Янішчыц Яўгенія
Анатаваны спіс
Янішчыц, Я. Выбранае : вершы, паэмы / Яўгенія Янішчыц. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 242 с. – (Школьная бібліятэка).
Янішчыц, Я. Кахання сад і ластаўка вясны / Яўгенія Янішчыц. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. – 110 c. – (100 вершаў).
Вершы са зборніка
Непрыручаная птушка
Мне па душы глухія пушчы,
Лістоты замець на дварэ.
Я непрыручанаю птушкай
Жыву між сполахаў і дрэў.
Каторы дзень настрой губляю
I зноў па-новаму люблю.
Бягу, гукаю, выглядаю,
Шукаю, думаю, не сплю.
О людзі! — Вечныя пытанні,
Вытокі мудрасці і зла.
Нясу ў сваё святое ранне
Любоў і гнеў на паўкрыла.
Мяне ў палёце не скарылі.
А будзе што не так — малю:
Скруціце стомленае крылле
І кіньце ў родную раллю.
⚹ ⚹ ⚹
Жыву сярод глухіх балот.
Пад сонцам найвышэйшай пробы
Святкую першы свой палёт
Пасля працяглае хваробы.
Тут самы лёгкі ў свеце сон.
Ля кожнай хаты — па бярозцы.
I камарыны звон чуцён
Аж у другой, суседняй, вёсцы.
…Ды толькі глуш разварушы —
Прастор зашэпчацца з ахвотай:
Збяруцца лекі для душы,
Узыдуць зёлкі ад маркоты.
Як светла ў ліпеньскіх начах!
А ў дзён, што высяцца стагамі,
Ёсць стома спелая ў вачах
I грунт трывалы пад нагамі.
Пастух абуджвае сяло,
Ды спіцца на траве-пярыне,
Нібы дарэшты замяло
Вось гэтым шчасцем камарыным,
Нібыта ў днях і не было
Маіх ні болю, ні адчаю,
А толькі гэтае сяло
Расло, як дрэвы за плячамі…
Што ж гэта сталася са мной,
Што адбылося ў гэтым свеце
3 усмешкай ранішняй маёй,
Якой смяюцца толькі дзеці?..
Куды нясе мяне жыццё?
На кім сабралася аблога?..
Няма адказу. Праз усё
Бяжыць звычайная дарога.
Янішчыц, Я. Пачынаецца ўсё з любві… : вершы, паэмы / Яўгенія Янішчыц. – Мінск : Маст. літ., 2008. – 334 с. – (Беларуская паэзія XX стагоддзя).
Вершы са зборніка
⚹ ⚹ ⚹
Хаджу па нівах, па лугах азёрных,
Начую летуценна ў будане
I думаю, чаму мне так прасторна?
I песня прылятае да мяне.
Прыносіць мне дары свае дуброва —
То верас, то крыніцу, то грыбок.
Ўліваецца, нібы ручай, у мову
Палескі нетаропкі гаварок.
Злятае на дасвецці галубіным
То рыжы ліст, то жоўта-залаты.
Упалі задуменна на платы
Даспелыя ружовыя рабіны.
Хаджу па нівах, па лугах азёрных,
Начую летуценна ў будане.
Я думаю, чаму мне так прасторна?
I песня прылятае да мяне.
⚹ ⚹ ⚹
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Там заблудзімся ў хмельных травах.
Пачынаецца ўсё з любві,
Нават самая простая ява.
І тады душой не крыві
На дарозе жыцця шырокай.
Пачынаецца ўсё з любві —
Першы поспех і першыя крокі.
Прыручаюцца салаўі,
I змяняюцца краявіды.
Пачынаецца ўсё з любві —
Нават ненавісць і агіда…
Ты пакліч мяне. Пазаві.
Сто дарог за маімі плячыма.
Пачынаецца ўсё з любві,
А інакш і жыць немагчыма.
Янішчыц, Я. Ясельда : лірыка / Яўгенія Янішчыц. – Мінск : Маст. літ., 1978. – 128 с. : іл.
Вершы са зборніка
⚹ ⚹ ⚹
Вось так — з адкрытым небам — заначую,
А зоркі будуць днець у вышыні.
I праз траву гаючую адчую,
Як у зямлі багата цеплыні!
Ні спачуванняў тых, ні перашкоды,
Ііі адчування смутку, ні віны.
Адно — бруяцца бэзавыя воды
I як стагоддзі роднае прыроды —
Стаяць на вечнай варце валуны…
Дабрыдзень, ліст вясковага спакою,
Уяўнага, як люстра ціхіх вод.
Калі ж душа зліваецца з ракою —
Няма тады спадманнага спакою, —
Ёсць ціхіх думак вольны веснаход.
Ёсць мудрае, адзінае жаданне
Да рэшты зразумець, чаму з вякоў
Нам раніць сэрца кожнае вяртанне
I кожнае шчымлівае спатканне
Не умясціць у рамкі гучных слоў!
Таму і жыць, і жыць мне тут заўсёды,
Любіць твой дух настойна-смаляны,
Пакуль бруяцца бэзавыя воды
I як стагоддзі роднае прыроды —
Стаяць на вечнай варце валуны…
⚹ ⚹ ⚹
Яшчэ далёка да вясны.
Зіма прадзе кудзелю.
Але у згодзе нашы сны,
Хаця — і безнадзейна!
Ды і сама я незнарок
Паспела іх напрасці:
За кожнай нітачкаю — крок
Разгорнутага шчасця.
Хіба збаішся ты зімы,
Завейлівых прагнозаў,
Хаця і безнадзейна мы
Абвеснаваны лёсам!