Панчанка Пімен
105 гадоў з дня нараджэння
Чытайце кнігі Пімена Панчанкі ў нашых бібліятэкахПанчанка Пімен Емяльянавіч (1917-1995) — паэт, публіцыст, перакладчык, народны пісьменнік Беларусі, ганаровы акадэмік НАН Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1938 года. Лаўрэат Дзяржаўных і Літаратурных прэмій.
Нарадзіўся 23 жніўня 1917 года ў горадзе Таліне, куды бацькі выехалі на заробкі. Калі будучаму паэту было 4 гады, сям’я яго вярнулася на Беларусь. Скончыўшы педагагічныя курсы ў Бабруйску, настаўнічаў у Магілёўскай вобласці і адначасова вучыўся завочна на філалагічным факультэце Мінскага настаўніцкага інстытута. З 1934 настаўнічаў на Магілёўшчыне. З верасня 1939 да 1946 г. знаходзіўся ў Чырвонай Арміі: быў спецыяльным карэспандэнтам у армейскіх і франтавых газетах, прымаў удзел у баях на Бранскім, Заходнім, Калінінскім, Паўночна-Заходнім франтах. У 1944-1945 гг. з часцямі Чырвонай Арміі знаходзіўся ў Іране. Пасля вайны працаваў у рэдакцыях часопіса «Вожык», газеты «Літаратура і Мастацтва», часопіса «Маладосць».
У 1958 годзе як член дэлегацыі БССР удзельнічаў у рабоце XIII сесіі Генеральнай Асамблеі ААН. Быў старшынёй Рэспубліканскага камітэта абарону міру. З 1972 года на творчай рабоце.
Творчая біяграфія
Творчая біяграфія Пімена Панчанкі пачалася яшчэ ў даваенны час. Першыя яго вершы «Ураджайнае» і «Моладзі» надрукаваны ў альманаху «Ударнікі» (1934). У 1938 годзе выходзіць першы зборнік «Упэўненасць», другі — «Вераснёвыя сцягі» — у 1940. Тэматычна першыя творы Панчанкі надзвычай лірычныя, звязаны з вёскай, каханнем, роднай прыродай.
Асабліва глыбока раскрыўся талент Панчанкі ў дні Вялікай Айчыннай вайны. Выявілася свая адметная манера пісьма. Яго вершы ваеннага часу носяць спавядальны характар. На першым плане — сыноўскі боль, а побач — жорсткасць і нянавісць да ворага. У зборніках «Тебе, Беларусь!» (1942), «Дарога вайны» (1943), «Далёкія станцыі» (1945) горыч растання з Беларуссю, вера ў яе вызваленне, героіка народнага змагання. Яго патрыятычная, часам трагічная або сатырычная паэзія падтрымлівала веру людзей у перамогу над ворагам.
У зборніках «Гарачыя вятры» (1947), «Вершы» (1948), «Прысяга» (1949), «За шчасце, за мір!» (1950) тэма мірнай працы, памяць вайны, услаўленне працоўнага энтузіязму. Сведчаннем творчай сталасці з’яўляюцца зборнікі «Пры святле маланак» (1966, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Я.Купалы 1968), «Снежань» (1972), «Крык сойкі» (1976), «Вячэрні цягнік» (1977), «Дзе начуе жаўранак» (1983, Дзяржаўная прэмія СССР 1981) і інш. Нямала радкоў прысвяціў пісьменнік роднай мове, прыгажосці і духоўнай вартасці беларускага слова.
Аўтар лірычных паэм «Беластоцкія вітрыны» (1940), «Патрыятычная песня» (1957, Літаратурная прэмія імя Я.Купалы 1959) і інш. Выступаў і як крытык.