Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Сцяпан Кухараў

Анатаваны спіс

Бацькавічы

Кухараў, С. Бацькавічы : аповесць / Сцяпан Кухараў ; [паслясл. В. Мыслівец]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1980. – 288 с. : іл.

Урывак з аповесці

Дамоў, у Бацькавічы, я прыехаў перад сёмухай. Тутэйшыя, хто за ўсё жыццё нікуды з сяла не адлучаўся называюць сёмуху — духа. «Духа — ета вясёлае свята: можна і паскакаць і пакуміцца…», «На духа ў Горках дужа бальшыя базары збіраюцца…».

Як здавён вядзецца, ужо ў суботу ва ўсіх хатах мыецца і шаруецца падлога, падмятаюцца падворкі. Покуці і вокны прыбіраюцца свежымі, адбеленымі ручнікамі і набожнікамі, ложкі засцілаюцца сваёй работай, з вясёлкавымі пералівамі коўдрамі—посцілкамі; столь уквечваецца галінкамі клёну, арабіны і ясеню; галінкі бярозы, сцяблы аеру раскідваюцца па падлозе. Веснічкі і ганачкі так жа ў зядёнай аздобе. Уся гэтая ўкраса зелянінай называецца — май.

Бярозкі яшчэ з кволымі, сакаўнымі лісточкамі і ружова—клейкімі сярожкамі—завушніцамі з недалёкага ляска — Крывалесся — зіхацяць перад кожнай хатай. Перад святам падлеткі робяць па некалькі рэйсаў у лясок па зеляніну, якая набрала ўжо моцы, і ўсё Крывалессе аж свеціцца, пераліваючыся на сонцы; лапушыцца кустоўе арэшніку; маладыя вольхі, асінкі красуюцца на палянах, нібы выхваляючыся перад прыгажунямі бярозкамі і веселунамі клёнамі. Для вясковых свавольнікаў было найвялікшай радасцю дыбаць дамоў з поўнымі бярэмамі пахучага зялёнага вецця, перацягнутага па самай сярэдзіне вяроучынай. Кожны стараўся набраць сабе лепшага вецця-маю ды яшчэ вырваць з каранямі пару бярозак, каб заадно і аздобіць сядзібу. Бярозкі садзіліся перад домам, перад вулічнымі вокнамі. I таму бадай ля кожнай хаты раскашаваліся прысады — арабінка, клёнік, ясень, вярба, ліпка, кусты чаромхі—калакалушы.

Учора, калі маці ўзялася шараваць падлогу, то бацька як бы незнарок сказаў:

— Алёшка, можа б, сцягаўся ў Крывалессе? Прынясі трохі маю. Няхай і ў нас будзе свята…

— Не, тата, — запярэчыў я. — Мне неяк няёмка. Не пайду я!.. Гэта свята — рэлігійнае.

Я ж студэнт, заўтрашні настаўнік, і мне ніяк не выпадае цягнуцца з сябрукамі ў лес па той май — сапраўды сёмуха ж рэлігійнае свята.

Бацька насмешліва пакпіў з мяне:

— Дзівак ты, хлопец. Ета ж самая што ні на ёсць народная завядзёнка. Явар, зяленіва, чаромха… Ета ж прыгажосць! Хату прыбяром, явару насцелем на падлозе. Сабе прыемна, і чалавеку льга зайсці ў хату. Што ж, калі ты не маеш ахвоты, тады патэпаю сам…

Пад вечар бацька прынёс з Крывалесся вялікую ношку зяленіва і нават выкапаў дзве невялічкія, з празрыстымі клейкімі лісточкамі бярозкі.

У суботу яшчэ завідна мы ўпрыгожылі хату, а бярозкі бацька ўкапаў у коўратах, і яны, юныя і бесклапотныя, весела трымцелі галінкамі, не ведаючы, мабыць, што жыць і красавацца ім тут давядзецца нядоўга.

Сёмуху ў Бацькавічах святкуюць аж тры дні. У нашым канцы, ля Шылаёвых, будзе гулянне з гармонікам. Сцяпан Пілецкі, прымак, «крывое калясо», як яго ахрысцілі нашы дзяўчаты—сядухі, не пашкадуе сваёй тулянкі. Пастараецца ад душы і ягоны сусед Алёха Целяпей са сваім бубнам. Эх, весялун-бубен! Па тым, як ты бухаеш і звініш бомамі, самы абыякавы да музыкі бацькавіцкі жахар кажа: «Ета ўжо Целяпей выцілінгвае. Яго работа»…

Моладзь загадзя і старанна строіцца, рыхтуючыся да пагулянкі, да так званага кумоўства — такая ў Бацькавічах здавён жыве завядзёнка. Хлопцы, дзяўчаты, нават падлеткі набіраюць па колькі яек, выпрошваюць у бацькоў дзялку сала, акраец хлеба, нясуць з сабою скавародку і купкамі кіруюцца за аселіцу, у жытнёвае поле, на ўзлесак ці на лужок — у самае зацішнае месцейка, — там паляць вогнішча… Пакуль пячэцца яечня, водзяць карагод, спяваюць песні, дурэюць, жартуюць. Тады палуднуюць. Часам замест гарэлкі п’юць бярозавік, хлебны квас ці нават сцюдзёную ваду — кумяцца. Гэта і называлася ў Бацькавічах — куменне…

Бацькавічы

Кухараў, С. Зоркі-незабудкі : нарысы : [для сярэд. шк. узросту] / Сцяпан Кухараў. – Мінск : Юнацтва, 1992. – 143 с. : іл. – (З арлінага племені).

