Лукша Валянцін
Анатаваны спіс
Лукша, В. Батлейка : вершы і казкі / Валянцін Лукша. – Мінск : Юнацтва, 1993. – 318 с. : іл.
Вершы са зборніка
Сляды
Хвалююча
I радасна вяртацца
На сцежкі хутканогага юнацтва.
Заўжды вяртанне неабходна нам,
Нібы прычал стамлёным караблям.
Бо перад тым,
Як зноў пайсці наперад,
Ты сілы ўзважыш
I маршруты зверыш.
Душой збалелай цягне
У тайгу,
Дзе, думаў, след мой
Стыне ў мурагу.
Дзе, думаў,
Свае сцежкі да Тыная
У балатах закінутых пазнаю.
О дзіва!
Дзе былі мае сляды —
Цяпер гукаюць
Дзіва-гарады!..
Задумайся прад мараю высокай —
Ці шмат зрабіў ты
Непатрэбных крокаў?!.
Любіце родныя лясы
Калі ў дарозе, стомлены дазвання,
Шукаеш адпачынак і спакой,
Прыйдзі у лес гаючы на світанні —
Ён тваю стому зніме як рукой.
Як казку велічнай красы
Любіце родныя лясы.
Калі на сэрцы стане неспакойна
I сум бярэ уладу над табой,
Прыйдзі у лес вячэрняю парою —
Ён неспакой твой зніме як рукой.
Як казку велічнай красы
Любіце родныя лясы.
Калі у мэрах светлыя турботы,
Пра ўзлёты дбаеш шчыраю душой,
Прыйдзі у лес вячысты, ён ахвотна
Цябе акрыліць шчодрасцю сваёй.
Як казку велічнай красы
Любіце родныя лясы.
Спрадвеку дзелім страты і удачы
3 зялёным другам — існасцю зямной.
За ўдзячнасць адплаці яму гарачай
Любоўю і прыхільнасцю людской.
Як казку велічнай красы
Любіце родныя лясы.
Лукша, В. Дзень-залацень : вершы, казкі / Валянцін Лукша. – Мінск : Літаратура і Мастацтва, 2012. – 128 с. : іл..
Вершы са зборніка
Чытач
Хоць і не маю поўных шэсць гадкоў,
Над кніжкамі стракатымі пацею.
Бібліятэкар запытала зноў:
— Скажы нам, хлопчык,
Ты чытаць умееш?..
І крыўдна стала мне тады да слёз.
Ды слёзы па-мужчынску я стрымаю.
З сабой дахаты тузін кніг панёс —
Да раніцы усе перачытаю.
А толькі свет — за новымі пайду.
Няхай мяне да новых кніг дапусцяць…
Назаўтра ж,
На вялікую бяду,
Праспаў я моцна да паўдня чамусці.
Пратэст
Гаварылі мама з татам,
Што за добры вынік года
Будзе радасці багата —
Будзе мне узнагарода.
Школу скончыў я прыстойна,
Атрымаў падзяку нават,
А ў кватэры ўсё спакойна —
Не адзначаны па праву.
Падказаць бацькам мне, можа,
Каб пра доўг не забывалі
І на цэлых сто марожаных
Мне наяўнымі паклалі.
Я б усім сябрам у класе
Смакату раздаў пароўну,
Ну, а прыгажуні Насці
Два б падсунуў,
Безумоўна.
Выкажу пратэст свой лоўка,
Усё дакладна сфармулюю,
Што інакш праз галадоўку
Прэмію запатрабую.
Лукша, В. І родны дом, і цэлы свет : паэзія / Валянцін Лукша. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. – 254 с. – (Беларуская паэзія ХХ стагоддзя).
Вершы са зборніка
Вучыў Скарына…
Казаў Скарына: у навуках вольных
І ў творчасці каб поспех атрымаць,
Ты заручыўся з прагай неспатольнай —
Чытаць!
Каб граматай валодаць дасканала,
Каб годна і дакладна напісаць,
Табе самім жыццём наканавана —
Чытачь!
Каб з логікай было ўсё складам-ладам,
Каб мог вузлы жыццёвыя звязаць,
Табе патрэбна, нібы лёд Калядам, —
Чытаць!
Каб з красамоўства крочыць шляхам верным,
Згрызотаў нажаданых не спазнаць,
Патрэбна чалавеку, як паветра, —
Чытыць!
Чытыць!
Чытыць!..
Бульба для Пушкіна
Паэт губляць і хвілі не хацеў —
На лёс ускладваў шчодрыя надзеі.
Нібыта маг,
Настойліва карпеў
Над белаплынным аркушам паперы.
