Лукша Валянцін
85 гадоў з дня нараджэння
Чытайце кнігі Валянціна Лукшы ў нашых бібліятэкахЛукша Валянцін Антонавіч (1937-2012) — паэт, драматург, публіцыст. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1978 года.
Нарадзіўся 16 лістапада 1937 года ў г. Полацку. Скончыў Полацкі лясны тэхнікум і аддзяленне друку Вышэйшай партыйнай школы.
Працаваў у мясцовых і рэспубліканскіх СМІ — ад літсупрацоўніка раённай газеты да галоўнага рэдактара Дзяржтэлерадыё. У 1980-1998 гг. — дырэктар выдавецтва «Юнацтва».
Творчая біяграфія
Першыя вершы надрукаваў у 1956 годзе. Першы зборнік «Гарады нараджаюцца сёння» пабачыў свет у 1964 годзе. Аўтар шматлікіх кніг вершаў і паэм для дарослага чытача — «Атава», «Споведзь», «Агні далёкіх гарадоў», «Батлейка», «Покліч лёсу». У 2006 годзе выйшла кніга «І родны дом, і цэлы свет», у якую ўвайшлі лепшыя творы, напісаныя амаль за 50 гадоў творчай дзейнасці паэта. Асноўныя матывы яго паэзіі — расказ пра моладзь, мінулае і сённяшняе роднага краю, карціны побыту краін, дзе пабываў сам.
Пісаў таксама для дзяцей. Выданы зборнікі вершаў і казак «Зялёная бальніца», «Крылаты цэх», «Чароўны камень», «Лебядзіная вернасць», «Дзень-залацень» і інш. Творы паэта для юных чатачоў пазначаны пільнай назіральнасцю, сакавітасцю мовы, тонкім гумарам. Яны вучаць дабрыні, павазе да старэйшых і любові да Бацькаўшчыны.
Прыцягальная сіла дзіцячых вершаў Лукшы ў тым, што ён яшчэ выступае ў ролі займальнага апавядальніка: кожны твор яго — гэта цікавае падарожжа ў свет нязнанага, таямніц прыроды. Ён умеў у звычайным, знаёмым — у раслінах, птушках, звярах — адкрыць дзецям сапраўдны цуд, неназойліва прывучаў любіць і берагчы ўсё жывое на зямлі.
Кнігі і асобныя творы Валянціна Лукшы перакладзены больш чым на дваццаць моў народаў свету. Многія вершы пакладзены на музыку беларускімі кампазітарамі, сталі папулярнымі песнямі. Напісаў лібрэта радыёоперы К. Цесакова «Барвовы золак» паводле «Палескай хронікі» І. Мележа.
Аўтар шэрагу п’ес і інсцэніровак — «Калі вяртаюцца буслы», «Пад шыфрам «Зорачка» і інш.
Лаўрэат Літаратурнай прэміі імя Петруся Броўкі, Дзержаўнай прэміі Рэспублікі Беларусь.
Слухаць песню:
Виктор Вуячич "Бригантины" (И.Лученок - В.Лукша) - YouTube [Электронный ресурс]. – Режим доступа: https://www.youtube.com/watch?v=FofRwZSre6Y. - Заглавие с экрана.