Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Кузьма Чорны

Анатаваны спіс

Автюки

Чорны, К. Збор твораў : у 6 т. / Кузьма Чорны ; рэд. кал. С. Андраюк [і інш.]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. – 1992.

Автюки

Чорны, К. Бацькаўшчына : раман ; аповесці / Кузьма Чорны ; [прад. М. А. Тычыны]. – Мінск : Юнацтва, 1989. – 349 с. : іл. – (Школьная бібліятэка).

Урывак з аповесці

«Скіп’ёўскі лес»
І

Смольная хвоя — вельмі моцнае і даўгавечнае дрэва. Сцены з яе стаяць доўга. Ёсць будынкі з тоўстага бярвення, век якіх ідзе блізка не за сто год. Невялікае селішча Скіп’ёўскае Пераброддзе ўзнікла на голым месцы пры вялікім Скіп’ёўскім лесе адразу пасля рэвалюцыі. Дваццаць пяць год не кранулі перабродаўскіх будынкаў ні трухлінай, ні зменай колеру. Яшчэ і да самай Айчыннай вайны яны захавалі свой мацунак і свежы колер гладка вычасанага бярвення. Адно смала выступіла скрозь жоўтымі пацеркамі, якія за гады выветралі, высахлі і пачырванеліся. Усюды відна добрая работа, мацунак шчыльна прыпушчанага адно да аднаго бервяна і добры догляд. Гаспадарлівыя рукі, у меру патрэбы, давалі сценам рамонт і трымалі іх у ашчадзе ад вільгаці. Усе дваццаць дзве хаты Скіп’ёўскага Пераброддзя паабрасталі вішняком і арабіннікам. За хатамі спеюць улетку антонаўкі, папяроўкі і слуцкія бэры, і да самых замаразкаў вісяць у голлі чырванабокія «цыганкі». Да самых маразоў пад вокнамі цвіце бабіна лета. З канца зімы і да лета пры кожнай хаце дыміцца вяндлярня, і па селішчы стаіць пах венджаных каўбас і шынак. Праз усё лета на вешалах пад застрэшшамі сушацца тварожныя сыры. Усюды крычаць гусі і крэкчуць качкі. Спяваюць аж разлягаюцца пеўні, і па хлевухах стогнуць ад гультайскай асалоды ружовыя ягамосці з кірпатымі лычамі і закручанымі ў тонкі абаранак хвастамі. Япрукі тут кормяцца пудоў па васемнаццаць. Дык якое дзіва, што вяндлярны дым на добрыя тры месяцы на год перабівае пах смалы, што шырокай хваляй вечна плыве з густых хвояў Скіп’ёўскага лесу.

У Скіп’ёўскім Пераброддзі аселі і забудаваліся пасля восені дзевяцьсот семнаццатага года тутэйшыя беззямельцы і бясхатнікі. Можна было б расказаць пра кожнага з гэтых людзей, як жылося і што перажываецца цяпер і хто нарадзіўся на свет, каб стаць наступнікам і спадчыннікам таго, хто ставіў у новым часе новую хату. Гэтыя дваццаць дзве гісторыі маглі б навучыць жыццю ў працы, у сумленні або паведаміць аб хцівасці і няўдачах, аб злосці і зайздрасці, аб шчасці мець вялікую душу, сяброўства, злагаду з людзьмі і ясны розум. Мы маглі б убачыць, як поўніцца шчасцем чалавек са справядлівым сэрцам і замілаванасцю да роднай зямлі і роднага неба. І як сохне і марнатравіцца натура без сэрца і сумлення. Але ўсё гэта ўжо выходзіць за межы гэтай невялікай хронікі з жыцця перабродаўца Марціна Прыбыткоўскага.

У тыя гады, калі толькі яшчэ забудоўвалася Скіп’ёўскае Пераброддзе, Марцін Прыбыткоўскі быў яшчэ зусім малады чалавек, высокі, хударлявы, невялікі ахвотнік да слова і нядаўна жанаты. Жонка яго тады вельмі была падобна да дзяўчынкі. Зусім маладая, вельмі рухавая, нават трапяткая і не тое каб малая ростам, але паводле росту свайго Марціна яна здавалася малая. Яна звалася Магдалена, і якраз неўзабаве, пасля таго як Марцін паклаў падваліны на новую хату, нарадзіла дачку. Прыбыткоўскія назвалі сваю дачку Ганна. Гэта было першае дзіця. Праз тры гады нарадзіўся сын. Яму далі імя Канстанцін. Праз чатыры гады пасля Канстанціна нарадзілася Галена. Яе звалі Гэля. У той меры, у якой ішоў час, Марцін Прыбыткоўскі, здавалася, станавіўся яшчэ больш ціхманы, як быў. Ён і ззамаладу не быў раскідака, а цяпер, казалі, нават як бы аскупеў. Усе яго думкі былі цяпер аб дзецях. Замілаванасць яго да дзяцей з гадамі яшчэ больш вырастала. На гэтым пункце адбылося поўнае ўроўнаважанне двух натур — Марціна і Магдалены. Бо адразу пасля шлюбу ў іх нешта не ладзілася добрая згода…

