Прокша Леанід
110 гадоў з дня нараджэння
Чытайце кнігі Леаніда Прокшы ў нашых бібліятэкахПрокша Леанід Януаравіч (1912-1994) — пісьменнік, журналіст. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1961 года.
Нарадзіўся 19 красавіка ў горадзе Полацку ў сям’і рабочага. Дзяцінства і юнацтва прайшло ў Віцебску. Скончыў Мінскі педагагічны тэхнікум.
У 1935 годзе Леаніда Прокшу прызываюць у Чырвоную армію, дзе ён будзе служыць ва ўзводзе лейтэнанта Івана Якубоўскага ў якасці яго памочніка. І тая дружба будучага маршала Савецкага Саюза і пісьменніка захаваецца на доўгія гады.
Пачатковую школу журналістыкі Леанід Прокша праходзіў у газеце «Віцебскі рабочы», а пасля ў газеце «Штандары вальносці», якая выходзіла у Мінску на польскай мове. У гады Вялікай Айчынай вайны быў ваенным журналістам. Яго гумарыстычныя апавяданні з’яўляліся ў часопісе «Фронт смеётся» побач з публікацыямі такіх вядомых пісьменнікаў, як Якуб Колас, Кандрат Крапіва і іншыя. Пасля адна з вайсковых гісторый стане асновай кнігі для дзяцей «Мальчик в больших башмаках».
Узнагароджаны ардэнамі Айчыннай вайны 1-й і 2-й ступеняў, Чырвонай Зоркі, медалямі і польскім Залатым крыжам заслугі.
Творчая біяграфія
Калі скончылася армейская служба, Леанід Прокша вярнуўся ў родную Беларусь і акунуўся ў літаратурную працу. Яго творы друкуюцца на старонках газет «Звязда» і «Літаратура і мастацтва», часопісаў «Полымя» і «Вожык» і інш. Тэмы для іх ён чэрпаў з самога жыцця. Сваім творчым крэда Леанід Прокша выбраў гумар. «Героі» яго гумарэсак, фельетонаў і памфлетаў — лайдакі і пустадомкі, п’яніцы і чыноўнікі — хапугі (зборнікі «Зося смяецца», «Самадзейнасць у ліфце» і іншыя).
Пэўны час пісьменнік працаваў рэдактарам газеты «Голас Радзімы». Камандзіроўкі ў многія замежныя краіны: Англію, Бельгію, Германію, Канаду – узбагацілі яго сур’ёзнымі назіраннямі і развагамі, якія аб’яднаюцца ў кнігах «Героі Алерона», «Па абодва баккі акіяна» і іншых.
У жніўні 1969 года Леанід Прокша быў прызначаны галоўным рэдактарам «Літаратуры і мастацтва».
Аўтар апавяданняў, нарысаў, кніг публіцыстыкі, раманаў. Выйшлі аповесці і для дзяцей «Хлопчык у вялікіх чаравіках» (1963), «Незвычайныя прыгоды хлопчыка Бульбінкі» (1973), «Стрэлы над ярам» (1974, 1979).
Пісьменнік і мазыршчына
Мазыршчына для Леаніда Прокшы — край дарагі і незабыўны. Тут загадчыкам Кустаўніцкай пачатковай школы пачынаў ён свой працоўны шлях (1931-1934).
Успаміны аб камсамольскай маладосці, падзеі, звязаныя з калектывізацыяй на Мазыршчыне, гісторыя кахання пісьменніка да дзяўчыны з Кустаўніцы, якая стала спадарожніцай яго жыцця, адлюстраваны у аповесці «Ці варта было жаніцца». І раней, да выхаду ў свет аповесці, Леанід Прокша так ці інакш звяртаўся да гэтага свайго перыяду жыцця ў нарысах, апавяданнях.
Праз даволі значны адрэзак часу, калі ў тых палескіх мясцінах, дзе пісьменнік настаўнічаў, пачынаецца будоўля Мазырскага нафтаперапрацоўчага завода, ён у чарговы раз вяртаецца ў часы маладосці, каб убачыць сваіх былых выхаванцаў і сяброў ужо ў выключна новых ўмовах.
У аповесці «За Добрыцай рэчкай» Леанід Прокша на дакументальнай аснове паказвае будаўніцтва гіганта на Палессі.
На пачатку свайго твора пісьменнік здзяйсняе своеасаблівы паэтычны экскурс у гісторыю Мазырскага краю.
З хваляваннем чытаюцца старонкі, прысвечаныя пуску першага катлаагрэгата і першай турбіны ЦЭЦ. Нямала на будоўлі працавітых людзей. Пра многіх з іх расказваецца ў аповесці. Аўтар піша пра цяжкасці, з якімі сустракаліся будаўнікі, паказвае, як яны пераадольваліся.
Вельмі сімвалічны малюнак на вокладцы кнігі: буслінае гняздо на фоне высакавольтных ліній электраперадач. Малюнак нібы напамінае: людзі, узводзячы заводы-гіганты, павінны дбайна аберагаць жывую прыроду.