Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Аляксей Пысін

100 гадоў з дня нараджэння

Писатель
Чытайце кнігі Аляксея Пысіна ў нашых бібліятэках

Аляксей Васільевіч Пысін (1920-1981) — паэт, заслужаны работнік культуры Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1950 года.

Нарадзіўся 22 сакавіка 1920 года ў вёсцы Высокі Борак Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. У роднай вёсцы, якая стала для яго «Вялікім Народным Універсітэтам», праходзіла дзяцінства будучага паэта. Ён успамінаў, як уваходзіла ў яго жыццё кніга. Звычайна ў хаце яго бацькі, якая замяняла хату-чытальню, збіраліся аднавяскоўцы. Уголас чыталі кнігі Д. Беднага, М. Горкага, М. Лермантава і інш.

Сярэднюю адукацыю атрымаў у вёсцы Палуж, да якой было восем кіламетраў. Пасля яе заканчэння ў 1938 годзе паступіў у Мінскі Камуністычны інстытут журналістыкі. Але доўга павучыцца не давялося. У верасні 1939 года, пасля ўз’яднання Усходняй і Заходняй Беларусі, яго з другога курса накіравалі на працу ў рэдакцыю Бельскай раённай газеты на Беласточчыну.

У гады Вялікай Айчыннай вайны ўдзельнічаў у баях на Заходнім, Калінінскім, Ленінградскім, Прыбалтыйскіх франтах. Двойчы быў цяжка паранены. Вайну скончыў у званні капітана, быў узнагароджаны медалямі, у тым ліку медалём «За адвагу». З 1946 года працаваў у раённым друку. Скончыў Вышэйшыя літаратурныя курсы ў Маскве (1958).

З 1974-1981 — сакратар Магілёўскага абласнога аддзялення Саюза пісьменнікаў Беларусі. Працуючы на гэтай пасадзе, ён з’яўлялся ініцыятарам дней паэзіі, прысвечаных жыццю і творчасці Аркадзя Куляшова. Яны праводзіліся кожны год на радзіме вялікага паэта 6 лютага ў дзень яго нараджэння. Аляксей Пысін першым пасля смерці Куляшова падняў пытанне аб тым, каб стварыць яго музей у Саматэвічах.

Творчая біяграфія

Ужо ў школьныя гады Аляксей Пысін робіць першыя крокі ў паэзіі. Ён, вучань сямігодкі, з’яўляўся актыўным селькорам раённай газеты «Чырвоная змена». Менавіта ў ёй у 1938 годзе апублікаваў свой першы верш «Ураджай». Зямляк-паэт Пятрусь Бядуля з’явіўся першым настаўнікам і крытыкам мастацкага слова Аляксея Васільевіча.

Але першая кніга «Наш дзень» пабачыла свет толькі ў 1951 годзе. Вучнёўскія вершы ў яе не трапілі, а ўвайшлі лепшыя творы паэта, напісаныя пасля вайны. Паэзія А. Пысіна аўтабіяграфічная. Вярнуўшыся з франтавых дарог, ён да ўсяго, што яго акружала ў мірныя дні, падыходзіў са сваёй асаблівай жыццёвай меркай. Побач з матывамі барацьбы за мір на зямлі вялікае месца ў кнізе займаюць творы, у якіх услаўляюцца людзі-працаўнікі. Наступныя яго зборнікі «Сіні ранак» (1959), «Сонечная паводка» (1962).

Але сапраўднае нараджэнне Аляксея Васільевіча Пысіна як паэта пачалося са зборніка «Мае мэрыдыяны» (1965), затым ішла кніга «Твае далоні» (1967), што прынесла заслужанае прызнанне (Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Янкі Купалы ў 1968 годзе). Былі выдадзены і іншыя кнігі: «Пойма» (выбранае, 1968), «Да людзей ідучы» (1972), «Вярбовы мост» (1974), «Вершы» (1976), «Ёсць на свеце мой алень» (1978) і інш. У гэтых творах разгортваецца суровы летапіс памяці. Драматызм ваеннага счасу складае аснову перажывання паэта, ён па-свойму адлюстроўвае вайну.

Аўтар ліра-эпічных паэм «Белы камень», «Кара», «Жураўліны бераг». Напісаў кнігу паэзіі пра народныя песні і іх выканаўцаў «Бярозка ля кожных варот» (1972).

Аляксей Васільевіч нямала напісаў і спецыяльна для маленькіх. Аўтар зборнікаў вершаў для дзяцей «Матылёчкі-матылі» (1962), «Вясёлка над плёсам» (1964), «Кавылёк» (1966), паэмы «Дзяўчынка Марыям» (1970), «Колькі сонцаў!» (1979), «Аляксей, Дзяніс, Алёнка» (1984). Аляксей, Дзяніс, Алёнка — гэта імёны ўнукаў паэта. Іх ён вельмі любіў, з іх жыцця браў сюжэты для вершаў.

У 1980 — 1989 гадах былі выдадзены Выбраныя творы Аляксея Пысіна ў двух тамах. У іх ўвайшлі лепшыя творы аўтара: вершы, паэмы, казкі для дзяцей.

Уся паэзія Аляксея Пысіна — вобразная, глыбока эмацыянальная і задушэўная, прымушае чытача думаць, перажываць, разважаць над перажытым, заклікае тварыць і жыць.

Вверх