І словы,
Быццам птушкі у сіло,
Надзейна
У яго сіло траплялі,
Верш узнімаўся крута на крыло
І адлятаў у прывідную далеч.
У госці зацягнуць ніхто не мог
Паэта,
Калі печанаю бульбай
Не патыхне прыветлівы парог,
Саган,
Надзьмуты, нібы новы бубен.
Густ вывучыць сястра змагла яго.
Да бульбы гатавала журавіны,
І мочаныя яблыкі гарой
Заўсёды аздаблялі стол гасцінны.
Удзячна вочы ён падняў.
І вось
Румяная марошка выплывае…
Прыжмурваецца з асалодай госць
І келых з залатым віном кранае…
Усё гэта называў ён смакатой,
Не мог ад пачастункаў адарвацца,
Каб смак адметнай рускай ежы той
Змог назаўсёды ў памяці застацца.
Лукша, В. Лебядзіная вернасць : выбраныя творы у 2 кн. Кн. 1 : Вершы, казкi, пераказы / Валянцін Лукша. – Мінск : Юнацтва, 1997. – 271 с. : іл.
Самы каштоўны плод
(казка)
На схіле веку пагукаў стары
Сыноў у хату і загаварыў:
— Вось перад вамі золата мяшок —
Усё,
Што зарабіць рупліва змог.
Сабе вазьміце золата
I з богам
Збірайцеся у дальнюю дарогу.
Хто плод каштоўны самы прынясе,
Таму аддам адразу грошы ўсе.
Хай жэніцца,
Хай пабудуе дом,
Каўтае шчасце існае нагбом.
Сыны ўзялі па прыгаршчы манет,
Каб абысці з наказам белы свет.
Над галавою —
Зорак карагод.
Дзе адшукаць каштоўны самы плод?..
Старэйшы сын прыйшоў праз тры гады.
Каштоўны самы плод ці выбраў ты? —
Пытае бацька.
— Так! —
Сын кажа прама, —
Плод найкаштоўны —
Ён салодкі самы.
Няхай жа прынясе табе ён радасць…
Паклаў на стол ён гронку вінаграду.
— Выдатны плод ты падарыў, сынок…
А ты, сярэдні сын,
Знайсці што змог?
— Пабачыць давялося шмат мне свету.
Каштоўны самы плод,
Што самы рэдкі,
Какосавы арэх табе прынёс,
Бананы,
I хурму,
I абрыкос…
Ты выберы сабе па густу, тата, —
Няхай жа прынясе табе ён радасць.
— Выдатныя плады прынёс, сынок…
А сын малодшы,
Што знайсці ты змог?
Няўжо была твая дарога крукам,
Во бачу у цябе пустыя рукі…
— Так, тата,
У мяне пустыя рукі,
Ды не была мая дарога крукам.
I грошы я пусціў не на плады,
А правучыўся цэлых тры гады.
Мае плады —
У розуме і сэрцы,
I гэта даражэй за ўсё,
Паверце…
Расчуліўся стары,
Сказаў:
— Сынок,
Ты лепшыя плады прынесці змог.
Во чалавек заўжды павінен ведаць:
Няма пладоў каштоўнейшых, чым веды.
Лукша, В. Як Ліса вучылася лётаць : казкі, пераклады / Валянцін Лукша. – Мінск : Юнацтва, 1991. – 222 с. : іл.
Жабрак і шчасце
(урывак)
Увечары ішоў
Дамоў
Жабрак
I лёс свой праклінаў
I так, і сяк:
— Няма на свеце шчасця!
Не відно…
Чаму мне не сустрэнецца
Яно?..
Пачула Шчасце
Горкія праклёны,
Прыйшло да Жабрака
Вясной зялёнай:
— Я —
Тваё шчасце.
Смела кроч за мной.
Ў руках,
Дзівак,
Ты лёс трымаеш свой.
I Шчасце
Жабрака ўзняло ў паднеб’е,
Ціхутка апусціла там,
Дзе трэба,
I,
Стаўшы
Ля закінутай пячоры,
Сказала:
— Там, Жабрак,
Багацця горы…
Вазьмі сабе што хочаш.
Ды,
Вядома,
Каб здолеў ты
Данесці ўсё дадому.
Не сквапнічай,
Мяшок апусціш долу —
I зноўку будзеш,
Як калена,
Голы…
I знікла.
А Жабрак у той пячоры
Знайшоў багаццяў
Казачныя горы.
Разбегліся у бедалагі
Вочы —
Усё забраць
У мех жабрацкі хоча…