Аляксей Пысін
Анатаваны спіс
Пысін, А. Выбраныя творы : у 2 т. / Аляксей Пысін. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1980.
Урывак з паэмы «Кавылёк»
Раскажу я вам, унукі,
Ды не казку, а быль.
Хто з вас ведае, скажыце,
Што такое кавыль?
Рос калісьці ён усюды
На маўклівай цаліне.
А расказ мой пра вярблюда,
Пра вярблюда на вайне.
Не за дальнімі гарамі,
А бліжэй — па гэты бок —
Папаўняўся на Урале
Запасны гарматны полк.
Кожны дзень у нас вучэнне:
Ваяваць — патрэбна ўменне,
Каб без промаху
Біць па ворагу,
Не паліць дарэмна пораху.
Скажа камандзір: «Выдатна!»,
Калі ты страляеш трапна,
Бранябойным падаб’еш
Танк, што выйдзе на рубеж.
Вельмі дрэнна — недалёт,
Вельмі дрэнна — пералёт,
Падвядзе няўмека фронт.
Падышоў да вартавога
У будзёнаўцы башкір
І пытае нават строга:
— Хто таварыш камандзір?
Вартавы размоў не любіць:
— Тут, дзядуля, не базар:
Ну куды вядзеш вярблюда? Адыдзі пад ясакар! —
Дзед на хлопца наступае:
— Што ж, па-твойму, я шпіён?
Я ў самога, брат, Чапая
Ў бой вадзіў свой эскадрон.
Маю ордэн за геройства,
На мяне ты не крычы.
Цяжка нашым там, на фронце,
Я хачу дапамагчы.
Сам стары я, не вайсковы;
Вось вярблюда аддаю,
Ён вынослівы,
здаровы,
Службу ведае сваю
Так застаўся з намі
Верблюдок.
Мы яго назвалі
Кавылёк…
Пысін, А. Вярбовы мост : вершы, паэмы / Аляксей Пысін. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1974. – 160 с. : іл.
Вершы са зборніка
⚹ ⚹ ⚹
Каму агнямі свеціш, вуліца?
Даўно ўсе спяць,
даўно ўсе спяць;
У парках цені не варушацца
І дрэвы не рыпяць.
У небе непрыкметна зоркі ўсходзяць
І ціха патухаюць наўсягды.
А па зямлі
мае ўспаміны ходзяць,
Трывожачы дарожныя сляды.
І памяць неадступным следапытам
Схіляецца над бітаю зямлёй,
І часам у забытым,
перажытым
прымае след чужы за ўласны мой.
Гляджу цяпер на юную адвагу,
На першы бой… І верыць зноў гатоў,
Што падымаўся некалі ў атаку
І быў на маршы некалькі гадоў.
Не будзем, памяць, грэцца каля славы,
Не будзем прымяраць з аглядкай крок.
Хай па слядах маіх гусцеюць травы
І вугалькамі тлее чабарок.
Хай позні чмель гудзе мажорным басам,
Разбуджаны расінкаю ўначы.
Ты на яго не наступі абцасам,
Юнак,
З сваёй любоўю ідучы.
Цішыня Брэсцкай крэпасці
Замрыце перад гэтай цішынёй
І не трывожце тых, што сну не мелі.
Ў мурах, што сталі грудаю адной,
Магчыма, ўжо грымоты анямелі.
Б’е ў грудзі цішыня, як шквал агню,
Цяжкі абвал кладзе на плечы.
І ў сэрцы, не закутым у браню,
Я адчуваю боль нечалавечы.
Сустрэла каля брамы цішыня
Пяском улежаным, травой кароткай.
А бэз — як прывід белага каня,
Што ашалеў перад прамой наводкай.
Пысін, А. Ёсць на свеце мой алень : вершы / Аляксей Пысін. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1978. – 96 с. : іл.
Верш са зборніка
Хлопчык і тэлефон
Тэлефон насыпаў звону,
Ў калідоры гэты звон.
Хлопчык рвецца к тэлефону:
Дайце ў рукі тэлефон.
Трубку сам ён падымае,
Цягне праваю рукой.
З ім бабулька размаўляе:
— Добры дзень, унучак мой!
Павярнуўся, крутануўся:
Дзе бабулька, дзе сама?
І яшчэ раз азірнуўся:
А бабулечкі няма…
Толькі, толькі размаўляла,
І гукала, і вітала…
Ў трубку здзіўлена глядзіць:
Мо бабулька там сядзіць?
Пысін, А. Палёт : вершы / Аляксей Пысін. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. – 111 с.
Верш са зборніка
Балада пра дуб
Бачыць і вітаць прыемна мне
І вярбу і светлую асіну,
І па гуку пазнаваць лясіну
Ў нечужой сібірскай старане.
Непахісныя калоны дрэў
На высокім горным перавале
І ў зацішку чуйным на прывале, —
Ды нідзе я дуба не сустрэў.
І ад дрэў дазнаўся… Дуб адстаў
За высокім лугам, што не скошаны.
Жалуды і зоркі — добрай ношаю,
А ў дарозе столькі перапраў.
Дуб хадою абмінуў палі,
Выспы белыя, палёў ачоскі.
І сляды яго — тугія ўсплёскі —
Чыстымі крынічкамі ўсплылі.
На прывалах — стойбішчах сваіх —
Прытаіліся сасна і кедры,
І глядзяць з-пад сонца ў кіламетры:
Можа, скора дуб дагоніць іх…