Сцяпан Кухараў
105 гадоў з дня нараджэння
Чытайце кнігі Сцяпана Кухарава ў нашых бібліятэкахСцяпан Іванавіч Кухараў (1919-2011) — пісьменнік, нарысіст. Заслужаны работнік культуры Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1972 года.
Нарадзіўся 31 ліпеня ў вёсцы Стайкі Краснапольскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і.
У 1939 годзе скончыў Гомельскае педагагічнае вучылішча. Да жніўня 1941 года працаваў выкладчыкам беларускай мовы і літаратуры Горскай сярэдняй школы Краснапольскага раёна.
Сцяпан Кухараў — воін-франтавік. З 1942 года — партызанскі сувязны, з 1943 — на фронце. Баявое хрышчэнне прыняў пад Бранскам. Прайшоў баявы шлях ад Беларусі да Берліна. Дэмабілізаваны ў 1945 годзе.
У 1946-1950 гадах быў літсупрацоўнікам, загадчыкам аддзела рэдакцыі газеты «Чырвоная змена». У 1950 годзе скончыў завочнае аддзяленне Мінскага педагагічнага інстытута. Працаваў у рэдакцыях газет «Мінская праўда», «Рудзенская праўда», «Настаўніцкая газета». Асаблівы плён прыносіць яму праца загадчыкам аддзела нарыса і публіцыстыкі часопіса «Маладосць», якому ён аддаў чверць стагоддзя.
Узнагароджаны ордэнамі Чырвонай Зоркі, Айчыннай вайны I ступені і медалямі.
Творчая біяграфія
Першы артыкул апублікаваў у краснапольскай раённай газеце «Чырвоны сцяг» у 1934 годзе. Выйшлі зборнікі нарысаў і апавяданняў «Незабыўныя сустрэчы» (1959), «Людзі крылатага ўзросту» (1961), «Ад вашага карэспанданта» (1966), «Жыццё-легенда» (1971), «Светлая пара» (1978), «Суніцы для сына» (1986), «Сцішанае поле» (1986), «Зоркі-незабудкі» (1992).
Творы прысвечаны пераважна беларускай вёсцы, пры тым ён малюе вёску такой, якой ведае. Аўтар аповесці «Бацькавічы». Твор хаця і не дакументальны, але ў ім рэальная аснова. Бацькавічы — звычайная вёска на ўсходзе Магілёўшчыны. Гэты твор пра родныя мясціны пісьменніка, пра землякоў і іх жыццёвыя прыгоды, іншы раз смешныя, іншы раз драматычныя, напярэдадні і ў час Вялікай Айчыннай вайны.
Юныя героі кнігі «Зоркі-незабудкі» таксама рэальныя, нявыдуманыя. Іх баявые справы можна без перабольшвання назваць подзвігам. Захапляе бясстрашша хлопцаў з вёскі Дукора, якія загінулі, абараняючы родную Беларусь. Уражваюць лёсы партызанскіх падраўнікоў і разведчыкаў. Нарысы «Неўміручасць» і «Самая юная» — яшчэ адзін радок у гераічны летапіс абароны Брэсцкай крэпасці.