Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Купала Янка

Анатаваны спіс

Збор

Купала, Я. Поўны збор твораў : у 9 т. / Янка Купала. – Мінск : Маст. лiт., 1995-2003.

Песня

Купала, Я. Адвечная песня : вершы і паэмы / Янка Купала. – Мінск : Маст. лiт., 2001. – 351 с. – (Школьная бібліятэка).

Вершы са зборніка

Я не паэта
Я не паэта, о крый мяне Божа!
Не рвуся я к славе гэткай німала,
Хоць песеньку-думку і высную можа,
Завуся я толькі — Янка Купала.

Славу паэтаў разносяць па свеце,
Вянкі ўскладаюць і звоняць пахвалай
, Я ж ціха йграю, хто ж ціхіх прымеце?
Ат! ведама, з вёскі — Янка Купала!

Кожны край мае тых, што апяваюць,
Чым ёсць для народа ўпадак і хвала,
А беларусы нікога ж не маюць,
Няхай жа хоць будзе Янка Купала.

Доляй убогі, ён ціхі, нясмелы,
Бяда, яго маці, узгадавала,
Слёзы пагарды п’е толькі век цэлы,
От, ведама, просты Янка Купала.

Песні пачаў пець той мовай убогай,
Якой пагарджаюць горка, нядбала,
Пэўна і песняў счураюцца многа,
От, ведама, здумаў Янка Купала.

Шчасце так рэдка над светам усходзе;
Усё ж досыць бывае меці хоць мала, —
Долю каб бачыў у родным народзе,
А быў бы шчаслівы Янка Купала.

Эт, з часам людзі ўпадаюць на сіле,
Смерць скосе, глядзі — і больш крыжам стала;
Нехта спытае: хто ў гэтай магіле?
А напіс пакажа: Янка Купала.
Роднае слова
Магутнае слова, ты, роднае слова!
Са мной ты на яве і ў сне;
Душу мне затрэсла пагудкаю новай,
Ты песень наўчыла мяне.

Бяссмертнае слова, ты, роднае слова!
Ты крыўды, няпраўды змагло;
Хоць гналі цябе, накладалі аковы,
Дый дарма: жывеш, як жыло!

Свабоднае слова, ты, роднае слова!
Зайграй ты смялей, весялей!
Хоць гадзіны сыкаюць, кружацца совы,
Жывеш ты на хвалу людзей.

Загнанае слова, ты, роднае слова!
Грымі ж над радзімай зямлёй:
Што родная мова, хоць бедная мова,
Мілей найбагатшай чужой!
Курган

[зборнік : у 2 т.] / Янка Купала ; [укладальнік В. Шніп ; прадмова І. Саверчанкі]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2021.

[Т.] 1: Вершы. – 317, [1] с. : партр.

[Т.] 2: Паэмы. П’еса. – 284, [2] с. : партр.

Урывак з паэмы «Курган»

І
Паміж пустак, балот беларускай зямлі,
На ўзбярэжжы ракі шумнацечнай,
Дрэмле памятка дзён, што ў нябыт уцяклі, —
Ўдзірванелы курган векавечны.

Дуб галлё распусціў каранасты над ім,
Сухазелле у грудзі ўпілося;
Вецер стогне над ім уздыханнем глухім, —
Аб мінуўшчыне ў жальбах галосе.

На Купалле там птушка садзіцца, пяе,
У Піліпаўку воўк нема вые;
Сонца днём распускае там косы свае,
Ночкай зоры глядзяць залатыя.

Хмары неба ўсцілалі мо тысячу раз,
Перуны білі з краю да краю,
Ён стаіць — гэта памяць людская, паказ…
Толькі гутарка ходзіць такая.
ІІ
На гары на крутой, на абвітай ракой,
Лет назад таму сотня ці болей,
Белы хорам стаяў, недаступнай сцяной
Грозна, думна глядзеў на прыволле.

У нагах у яго рассцілаўся абшар
Хвоек гонкіх і пахані чорнай,
Сонных вёсак шары, хат амшалых, як мар,
Хат з сям’ёй душ падданых, пакорных.

Князь у хораме жыў, слаўны свету ўсяму,
Недаступны і грозны, як хорам;
Хто хацеў, не хацеў — біў паклоны яму,
Спуску, ласкі не знаў непакорам.

