Галавач Платон
Анатаваны спіс
Галавач, П. Праз гады : раман / Платон Галавач. – Мінск : Юнацтва, 1992. – 382 с. : іл. – (Школьная бібліятэка).
Урывак з рамана:
«Раніцою дзевятага мая 1913 года ў аўдыторыях Санкт-Пецярбургскага ўніверсітэта, на Васільеўскім востраве, дазналіся пра самагубства студэнта Кулікоўскага. I гэтай жа парой на пляцы, каля Ісакіеўскага сабора, юнак год дзевятнаццаці — дваццаці, апрануты ў студэнцкае паліто, перадаў хлапчуку-газетчыку запіску для сваёй знаёмай, якая жыла на Галадаі.
Было блізка ля дзесяці гадзін, калі студэнт прыйшоў на пляц. Халаднаваты паўночна-заходні вецер і дробны, непрыкметны, і таму асабліва дакучлівы дождж загналі студэнта пад масіўныя далі каланады сабора, дзе ён і стаяў, аж пакуль не змеціў газетчыка. Тады, спяшаючыся, збег уніз, прывітаўся з хлапчуком, кіўнуўшы яму галавою, і перадаў у ягоныя рукі запіску. Хлапчук узяў запіску, патрымаў яе перад вачыма, чытаючы адрас, і асцярожна паклаў сабе ў кішэню. А яшчэ цераз пяць хвілін хлапчук крочыў у напрамку да моста, які злучае горад з Васільеўскім востравам, а студэнт ішоў Неўскім праспектам у публічную бібліятэку, што на рагу Садовай. Акурат у гэтую пару ў калідорах універсітэта пачыналіся гарачыя спрэчкі аб прычынах, якія штурханулі Кулікоўскага на самагубства, але наш студэнт пра смерць Кулікоўскага яшчэ не ведаў і, нават больш таго, спадзяваўся абавязкова сустрэць яго ў бібліятэцы.
«Хвароба душ», як назваў эпідэмію самагубстваў адзін з вядомых тагачаснікаў-журналістаў, была ў Расіі, як ніколі дагэтуль, пашырана. Кожны дзень газеты нямымі і цьмянымі радкамі петыту паведамлялі аб знойдзеных трупах. Смерць спраўляла свой урачысты парад. 3 жыцця ішлі разам: і маці, у якой галадавалі дзеці, і безработны, якім авалодвала poспaч, і інтэлігент, упэўненасць якога была пахіснута, каму засталіся разбітыя ілюзіі і дарэмныя блуканні ў пошуках агульначалавечай справядлівасці і шчасця. Ледзь прыкметнымі зданямі адыходзілі яны, разгубленыя і пакалечаныя. У гэтым струмені дачасна перарваных жыццяў смерць студэнта Кулікоўскага прайшла б непрыкметнай, калі б яна не мела сувязі з іншымі, яшчэ ранейшымі падзеямі, што адбыліся ва ўніверсітэце, і з лёсам людзей, пра якіх я і маю намер расказваць».
Галавач, П. Спалох на загонах : аповесць / Платон Галавач ; [прадмова А. Марціновіча]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1996. – 222 с.
Урыўкі з аповесці:
«…Спаў Панас позна і прачнуўся тады, як за дзвярыма яго пакоя пачала пяяць дачка гаспадыні. Яна шоргала па памосце ў сенцах дзеркачом і дыскантам выцягвала словы песні:
А мой міленькі, голуб сізенькі,
Коніка-а-а сядлае…
Песня абрывалася, тады шпарчэй шоргаў дзяркач, але хутка ён прыціхаў, і зноў пачыналася песня. Панас прыслухаўся да песні, зірнуў на гадзіннік, спрытна апрануўся і выйшаў мыцца.
— Нешта ж ніколі не бачна вас, — звярнулася да Панаса дзяўчына, — усё вы прападаеце дзесьці, ніколі не пагуляеце з намі. А ў нас учора вечарынка была, усю ноч скакалі, — паведаміла яна.
— А-а, вось шкода, што я не ведаў, я прыйшоў бы.
— Другі раз прыходзьце, яшчэ будзе вечарынка.
— А ці прымуць жа мяне дзяўчаты?
— Уга! Яшчэ як! I пакахаюць!
— Ну, дык прыйду, абавязкова прыйду, калі так.
