Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Кузьма Чорны

120 гадоў з дня нараджэння

Писатель
Чытайце кнігі Кузьмы Чорнага ў нашых бібліятэках

Кузьма Чорны (Мікалай Карлавіч Раманоўскі, 1900-1944) — пісьменнік, перакладчык. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1934 года.

Нарадзіўся 24 чэрвеня 1900 года ў маёнтку Боркі Слуцкага павета (цяпер Капыльскі раён Мінскай вобласці), дзе бацька яго — беззямельны селянін, працаваў парабкам у пана. Першую адукацыю атрымаў у Цімкавіцкім народным вучылішчы, пасля заканчэння якога і самастойнай падрыхтоўкі ў 1916 годзе паступіў у Нясвіжскую настаўніцкую семінарыю. Як сведчаць сябры Чорнага, ён у час навучання праседжваў у багацейшай, як на тыя ўмовы, Радзівілаўскай бібліятэцы ў Нясвіжы і за кароткі тэрмін прачытаў творы лепшых сусветных мысліцеляў і пісьменнікаў. У 1919 годзе семінарыю зачынілі польскія ўлады, і Кузьма Чорны вымушаны быў надоўга спыніць далейшую вучобу.

Пасля вызвалення Случчыны ад белапольскай акупацыі, працаваў у розных установах: сакратаром валаснога рэўкама, справаводам павятовага ваенкамата, вясковым настаўнікам.

У 1923 годзе здзяйсняецца яго запаветная мара — Мікалай Карлавіч паступіў на літаратурна-лінгвістычнае аддзяленне педагагічнага факультэта Беларускага дзяржаўнага ўніверсітэта. Некаторы час малады пісьменнік спалучае вучобу з працай і творчасцю. Шмат піша, працуе ў газеце «Беларуская вёска», з’яўляецца членам літаратурнага б’яднання «Маладняк». У 1926 годзе ўступае ў літаратурнае аб’яднанне «Узвышша», а з 1928 ўжо цалкам аддаецца пісьменніцкай дзейнасці. У 1932-1937 гадах — галоўны літкансультант у кабінеце маладога аўтара пры Саюзе пісьменнікаў БССР. У кастрычніку 1938 года быў беспадстаўна арыштаваны. Каля 8 месяцаў адседзеў у мінскай турме, а затым вызвалены.

У гады Вялікай Айчыннай вайны жыў у Маскве, удзельнічаў у выданні газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Летам 1944 года вярнуўся ў Мінск, працаваў у часопісе «Беларусь». Узнагароджаны ордэнам Чырвонай Зоркі і партызанскім медалем.

Творчая біяграфія

Друкаваўся з 1920 як паэт пад уласным прозвішчам. Ужо ў яго вершах шмат празаічнага, апісальнага, маляўнічага, і іх можна чытаць як прозу. У 1923 годзе на старонках мінскіх газет пачынаюць з’яўляцца апавяданні, падпісаныя псеўданімам Кузьма Чорны, першым з якіх было «На гарніцы». Аўтар невялікіх нарысаў, апавяданняў і навел. З друку выходзяць адзін за адным зборнікі: «Апавяданні», «Срэбра жыцця» (абодва 1925 года), «Хвоі гавораць» (1926), «Вераснёвыя ночы» (1929), «Нянавісць» (1930) і інш. Раннія апавяданні пісьменніка — гэта пераважна невялікія замалёўкі з жыцця беларускай вёскі часоў грамадзянскай вайны і першых дзён аднаўлення.

Пачынае з 1927 года звяртаецца да буйных жанраў, дзе разгортваецца яго телет пісьменніка. Піша рад аповесцей і раманаў: «Сястра» (1927), «Зямля» (1928), «Лявон Бушмар» (1929), «Ідзі, ідзі» (1930) і інш.

У пачатку 1930-х гадоў Кузьма Чорны прыйшоў да задумы «паказаць у мастацкіх вобразах гісторыю беларускага народа… ад знішчэння паншчыны і да нашых дзён». Выходзяць раманы «Бацькаўшчына» (1931), «Трыццаць год» (застаўся няскончаным, 1934), «Трэцяе пакаленне» (1935), аповесць «Люба Лук’янская» (1936). Рукапісы раманаў «Простыя людзі», «Вялікае выгнанне», «Судны дзень» згарэлі ў першыя дні Вялікай Айчыннай вайны.

Выступаў і ў жанры драматургіі. Выйшлі п’есы «Бацькаўшчына», «Базылевічава сям’я», «Ірынка».

Моцнае гучанне набыла тэма бацькаўшчыны, гераічнай барацьбы беларускага народа супраць фашысцка-нямецкіх захопнікаў у творах Кузьмы Чорнага перыяда Вялікай Айчыннай вайны. Апрача задуманых раманаў «Вялікі дзень», «Скіп’ёўскі лес», зноў піша і друкуе шматлікія нарысы, фельетоны і апавяданні. У 1942 годзе выйшла кніга яго фельетонаў «Кат у белай манішцы», якая была перапраўлена праз лінію фронта ў тыл ворага.

Апошні раман Кузьмы Чорнага «Пошукі будучыні» (1943) — спроба пісьменніка асэнсаваць лёс Беларусі ад Кастрычніцкай рэвалюцыі да Вялікай Айчыннай вайны.

Праз усю творчасць пісьменніка праходзіць ідэя чалавечнасці, сцвярджэнне спагадлівасці, суперажывання чалавека чалавеку.

Вверх