Гаспадар

Чорны, К. Вераснёвыя ночы : апавяданні, раман / Кузьма Чорны. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2003. – 429 с. – (Беларуская проза ХХ стагоддзя).

Урывак з апавядання

«Семнаццаць год»
І

Увосень тысяча дзевяцьсот пятнаццатага года салдат расійскай арміі Пятро Тадаровіч быў лёгка ранены ў нагу: блізка ля яго разарваўся гарматны снарад. Нават ён спачатку думаў, што яму толькі дало ў ногі сухою зямлёю, а пасля, ачомаўшыся, агледзеўшыся, убачыў на левай назе, пад каленам, кроў. У тым месцы было холадна, кроў неўзабаве закарэла, і разарваныя нагавіцы прыліплі да раны. Пачало балець, але ён не спыніў работы: як і ўсе, ён акопваўся ў бясконцай першай лініі. Акопвацца — гэта ратавацца. Таму ён з усіх сіл налягаў на рыдлёўку. Ён з строя не выйшаў — нельга было гэта зрабіць. З строя выйшаў ён праз дзень, калі была ўжо ноч.

Першая расійская лінія пасля атакі акопвалася на новай пазіцыі. Германцы білі з гармат, напэўна, перад сваёю атакай. Атака гэтая можа быць уночы, а цяпер толькі што ўзышло сонца. Раптам германцам адказалі расійскія гарматы і ўжо не сціхалі ўвесь дзень. Салдаты праляжалі ў зямлі ўвесь гэты дзень і пачатак ночы, а пасля, не чакаючы германцаў, іх пагналі зноў у атаку. Пятро Тадаровіч наперад не рушыў, хоць і меў сілы гэта зрабіць. Ён ляжаў тварам на зямлі ў сваёй яме, ныючы ўсёю істотаю сваёю ад блізкасці грымучай смерці. Ён чуў, як папацёмку цераз яго прапаўзла наперад другая расійская лінія, а пасля і трэцяя, і пасля ўжо гэтага гэты блізкі шоргат больш не турбаваў яго спакою.

Узышоў месяц, лагчыны пачарнелі; вайна чулася ўжо толькі дзесьці далёка, а тут вельмі стала ціха. Ранены салдат мог цяпер смела стаяць або ісці. Адно, што ён не ведаў, куды яму падацца: падацца да санітараў, дык рана завельмі лёгкая, некалькі дзён пратрымаюць яго, а пасля зноў пхнуць на фронт. Даганяць фронт — гэта быў жах. Ну, можна было пабыць там дзе-небудзь яшчэ дзень, ну два, а больш — салдат стаў бы ўжо дэзерцір. А за гэта жорстка пакараюць. І от у гэтыя хвіліны цяжкіх думак салдат паклыбаў па няроўным полі, сам не ведаючы куды, ён ішоў паўз пустую лінію акопаў. Месцамі гэтыя акопы былі зруйнаваны гарматным агнём: зямля з краёў паабсыпалася; бясформенная чарната была ў гэтых правалах. Ля адной з гэтых акопных руін салдат спыніўся: дзесьці далекавата ён пачуў чалавечыя галасы. Ён прыгледзеўся і пачаў заўважаць, як у некалькіх месцах пстрыкалі святлом электрычных ліхтарыкаў. Санітары забіралі раненых, ходзячы па полі. Салдат прысеў на краі акопа. Ці ісці да санітараў, ці што рабіць? У гэтую хвіліну яму хацелася, каб рана яго была большая, каб ён доўга мог праляжаць далёка ад вайны ў шпіталі, без думак, як бы кожную хвіліну ўратавацца ад смерці. Даволі было яму аднаму пабыць гэты малы час тут, на ціхім полі, у ціхую ноч, як тое пекла, што адышло кудысьці наперад, зноў паўстала перад ім з усёю сваёю сілай. А куды яна пайшла, вайна, салдат не ведаў і не хацеў ведаць. Нават думаць пра гэта яму было страшна.

