Янка Купала і Мазыршчына
У Беларусі мноства геаграфічных аб’ектаў і ўстаноў носяць імя Янкі Купалы. У г. Мазыры імем паэта названы гімназія і адна з вуліц.
У Нацыянальным архіве Рэспублікі Беларусь захоўваюцца звесткі аб тым, што ў 1925 годзе, адзначаючы вялікую заслугу Янкі Купалы ў справе развіцця беларускай літаратуры і з нагоды яго 30-гадовай літаратурнай дзейнасці, педагагічны савет трэцяй Мазырскай сямігадовай школы прыняў пастанову аб прысваенні школе імя Янкі Купалы. У сувязі з гэтым настаўнікі звярнуліся з пісьмом да паэта, дзе прасілі даць згоду, каб школа насіла яго імя.
2 лютага 1926 года Янка Купала пісаў: «Калі нічога Наркомасветы не мае проціў наіменавання маім імем школы, я згаджаюся. Я. Купала». Пастановай Наркома асветы БССР ад 31 мая 1926 года трэцяй Мазырскай школе надаецца імя Янкі Купалы.
Крыніца: Спасянкова, К. З гісторыі Мазырскай школы № 3 / К. Спасянкова // Камуніст Палесся. – 1965. – 4 снежня. – С. 4.
Мазырскі драматычны тэатр імя Івана Мележа
Значнай падзеяй для Мазырскага народнага тэатра (сёння — драматычны тэатр імя Івана Мележа) стала пастаноўка «Раскіданага гнязда» па п’есе Янкі Купалы (рэжысёр М. Колас). Спектакль у пастаноўцы гэтага тэатра быў паказаны ў Маскве на заключным туры Усесаюзнага агляду народнага тэатра (1967) і атрымаў высокую ацэнку. Быў адзначаны дыпломам 1-й ступені, выканаўцы ўзнагароджаны залатымі і сярэбранымі медалямі.
У 1972 тэатр паставіў сцэнічную кампазіцыю паводле вершаў Купалы, у 1982 — п’есу «Паўлінка».
Крыніца: Янка Купала : энцыклапедычны даведнік / рэдкал. : І. П. Шамякін (гал. рэд.) і інш. – Мінск : БелСЭ, 1986. – С. 372, 526.