Гарун Алесь
Анатаваны спіс
Гарун, А. Выбраныя творы / А. Гарун ; [уклад., прадм., камент. У. Казберука]. – Мінск : Беларускі кнігазбор, 2003. – 448 с. : іл. – (Беларускi кнiгазбор ; сер. 1. Мастацкая літаратура).
Вершы са сборніка
Ветру
Ветрэ, ветрэ вольны,
Стой, зрабі паслугу!
Буду спосаб меці,
Аддзякую, другу.
Злётай, лёгкі, борзда
Ў край, адкуль я родам, —
Бацьку, матку ўбачыш,
Мілую заходам;
Ўбачыш гэнам, ворле,
Ў краю тым — старонцы:
Брат мой беларусін
Гібее без слонца.
Ім усім паклонам
Нізкім ты скланіся,
Хай жывуць, красуюць…
А потым вярніся.
Гэтта скажаш, браце,
Мне, што там убачыў.
Буду спосаб меці,
Паглядзіш, аддзячу!З Сыбіры. 1909
Вясна
I
Дзе дадуць — зраблю пазыку
І найму сабе музыку, —
Дудара з яго дудою,
Каб іграў ён моцна ёю.
«Грайка, грай! я заспяваю,
Што цяпер на сэрцы маю…»
І дудар ужо іграе,
Маё сэрца так спявае:
«Прападзі, мая жуда,
Ўсе, што церпіць небарак,
Ўсе нястаткі ды бяда, —
Я счарнеў, глядзі, і так,
Толькі вус адзін бялявы…
Годзе мучыць! Я хачу
Сілы, працы і забавы
І вяселля уваччу…»
А з чаго ж я узбуяўся?
— Бо вясна ідзець да нас:
Як убачыў, — засмяяўся
І вясёлы стаў на час…
Грайка, грай! бо сэрца скача,
Яму трэба моцна граць;
А жуда няхай паплача —
Час яе і забываць…
II
…Вясна прыйшла!
Што чакалі, выглядалі,
Да сябе даўно гукалі, —
У бляску сонца, ў зеляніне,
У прыгожасці, ў ярыне,
Сама — пекнасць, сама — свята
І прыгожа і багата.
Да нас прыйшла!
Я вітаю
Яе ў сонцы, ў зеляніне,
Што на роднай на краіне
Гоніць бляскам сваім ноч,
Гоніць снег і хмары проч;
Яна радасць мне і свята,
Ёй я дзякую багата
І вітаю!
Жураў і лісіца
(урывак з байкі)
Разумным добра быць. То праўда — не смяхом.
Усё каб ведаці, з усякім справіцца грахом,
То можна была б пажываць.
Але ж не трэба мудраваць,
Бо гэта добра, а не надт.
От знаю я таму прыклад.
Прыйшлося неяк жураўлю
У лесе ў дол папасць звярыны.
Чаго зляцеў ён на зямлю,
Аб тым я ведаць не павінны.
З такой бяды жураў крычаў,
Аб сценкі долу крыллем біўся,
А потым і сціхаць пачаў,
Бо надта бедны прытаміўся.
Сядзіць і думае бядак,
За што напасць найшла такая?
Жураў бо быў разумны птак, —
Што будзе далей, ён чакае.
Аж тут праз час які — глядзіць —
Галлё трашчыць над галавою:
Кума ліса к яму ляціць, —
Бяда страслась, відаць, і з ёю.
«Здароў, кумок! А як жа ты
Папаў сюды? Чы проста з неба
Сюды зваліўся праз кусты?
Ці, можа, тут табе што трэба?»
«Якога ліха тут шукаць?
Якой мне трэба тут напасці?
Упаў, прыйшлося паскакаць, —
От як наверх бы мне папасці?»
«Ну, гэта што! От зараз я
Нараю што-нібудзь такое…
Эх, думак роіцца сям’я,
Як бы вяселле ў іх якое.
От так зрабі… Чакай ты… не,
Здаецца, лепі будзе гэтак…
Эх, думак, думак у мяне,
Маўляў, у качкі дзікай дзетак».
Пакуль яна гадала так,
Жураў надумаў, як спасціся, —
Хацеў бы ён аднэю як
Хаця бы думкай запасціся.
Ліса ж вядзе саўсім не то, —
Мудруе, круціцца наўсякі:
«І гэтак добра бы, нішто,
А так найлепей — скажа ўсякі».
От гэтак дзень у іх прайшоў, —
Ляцяць ў бядзе дзянькі без знаку.
Мыслівы з стрэльбай падышоў, —
Лісе у гэтым мала смаку…
Гарун, А. Матчын дар : думы і песні, 1907-1914 гг. / Алесь Гарун. – Факсімільнае выд. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. – 125, [2] с. : партр. – Выхадныя даныя арыгінала: Мінск : Друкарня Я. Грынблата, 1918.
Верш са сборніка
Матчын дар
Як радзіла маці мяне у цемну ночку,
Дык дала скрыпіцу. — «На, іграй сыночку!
Грай сабе на шчасьце, грай на добру долю,
Грай на век даугуткі, грай на вольну волю.
Помню, дзяцянеткам, с тугой я ні знауся,
Жыу, як тая птушка, грау і забауляуся;
Дзень мне быу спакойны, у ночы сон безгрэшны,
А цяпер застауся я на век ніуцешны.
Ой, чаму-ж, матуля, жыцце — скрыпку дала,
Як іх шанаваці, дый ні навучала?
Гэта-ж падзівіся — я адкрыцца мушу,
Што сапсуу скрыпіцу, што згубіў я душу.
Здауна, сівакрыла, шчасьця я ні маю,
Долі я ні бачу, радасьці ні знаю.
Граю, прауда! граю… А на сэрцы важка,
А у сэрцы больна, аж трываці цяжка.
Тыя ні прыйходзяць песьні-весялушкі,
Як пяе зямліца, як шчабечуць птушкі.
Жаль з нудой заплачуць, глуха як зайграю…
Маю я скрыпіцу, а душы — ні маю!