэта, пакладзеныя на музыку прафесійнымі і самадзейнымі кампазітарамі, сталі вядомымі, папулярнымі песнямі: «Жураўлі на Палессе ляцяць», «Беларусачка», «Косіць хлопец канюшыну», «А мне ў шчасце верыцца», «Нарачанка» і інш. Песня «Жураўлі на Палессе ляцяць» — шэдэўр песеннага мастацтва і галоўная візітоўка ўсёй песеннай творчасці паэта.
Слухаць песні
Пётр Елфимов – Жураўлі на Палессе ляцяць (2015) [Электронный ресурс] // YouTube : [сайт]. – Режим доступа: https://www.youtube.com/watch?v=068haf0fs_4. – Заглавие с титул. экрана. – Дата обращения: 02.07.2024.
Песняры – Белорусочка [Электронный ресурс] // YouTube : [сайт]. – Режим доступа: https://www.youtube.com/watch?v=BeG5JYIdDgc. – Заглавие с титул. экрана. – Дата обращения: 02.07.2024.