Ён быў слабы, змучаны і бязвольны, гэты чалавек…

Вёрсты

Чорны, К. Лявон Бушмар : аповесць, апавяданні / Кузьма Чорны ; [прадмова М. Тычыны]. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2007. – 198 с. – (Бібліятэка школьніка).

Урывак з аповесці

«Лявон Бушмар»
Раздел першы

…На ціхім небе стылі зоры. Вільгаць ішла з лясоў і туманамі асядала на голую зямлю, перад світаннем маўчала поле; злазячы ў рэчку, бялелі на чорнай зямлі лапіны апошняга снегу.

Над самай рэчкаю, на ўзгоркаватым яе беразе, высока над змрочнымі паплавамі, узнімалася няроўная сцяна лесу. Дарога ў лес ішла праз рэчку, цераз мост, з поля і паплавоў. На дарозе ў лесе было чорна і ціха. Таму пад нагамі ў чалавека звонка і мокра трашчала леташняе лісце. Чалавек ішоў паволі, нёс за плячыма клунак. Часамі ён прыпыняўся, дзе дрэвы разыходзіліся ад дарогі і над палянкай ніжэй звісала зорнае неба. Чалавек як бы прыглядаўся ці прыслухоўваўся да чаго. Стаяў так хвіліны са тры і зноў ішоў далей. Ступаў ён моцна, але хада яго была лёгкаю, хоць і ўтомленаю, так, як ходзіць чалавек па роднай зямлі. Дарога доўга ішла лесам, перакідалася праз кавалкі поля, праз нізкія ядлаўцовыя лагчыны.

Ужо світаць пачало, як чалавек прыпыніўся каля густой няроўнай агароджы. Застукаў брамкаю і пхнуў яе каленам. Забрахаў сабака, заядла захроп, кінуўся пад чалавека, заскроб кіпцямі па вільготным крысе салдацкага шынеля.

— Галас, Галас, — загукаў чалавек.

Сабака адбегся і брахаў, пачаўшы павільваць хвастом.

— Галас! Не пазнаў? Ах ты дурны!..

Сабака радасна завішчаў, падбег, абняў гаспадара пярэднімі лапамі, лізнуў у твар. Чалавек усё стаяў, аж пакуль не прайшло сабачае захапленне. Тады ўзышоў на ганак, спусціў з плеч клунак. У сенцах ужо стукалі хатнія дзверы - сабака кагосьці пабудзіў сваім брэхам.

— Хто?

Голас з сянец чуваць быў малады, жаночы, прывабны, хрыплаваты ад сну. Чалавек на ганку ад гэтага голасу падняў галаву і падаўся крыху назад.

— Хто? — зноў запытала жанчына.

— Гаспадар.

— Які гаспадар?

І, здагадаўшыся, загаласіла:

— А Божачка ж мой, Лявон!

Яна з грукатам адкінула ад дзвярэй завалу, і Лявон Бушмар пачуў знаёмы пах сяней. У кухні жанчына запаліла газоўку, і тут Бушмар ацапянеў, глянуўшы на жанчыну. Яна таксама не зусім, мусіць, вольна пачувала сябе: стаяла ля печы маўкліва, спусціла ўніз рукі і не гаварыла больш ні слова. Твар яе густа ружавеў.

— Ты… тут?.. — запытаўся Бушмар.

— Служу… Як напісаў тады адразу быў, каб хоць каго маці ўзяла рабіць… Дык я нанялася…

— Нанялася?

Жанчына маўчала. Глыбокае непаразуменне прайшло па Бушмаравым твары.

— А маці дзе?

— Маці хворая… Не ўстае… Другі ўжо тыдзень.

Бушмар адчыніў дзверы ў чыстую хату. Жанчына запаліла лямпу. Маці прачнулася, пачала ад радасці плакаць, гаварыць і стагнаць.

Маладая жанчына колькі разоў выходзіла і ўваходзіла — пачыналася дзённая гаспадарская таўкатня. Бушмар не захацеў адпачываць, пасядзеў каля маці, пераапрануўся ў сваю цывільную адзежу і адразу пайшоў на сялібу. Сабака весела гайсаў следам за ім. Бушмар агледзеў непапраўленую агароджу, непадгрэбеную салому, незачыненыя вароты на прыгуменне… Выцягнуў з студні вады, паспрабаваў, ці добра ходзіць коварат.