— Глядзеце ж…
3 дому Панас пайшоў у сельсавет. Ішоў вуліцаю ля кааператыва, спадзяваўся напаткаць каго з знаёмых. Ад кааператыва, насустрач яму, пайшла жанчына. Параўняўшыся з ім, жанчына загаварыла доўга і блытана пра хворае цялё, прасіла дазволу, каб зарэзаць яго на мяса, і, гаворачы, камечыла пальцамі рог мультановай хусткі.
— Ты ў савет, цётка, схадзі, а я не маю права даваць такога дазволу, гэта савет робіць, — гаварыў ёй Панас.
Жанчына не хацела зразумець яго слоў. Яна яшчэ больш настойліва прасіла:
— Будзьце ж так добранькі, таварыш прадстаўнік, пашкадуйце ўжо мяне, бедную, а то ж ніяк я праўды не знайду. У каго дык і занадта тлусту, а каму дык і зусім трэба пасціць. Дзе ж яна праўда тая? Хто дык і свіней і цялят парэзаў, а я ж, няхай людзі во скажуць, не вораг які, усе свінні жывыя, а цялё хворае, трэція суткі не ссе, у рот не можа ўзяць…
Збоку падышоў мужчына. Ён заступіўся за жанчыну.
— Вы пасабіце ёй, таварыш, цялё гэтае ў яе нейкае нягеглае, клыкі ў яго, ці што, дык у роце само сабе паколе і не бярэ ссаць, бо баліць… А так у яе ўся маёмасць неразбазарана, уся на месцы, як і была.
Падахвочаная словамі суседа, жанчына не адыходзіла.
— Вось жа і суседзі ведаюць, — казала яна зноў, — які я ёсць прыяцель савецкай улады, парасяці я нават не кранула, раз улада разбазарвадь не дазваляе, а цялё ж зусім хворае, зусім не ссе…
Тлумачэнняў Панасавых жанчына не слухала, не хацела зразумець іх, і Панас адышоў ад яе, параіўшы:
— Ідзі, цётка, у савет, да Камекі, а я зараз прыйду туды, мо што зробім.
Але насустрач Панасу падышлі яшчэ дзве жанчыны, і старэйшая адразу загаварыла.
— Як мы чулі, — праказала яна, — вы багата дзе людзям, таварыш, душу паднялі, дык просім і да нас прыйсці, пагутарыць з намі хоць трошку.
— Крыўды нашай паслухаць, — дадала другая, — а то ж ніхто да нас не трапляе. Чуем мы, гавораць гэта ўсе, што ходзіць прадстаўнік, дык мы чакалі—чакалі ды бачым, — ніяк ён да нас не дойдзе, усё абмінае нас, і пайшлі шукаць… Дык вы прыходзьце, ад усіх мы просім.
— Я прыйду, — адказаў Панас, — хутка прыйду на сход да вас.
Падышла Галіна і прывіталася за руку. Жанчыны развіталіся.
Адыходзячы, старэйшая яшчэ раз сказала:
— Дык прыходзьце ж, таварыш, а то пакрыўдзімся.
— Гэтымі днямі прыйду, цётачкі.
— Вось жа будзем рады, — азвалася жанчына, — а то мы нічога не ведаем, запужаныя мы.
— Чаго гэта яна? — запытала Галіна.
— На сход да сябе просяць, я не быў у іх яшчэ.
— Няўжо не быў? А я ж думала, што ты ўсіх ужо абышоў у нашым савеце.
— А вось жа, як бачыш, не ўсіх яшчэ. А ты чаго так рана тут?
— Цябе даўно не бачыла, — жартуючы, адказала Галіна, — сумаваць пачала, дык прыйшла вось. — I потым дадала: — Сацінет давадь будуць на спадніцы, дык я хачу ўзяць сабе.
— А-а, ну, бяры, бяры, прыбірайся, хлопцы больш кахаць будуць.
— Я ж гэта і думаю вось… А ты асабліва не выдумлівай, а то бабы пазіраюць, яшчэ плявузгаць што пачнуць. Я пайду. Прыходзь да нас.
— Прыйду на днях.
— А ўчора, мусіць, боязна было ісці? — сказала гэта і пачырванела.
— Не-а, я нават і не змеціў, як прыйшоў дадому…»