Зневажаў, катаваў ён з дружынай сваей;
Стражы князевы — ў полі і дома,
Толькі модлы раслі небу ў сэрцах людзей,
І пракляцце расло пакрыёма.
ІІІ
Раз бяседа вялікая ў князя была:
На пасад дачку княжну садзілі;
За сталом він заморскіх крыніца цякла,
Бегла музыка ўкруг на паўмілі.

На вяселле-разгул наплыло, як на сход,
Госці знатных зусюль, за паўсвету,
Гэткай гучнай бяседы не помніў народ,
Гэткіх скарбаў, брыльянтаў, саетаў!..

Дзень, другі ўжо грымела у князя гульня,
І музыкі, і чаркі звінелі;
Выдумлялі забаў новых кожнага дня;
Што хацелі — ўсяго госці мелі.

Ажно трэцяга дня князь прыдумаў адну
Для дружыны пацеху-забаву:
Загадаў ён пазваць гусляра-старыну,
Гусляра з яго ведамай славай…
Успаміны

Купала, Я. Для тых, якіх люблю : успаміны, эсэ, вершы, паэмы, п’еса / Янка Купала. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2017. – 318 с. : іл.

З успамінаў Леакадзіі Раманоўскай
(сястры паэта)

Ясь і кніжкі

Яшчэ ў Прудзішчах, памятаю, Ясь вельмі любіў чытаць. Кніжак сваіх у нас не было. I Ясь пазычаў іх у суседзяў па ўсёй ваколіцы.

Калі Ясю споўнілася гадоў трынаццаць, ён пачаў сам выпісваць газеты і часопісы. Якія газеты ён выпісваў я не памятаю, а з часопісаў — «Родину». Колькі яму, беднаму, прыйшлося пахадзіць за бацькам, пакуль той даў яму грошай на газеты. Ясь пачаў вельмі старанна выконваць усё, што загадваў бацька па гаспадарцы, каб «выслужыць» грошы.

Удзень чытаць яму не было часу, бо трэба было працаваць на гаспадарцы. Ясь чытаў увечары і ўночы. Чытаў пры лямпе, пры лучыне, на начлезе пры вогнішчы. Сядзе, бывала, вечарам за кнігу, а яго пачынаюць гнаць спаць:

— Кідай сваё чытанне. Няма чаго вачэй сляпіць і дарэмна газу паліць.

Патушаць лямпу, а ён прыстасуе лучыну, прыладзіцца і чытае. У святочныя дні, улетку, ён зранку браў кнігу і на цэлы дзень сыходзіў у лес. Кніжцы ён аддаваў кожную вольную хвіліну. Што б ні рабіў — заўсёды пры сабе меў кніжку.

Пашле бацька яго пасвіць, а праз некаторы час пасылае каторую з нас да яго:

— Збегай, паглядзі, што там Ясь робіць. Зачытаецца, вядома, а скаціна ў шкоду зойдзе.

Я з ахвотай бегала да Яся. Прыбягу… бачу — Ясь чытае, а коні ў збажыне. Я адганю коней і пайду дадому, а ён, бывала, і не заўважыць, што я прыходзіла.

Ясева навука

Вучыўся ён у выпадковых дарэктараў. Такое навучанне яго не задавальняла. Ён пачаў прасіць бацькоў паслаць яго ў школу. I вось бацькі паслалі яго вучыцца ў Бяларуцкае народнае вучылішча. Скончыў Ясь вучылішча за адну зіму. Ён многа чытаў і таму ведаў шмат больш, чым патрабавалася праграмай.

Ясь быў нашым першым і адзіным настаўнікам. Ён навучыў нас грамаце. За стол садзіліся ўсе дзеці — і большыя, і меншыя. Я, Маня і Анця вучыліся грамаце, а меншыя — Казя, Сабіна і Гэля — былі толькі слухачамі. Ясь вучыў чытаць нас па-руску і па-польску. Вучыў рашаць і задачкі. Самым цяжкім для нас была табліца множання. Ясь патрабаваў гаварыць табліцу без затрымкі. Пачнеш запінацца, прымусіць пачаць спачатку.