Як і заўсёды, пануры быў выгляд яго, пахадзіўшы па двары, ён выйшаў за гумно…

Радавод

Чорны, К. Пошукі будучыні : раман, аповесці, апавяданні / Кузьма Чорны. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. – 421 с. – (Бібліятэка школьніка).

Урывак з аповесці

«Пошукі будучыні»
Першая частка. Украдзеннае маленства

…Ужо Волечка Нявадавых кончыла работу і збіралася дадому. Сонца вісела над яснай далечынёй за нашым мястэчкам. Усе бачылі, як Волечка стаяла тварам на захад і, прыклаўшы руку да лба, углядалася ўдалечыню. Што яна там бачыць? Усе заўважылі нейкі невялікі рух пад тою адзінокаю хвояй. Тры чалавечыя постаці, воз з канём. Добра відно было, што двое паволі ідуць полем да трэцяга, які стаяў на шашы ля воза і трымаў каня. Ад шашы да хвоі зусім недалёка. Неўзабаве мы бачылі, як двое селі на воз і нешта вельмі высока сядзелі на ім. Нешта было пад імі на возе. Трэці ішоў ззаду, а воз набліжаўся да нас.

— Чаго глядзець, — сказала Волечка і рухава сабралася рушыць дадому.

Я вельмі добра аж дагэтуль памятаю тыя яе словы: хіба яна магла тады падумаць, што гэта едзе на старой растрэсенай фурманцы яе лёс?..

Фурманка спынілася на дарозе ў мястэчка, непадалёку ад Волечкі, якая ўжо выводзіла на тую ж дарогу свайго каня. Усё гэта было даволі дзіўнае. На старым, пазвязваным дротам і вяроўкамі возе стаяла зачыненая труна, на ёй, у задку воза, спіною к каню, сядзеў нейкі чалавек. Гэта была істота, на якую мы глядзелі з непаразуменнем: вочы чырвоныя і прыпухлыя, позірк вялы, твар спушчан уніз да грудзей, чалавек увесь сціснуты, скамечаны. Чым больш мы прыглядаліся, тым больш здагадваліся: гэта палонны немец. Ззаду за возам прыйшоў і канвойны рускі салдат. Цяпер ён стаяў з вінтоўкай пры кані і сказаў да Волечкі:

— Што гэта за мястэчка унь відно ў лагчыне?

— Сумлічы, — адказала Волечка.

— А ці знойдзецца там, каб у каго пакласці нанач гэтага немца?

— Дык дзіва што знойдзецца, — адказалі мы ўсе хорам, зацікаўленыя тым, што ў нашым мястэчку будзе начаваць палонны немец.

— Ён хворы, — растлумачыў нам салдат. — Трэба даць яму паляжаць, а то ён не дойдзе да месца. І так дарогаю колькі разоў лажыўся каля дарогі. Унь пад той хваінай у полі нешта гадзін дзве ляжаў. Гэта добра, што гэты хлопец з возам якраз натрапіўся на дарозе. А то мне было хоць скачы каля яго. Не ўстае, дый годзе. А яшчэ далёка асталося мне яго канваіраваць.

— Але, добры інтэрас! — з пратэстам у голасе і тоне абазваўся трэці з гэтых людзей. Гэта быў хлапчук год шаснаццаці. З усяго відно было, што ён гаспадар каня і воза. Ён сядзеў на другім канцы труны, у перадку воза, тварам к каню і спіною да немца, і трымаў у руках лейцы. — Табе трэба яго канваіраваць ці каб ён вылежваўся, а мне — вазіся з ім і вазі ў труне непахаванага бацьку. Табе добра, у цябе немец, чорт яго бяры, яны з гармат смалілі па нашай вёсцы і нас у свет выгналі, а ў мяне хворы бацька ўчора памёр на дарозе, хворы і з дому выехаў, і маці памерла на тым тыдні, пры дарозе пахована, і сястра памерла.

— Ну дык таго што было не вернеш. Давай падвязём яго ў мястэчка.

— Не павязу я яго! Пакуль не пахаваю бацькі — нікога слухаць не буду! Я яго хацеў хаваць пад той хваінай, а ты казаў, што паможаш мне дзе-небудзь тут пахаваць. Забыўся? Ну дык памагай.

— Дзе ў вас тут могільнік? — сказаў салдат у наш бок. Мы оступам стаялі каля гэтага растрыбушанага воза з труною. Ужо сонца вісела на самым пункце свайго захаду: к вечару неба расчысцілася, і восень нарадзіла ясноту хоць перад скананнем дня…

Королева

Чорны, К. Творы / Кузьма Чорны ; [укладанне і каментарыі М. А. Тычыны] ; навуковы рэдактар У. В. Гніламёдаў. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2015. – 734 с. – (Залатая калекцыя беларускай літаратуры ; т.10).