Урывак з аповесці «Букет чаромхі»

У вёсцы Баруны амаль пры кожнай хаце пад вокнамі красуюцца купчастыя кусты бэзу. Яго баруноўцы называюць чаромхай, хоць бэз, вядома, усяго толькі радня той белай красуні чаромхі, што аздабляе вясною нашы лясы.

Звычайна ў пачатку чэрвеня, калі зямлю ўдосталь напояць навальнічныя ліўні, буйнай квеценню закіпаюць вясковыя прысады. Над Барунамі гуляе, гарэзіцца беларужовая мяцеліца. Кіпяць, пеняцца бэзавыя кусты.

3 паўднёвага боку пад акном хаты адзінокага дзеда Лаўрыновіча расце разгалісты бэзавы куст. Вясной ён так распускаецца, што аж акно засланяе.

Як толькі мы ўранку выходзім з хаты, я спыняюся і доўга стаю, любуючыся гэтым кустом. I не магу надыхацца яго ап’яняючым пахам. Жанчына, старшыня баруноўскага калгаса, што пасяліла мяне ў маўклівага дзеда-бабыля, праходзячы паўз кветнік, кожны раз таямніча ўсміхнецца і скажа:

— Прыгожа цвіце, праўда?..

I задумаецца. Яе вялікія вясёлыя вочы адразу цямнеюць. Уздыхнуўшы, прыспешвае крок і доўга потым маўчыць, паглыбіўшыся ў свае думкі. На маё пытанне, чаму яна так сумна ўздыхае, жанчына, адводзячы ўбок вочы, адказвае:

— Ат, нічога. Нешта так уздыхнулася!..

Потым глянула на бэзавы, густы ад квецені куст і сказала:

— Хочаце, я вам раскажу казку. Не казку, а быль…

…Была вясна 1944 года. Трэцяя ваенная вясна. Ля здзічэлых печышчаў акрыялі, зацвілі бэзавыя кусты. У лясах запенілася чаромха. Фронт набліжаўся ў нашы лясныя мясціны, і мясцовая чыгунка набыла для ворага важнае стратэгічнае значэнне. Разведчыкі партызанскага атрада імя Катоўскага атрымалі важнае заданне — зняць варту на пераездзе Рачаўка, вывесці са строю ўчастак чыгункі.

Камандзір атрада паклікаў да сябе хлопцаў-разведчыкаў і загадаў:

— Трэба спыніць рух на чыгунцы. На станцыі ёсць свой хлопец — стрэлачнік Васіль. Ен абяцаў прывесці з сабой да партызан вартавых з чыгункі. Васіль — наш сувязны…

Потым камандзір, ссунуўшы бровы, спытаў:

— Хто жадае пайсці?

Наперад праціснулася танклявая дзяўчына і рашуча сказала:

— Я пайду!

Хлопцы пераглянуліся, нехта ад здзіўлення гмыкнуў, а чарначубы Грышка-ўкраінец з’едліва зморшчыўся і зарагатаў:

— Сядзі ты ўжо, дачушка, дома ды пячы нашаму брату-разведчыку дранікі!

— Правільна, куды нам з дзеўкай, — пачуліся бурклівыя галасы.

Камандзір памаўчаў, кратаючы чорныя вусы. Ен быў чалавекам разважлівым і не раз меў выпадак праверыць характар юнай разведчыцы Тані Каралінскай, якая цяпер стаяла перад ім і камячыла ў руках ражок выцвілай хусцінкі.

— А можа, усё ж возьмеце? — спытаў у хлопцаў камандзір. — Спатрэбіцца дзяўчына вам…

Хлопцы пераглянуліся, паціснулі плячыма: «Што нам, няхай ідзе, калі так хочацца камандзіру».

Выйшлі душным надвячоркам. Дарога праходзіла праз лес. На світанні трэба быць на прызначаным месцы, дзе разведчыкаў павінен чакаць Васіль-стрэлачнік. Два хлопцы і дзяўчына ішлі адзін за адным, асцярожна ўслухоўваючыся ў цішыню. Вакол тоўпіліся меднастволыя сосны. У паветры — млявая, настоеная на смале-жывіцы духмянасць.

Усе маўчалі, ступаючы па іглістай сцежцы.

У хлопцаў за плячамі — аўтаматы, за поясам — гранаты, а ў кішэнях — міны, якія трэба пакласці пад рэйкі. У Тані ў руках — маленькі вузельчык.

Выйшлі на ўзлесак, адшукалі той разгалісты дуб з абгарэлым камлём, прытаіліся і сталі чакаць Васіля. Прайшла гадзіна, другая, а яго ўсё няма. Ужо сонца высока паднялося. Васіль не прыйшоў. Парушаны план аперацыі. Што рабіць?..

Вверх