Часамі да стала падсядаў і бацька. Ён трохі чытаў па-польску, умеў складаць, адымаць, множыць, але ніяк не мог зразумець дзялення. Ясь пачынаў яму тлумачыць. I мы свае веды хочам паказаць. Усе захапляемся… Шумна робіцца ў хаце, весела. Ясь з запалам нешта даводзіць бацьку, а мы пачынаем дурэць, смяяцца, не абыходзіцца і без плачу. Нарэшце ўмешваецца мама ў нашу навуку і разганяе ўсіх спаць.

К вясне я і Маня даволі добра чыталі і пісалі. 3 гэтай Ясевай навукай мы і жыццё сваё пражываем…

Ясь вельмі хацеў вучыцца далей. Ён прасіў бацьку паслаць яго вучыцца ў Мінск. Якраз у гэты час здароўе бацькі пагоршылася. Ён хацеў бачыць Яся сваім памочнікам па гаспадарцы.

— Для гаспадара хопіць і тае навукі, што маеш, — казаў бацька.

У суседні фальварак на лета прыехаў студэнт Самойла. Ясь з ім пазнаёміўся. 3 сумам расказаў ён новаму сябру аб сваім жаданні вучыцца.

Самойла ўзяўся падрыхтоўваць Яся ў рэальнае вучылішча. Усё лета начамі Ясь сядзеў за кнігамі.

Увосень Самойла паведаміў Ясю, што дырэктар Мінскага рэальнага вучылішча (бацька Самойлы) згодзен прыняць яго ў вучылішча без іспытаў. Як ні прасіў Ясь паслаць яго вучыцца, нічога не выйшла. Бацька не пусціў. Гэта зрабіла на Яся вельмі цяжкае ўражанне.

Куток

Купала, Я. З кутка жаданняў : вершы, паэмы, п’есы / Янка Купала. – Мінск : Маст. лiт., 2013. – 445 с. – (Школьная бібліятэка).

Верш са зборніка

Спадчына
Ад прадзедаў спакон вякоў
Мне засталася спадчына;
Паміж сваіх і чужакоў
Яна мне ласкай матчынай.

Аб ёй мне баюць казкі-сны
Вясеннія праталіны,
І лесу шэлест верасны,
І ў полі дуб апалены.

Аб ёй мне будзіць успамін
На ліпе бусел клёкатам
І той стары амшалы тын,
Што лёг ля вёсак покатам;

І тое нуднае ягнят
Бляянне-зоў на пасьбішчы,
І крык вароніных грамад
На могілкавым кладзьбішчы.

І ў белы дзень, і ў чорну ноч
Я ўсцяж раблю агледзіны,
Ці гэты скарб не збрыў дзе проч,
Ці трутнем ён не з’едзены.

Нашу яго ў жывой душы,
Як вечны светач-полымя,
Што сярод цемры і глушы
Мне свеціць між вандоламі.

Жыве з ім дум маіх сям’я
І сніць з ім сны нязводныя…
Завецца ж спадчына мая
Ўсяго Старонкай Роднаю.
Лірыка

Купала, Я. Лірыка / Янка Купала. – Мінск : Юнацтва, 1981. – 239 с. – (Школьная бібліятэка).

Верш са зборніка

Абнімі…
Абнімі ты мяне, маладая,
Абніманнем гарачым, агністым,
Дый памчымся ад краю да краю
Вольнай думкай па свеце цярністым.

Ў дзень вясёлы мы сонцам пякучым
Заіскрымся ў нябесным прасторы,
3 ветрам-сокалам душы заручым,
Ў пушчу-лес упляцём загаворы.

Ўночы сумнаю зоркаю глянем
На сады, на амшэлыя хаты;
Чары-сон навядзём заклінаннем,
Вышлем росы брыльянтныя ў сваты…

Узалоцімся ў светлыя слёзы,
Ў слёзы-іскры забраных загонаў;
Снегам-пухам зардзімся ў марозы,
Ўлетку кветкай зайграем чырвонай.

Адну песню дзень, ночка хай грае
Нам, сіротам, па свеце цярністым…
Абнімі ты мяне, маладая,
Абніманнем гарачым, агністым.
Малітва

Купала, Я. Мая малітва : вершы, паэмы / Янка Купала. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. – 95 с. – (Бібліятэка школьніка).