У 10-ты том серыі «Залатая калекцыя беларускай літаратуры» ўвайшлі самыя значныя творы Кузьмы Чорнага — раманы, аповесці, апавяданні, узоры публіцыстыкі і (у поўным, без скарачэнняў, выглядзе) дзённік, які вёў пісьменнік у канцы жыцця.

Приключения

Чорны, К. Трэцяе пакаленне : раман, апавяданні / Кузьма Чорны. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2009. – 271 с. – (Школьная бiблiятэка)

Урывак з рамана

«Трэцяе пакаленне»

У ясную раніцу Кандрат Назарэўскі паволі ішоў паўз лес каляіністай дарогай. Раса высыхала, сонца прыгравала моцна, лес аж звінеў ад птушыных галасоў. Скрозь блішчала роснае ржышча і на ім — снапы. Фыркаў конь, выбіраючы траву.

Кандрат Назарэўскі аніяк не аддаваў увагі ні сонцу, ні цішыні на полі і ў лесе. За апошнія гады яму ўелася ў косці ўсё гэта і зімой, і ўлетку. Вайна заўсёды адбываецца і ў полі, і ў лесе, а Кандрат Назарэўскі з самага пачатку вайны з палякамі фронту ніколі не пакідаў. Ён нёс цяпер у сабе радасную здаволенасць. Уся мясцовасць, якою ён цяпер ішоў, была ўжо некалькі дзён савецкая. Чырвоная Армія ўжо далёка прайшла наперад. Праз дні два ён дабярэцца дадому, да бацькі, і за месячны водпуск паправіцца ад лёгкай вінтовачнай раны ў назе і тупога болю ў плячах і шыі.

Ён меў пры сабе нарад на фурманку з суседняга хутара. Гэтага хутара ён і шукаў цяпер. За гадзіну часу да гэтага ён пакідаў свой начлег у вёсцы, за лесам; перад адыходам сядзеў на прызбе, а гаспадар хаты, сельскі стараста, пісаў у хаце на кавалачку сіняй паперы загад на Скуратовічаў хутар, каб там далі чырвонаармейцу Назарэўскаму фурманку. Даючы яму ў рукі паперу, стараста як бы апраўдваўся:

- Тут вёрст нават дзвюх не будзе, от так проста, паўз лес. Я вам з вёскі даў бы каня, дык усе ў абоз пад Варшаву паехалі, а ў каго дзе конь дома, дык на ім уся вёска з поля снапы возіць. А ў Скуратовіча трое коней, і, я ведаю, усе дома. Ён коні ў лесе хавае. Вы адно націскайце на яго добра.

Кандрат Назарэўскі заўважыў, што чым больш падаваўся ён на ўсход, тым больш згладжваліся на зямлі сляды нядаўняй вайны. А тут ужо зусім як бы забыліся людзі на гэтую страшную навалу — скрозь спакойна рабілі сваю работу. Чалавек на полі сказаў яму, што зараз будзе вузкая дарога ў лес, на Скуратовічаў хутар.

Лесам Кандрат Назарэўскі не ішоў доўга. Дарога ў лесе адразу пайшла ў лог. Пачаўся густы ельнік. Пры дарозе папараць зусім была мокрая ад расы. Каршачок плаваў над ельнікам, дзесьці блізка сакаталі куры. Неўзабаве бліснула паляна. Шырокі загон насеннай канюшыны ішоў ад ельніку, вузкая дарога ўся была ў высокай траве. Дуплаватыя дзічкі сям-там раслі на полі. Скрозь быў іржэўнік з-пад жыта і ярыны. Авёс стаяў на полі ў крыжыках. Навокал быў лес — яліна і хвоя, толькі з аднаго боку поле злівалася з небам і ледзь відны былі з-за ўзгорка вярхі хатніх стрэх.

Кандрата Назарэўскага спаткалі сабакі страшэнным брэхам. Двор быў абгароджаны старым частаколам. Яловыя частаколіны парассоўваліся ў бакі, і дзіркі паміж імі пазабіваны дошкамі. Старасвецкія дубы, магутныя, як каменныя горы, стаялі над мураваным скляпком. Насупраць склепа адчынена была шырокая стайня. Кандрат Назарэўскі туды адразу і рушыў…

Вверх