Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Пушча Язэп

Анатаваны спіс

Вершы

Пушча, Я. Збор твораў : у 2 т. Т. 1 : Вершы. Паэмы. Артыкулы 1922-1930 / Язэп Пушча. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1993. – 382 с. : іл.

Верш са зборніка:

Сымон і Марыся
— Сэрца болей не заные,
Сэрцу хочацца спяваць:
Сенажаці залівныя
Па-над рэчкаю шумяць.
Зазвінелі ў росах косы
І кладуць траву ў пракосы.

— За тваім іду пракосам
І хілюся стройным станам.
Сцежку светлую пракосім,
Перад сонцам, любы, станем.
Лёг пад сонцам пад высокім
Мой пракос з тваім шырокім.

— Я з сабой цябе паклікаў,
Завіхайся, не змарыся.
Колькі радасці вялікай
У Сымона і Марысі.
— Ў небе ясным сонца свеціць,
Як нам добра жыць на свеце!
Паэмы

Пушча, Я. Збор твораў : у 2 т. Т. 2. : Вершы. Паэмы. Пераклады. Крытычныя артыкулы 1930-1963 / Язэп Пушча. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1994. – 462 с. : іл.

Урывак з казкі «На бабрыцы»

І
Каля вёскі Баравіцы
З светлай, чыстае крыніцы
Бегла рэчанька Бабрыца
У імклівы, светлы Нёма
Пад зялёны гоман клёнаў.
На Бабрыцы той увосень,
Калі поплаў чыста скосяць
І асенні дождж марусіць,
Сее часта, як у сіта,
Адпачыць любілі гусі
Ўсёй сваёй гусінай світай.
Узляталі, гагаталі
Па-над хваляй, па-над вірам,
Адлятаючы у вырай.
А зімой пад снегам-пухам
Пульс яе Мароз-дзед слухаў.
Пад пахілаю вярбою
Біўся пульс жывой вадою.
А вясною, у разводдзе,
Крыгі ходзяць-карагодзяць.
У разводдзе, у паводку,
Чаўнакі і нават лодкі
Наўздагонкі, ўперагонкі
Плешчуцца на хвалях сініх
Пад вясёлы крык гусіны.
Ўлетку рэчанька святлее,
Быццам песня, хвалі льюцца,
І гарлачыкі-лілеі
У поўдзень сонечны смяюцца.
А баброў у вечар сіні
Лозы, вербы і асіны
Запрашаюць шумам лісцяў
На зялёны бераг выйсці.
Колькі чыстае вадзіцы
Ні насіце, ні бярыце,
Наша рэчанька Бабрыца
Не мутнее, не мялее,
Толькі хваляй весялее.
ІІ
Працавітыя бабры,
Плытагоны, цесляры,
Уставалі на зары,
Бралі пілы, тапары,
З самай ранняе вясны
Адыходзілі яны
На будоўлю і на сплаў.
Вецер хвалі ціха слаў
І павольна гнаў плыты,
Промень сонца залаты
Усміхаўся праз кусты.

На Бабрыцы трэск і стук:
Сотні лап — калматых рук
Не паціху, не памалу
Плыт за плытам па каналу
Асцярожна ўніз спускалі,
Не наскочыў каб на скалы,
Не засеў бы на адмелі, —
Словам, гнаць плыты умелі…
Сады

Пушча, Я. Сады вятроў : вершы і паэмы / Язэп Пушча. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. – 367 с. : партр.

Вершы са зборніка:

Над Прыпяццю
Схіліўшыся над Прыпяццю,
Бярозкі лісцем п’юць ваду.
Прыслухайся! Калышуцца
І гоман між сабой вядуць.

Пад спевы плыняў палявых
Цалуецца адна з аднэй.
Ах, не спазнаць хто можа іх,
Скажы мне, вецер, ты хутчэй?
Лета
Люблю я радасць першых навальніц,
Калі пярун гартуе, вострыць стрэлы
І сыпле з горна іскры бліскавіц,
Каб мы і нашы сэрцы не старэлі.

Ад сонца шчокі лета загарэлі,
Запунсавеў на вуснах сок суніц.
У лузе васількі мяне сустрэлі,
З блакітнымі напіўся я з крыніц.

Пасцелены квяцістыя абрусы,
Збіраюць пчолы сонечны нектар,
Ляцяць з абножкам і нясуць нам дар.

Такога лета, як на Беларусі,
З такой ласкавай, цёплаю душой
Нястомна я ў жыцці шукаў і не знайшоў.
Хараством зямлі любуюся
Па-над вёскамі і сёламі
Свеціць сонейка вясёлае.
Мы пад ясным летась, сёлета
Усё знаходзім тое золата,
Што бацькі за цяжкай працаю
Збераглі, а не растрацілі.
Спевы бацькавы і матчыны
Нам дасталіся у спадчыну,
З імі крылы сакаліныя.
А што мы сынам пакінема?
У сябе, у вас пытаюся,
Не малюся і не каюся,
А з сваім сумленнем раюся.
Непакоюся, турбуюся,
Хараством зямлі любуюся.
Хараство ды непаўторнае,
Як у жніўні неба зорнае.
Не сумуюць вербы з лозамі
На зямлі маёй прыгожае.
Ой ты, сонейка высокае,
Ў сінім небе ясны сокалы,
І Зямлю усю навокала
Абляцелі тыя сокалы,
На ўсю сілу размахнуліся
І да родных гнёзд вярнуліся.
Рад я. Ў нас такая раніца, —
Песня сонцу адклікаецца.
Ты, цяплом яго сагрэтая,
Палюбіў цябе за гэта я.
Сілы марна не растрачаны,
Пакідаю песню ў спадчыну.
Loading...