Вершы са зборніка

Не шукай
Не шукай ты шчасця, долі
На чужым, далёкім полі,
Гэт, за шумным лесам-борам,
За шырокім сінім морам
Не шукай ты шчасця, долі!

Ты ўсё знойдзеш гэта блізка,
Там, дзе маці над калыскай
Табе песні напявала,
Як малога калыхала,
Толькі ўмей шукаці блізка!
Не шукай сабе дружакаў
Між чужынцаў, між піяўкаў,
Ні у месцы, ні ў палацы,
Ні пры лёгкай панскай працы, —
Не шукай ты там дружакаў!

Ты іх знойдзеш вельмі блізка,
Каля хаты, каля нізкай,
Дзе ганяў жывёлу змалку,
Дзе касой махаў на ранку,
Толькі ўмей шукаці блізка!
Не шукай сабе, мой братку,
З ветрам Бацькаўшчыну-матку
Ні на сушы, ні на моры,
Ні у шчасці, ні у горы,
Не шукай яе там, братку!

Яе знойдзеш вельмі блізка, Як знаходзіць лес вятрыска, Толькі ў сэрца глянь сваё ты І ў душу заглянь з ахвотай, Знойдзеш Бацькаўшчыну блізка!
Хлопчык і лётчык
Мой мілы таварыш, мой лётчык,
Вазьмі ты з сабою мяне!
Я — ведай — вялікі ўжо хлопчык
І ўмею ўжо лётаць у сне.

Мне мама сягоння казала,
Што стукнула мне ўжо сем год,
Табе гэта, можа, і мала,
А мне ляцець толькі ў палёт.

Мне ўжо надакучыла дома —
Ў дзіцячы хадзі адно сад,
А так паглядзеў бы, вядома,
На іншы парадак і лад.

Вазьмі ж мяне, лётчык, хачу я
Пабыць у людзях, паглядзець,
Як месяц на небе начуе,
Як блукае ў лесе мядзведзь,

Як свецяцца ночкаю зоры,
А днём не відаць іх чаму,
Як рэчкі ў далёкія моры
Улетку плывуць і ўзіму.

На моры зірнуць хоць раз вокам,
Як ходзяць па іх караблі,
Ляцеці далёка, высока
Ды так пабываць і ў Крамлі…

Вось гэтак у добрым здароўі
Мы будзем ляцець і ляцець.
Вазьмі ж мяне, лётчык, з сабою,
Не будзеш ты клопату мець!
Паўлінка

Купала, Я. Паўлінка : камедыя ў 2 актах / Янка Купала. – Мінск : Маст. лiт., 2006. – 63 с.

Поэмы

Купала, Я. Паэмы / Янка Купала ; мастак В. П. Шаранговіч. – Мінск : Маст. лiт., 1978. – 221 с.

П’есы

Купала, Я. П’есы, пераклады / Янка Купала. – Мінск : Юнацтва, 1992. – 303 с. – (Школьная бібліятэка).

П’есы

Купала, Я. П’есы. Публіцыстыка. Янка Купала пра сябе / Янка Купала. – Мінск : Кніга, 2002. – 528 с. : іл. – (Народная бібліятэка).

Зара

Купала, Я. Расцвіла непагаслай зарой / Янка Купала. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2016. – 254 с.

Санеты

Купала, Я. Санеты : на бел., англ., ісп., ням., пол., рус., укр., фр. мовах / Янка Купала. – Мінск : Маст. літ., 2002. – 271 с. : іл.

Спадчына

Купала, Я. Спадчына : [вершы ; рэпрынтнае выданне] / Янка Купала. – Мінск : Маст. лiт., 1992. – 221 с.

Тут

Купала, Я. Тутэйшыя : трагічна-смяшлівыя сцэны ў 4-х дзеях / Янка Купала. – Мінск : Маст. лiт., 2006. – 94 с. : іл.

Явар

Купала, Я. Явар і каліна : паэзія кахання / Янка Купала. – Мінск : Юнацтва, 2000. – 218 с.

Агучаная літаратура

Купала, Я. Паўлінка [Электронны рэсурс] : камедыя ; Тутэйшыя : трагікамедыя / Янка Купала. – Мінск : Маст літ., 2013. – 1 электрон. апт. дыск (CD) с. – (Школьная бібліятэка).

Вверх