Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Брыль Янка

105 гадоў з дня нараджэння

Писатель
Чытайце кнігі Брыля Янкі ў нашых бібліятэках

Брыль Янка (Іван Антонавіч, 1917-2006) — пісьменнік, публіцыст, перакладчык, Народны пісьменнік Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1945 года. Лаўрэат Дзяржаўных і Літаратурных прэмій.

Нарадзіўся 4 жніўня ў горадзе Адэсе, куды здаўна на заробкі выязджаў яго бацька з сям'ёй. Але бацькаўшчына пісьменніка — вёска Загор’е на Наваградчыне (цяпер Карэліцкі раён Гродзенскай вобласці). У той час гэта тэрыторыя Беларусі належала Польшчы. У 1922 годзе сям’я вяртаецца на радзіму, дзе Янка закончыў польскую пачатковую школу, потым сямігодку. Паступіў у Навагрудскую гімназію, але не змог вучыцца з-за матэрыяльных цяжкасцей. Шмат чытаў, займаўся самаадукацыяй.

У 1939 годзе прызваны ў польскую армію, служыў у марской пяхоце. Трапіў у нямецкі палон, восенню 1941 г. уцёк на радзіму, у 1942 — далучыўся да партызанаў. З кастрычніка 1944 года быў запрошаны ў Мінск на пасаду супрацоўніка газеты-плаката «Раздавім фашысцкую гадзіну». Пасля вызвалення Беларусі працаваў у часопісах «Вожык», «Маладосць», «Полымя», быў сакратаром праўлення Саюза пісьменнікаў БССР.

Творчая біяграфія

У 1938 годзе пачаў друкавацца як паэт. Але большага поспеху ён дасягнуў не ў вершаскладанні, а ў прозе.

Сапраўдным пачаткам сваёй літаратурнай працы Янка Брыль не раз называў «Марылю», апавяданне, над якім ён працаваў з 1937 па 1943 год. Твор атрымаўся не проста змястоўны і глыбокі, а выдатны. Ствараючы вобразы Марылі і іншых персанажаў, пісьменнік ішоў ад жывога жыцця, абапіраўся рэальных прататыпаў. Свае прататыпы ёсць у многіх іншых творах Янкі Брыля.

У 1946 годзе выдае першую кнігу «Апавяданні».

Шчодра выявіўся брылёўскі талент і ў жанры аповесці. Ён аўтар шматлікіх зборнікаў апавяданняў і аповесцей. З цікавасцю перачытваюцца і сёння яго творы «Сірочы хлеб», «Апошняя сустрэча», «У сям’і», «На Быстранцы» і асабліва трагічна-ўзнёслая аповесць «Муштук і папка» (1990). Яна напісана пасля таго, як аўтар, атрымаўшы доступ да архіўнай справы, нарэшце даведаўся пра лёс самага старэйшага брата Валодзі, закатаванага ў час масавых рэпрэсій.

Пакінуў свой адметны след Янка Брыль і ў эпічным жанры. Яму належаць раманы «Граніца» (застаўся незавершаным), «Птушкі і гнёзды» (1964).

«Птушкі і гнёзды», бадай, самы біяграфічны твор у гісторыі беларускай літаратуры, у ім вельмі шмат укладзена ад асабіста перажытага яго аўтарам. Янка Брыль і не называе яго раманам, а «кнігаю адной маладосці». Усё дзеянне твора трымаецца на патрыятычным настроі, на нязломным імкненні галоўнага героя, Алеся Руневіча, вярнуцца на радзіму. Падзеі другой сусветнай вайны, характары людзей, іх паводзіны ва ўмовах фашысцкай няволі, светлыя малюнкі ранейшага вясковага жыцця — усё гэта ўспрымаецца і ацэньваецца Алесем з пазіцыі пісьменніка.

У сааўтарстве з А. Адамовічам і У. Калеснікам напісаў дакументальную кнігу «Я з вогненнай вёскі…» (1945, успаміны ўцалелых жыхароў спаленых вёсак Беларусі, крывавая праўда пра вайну, пра фашызм).

У пасляваеннай творчасці Янкі Брыля з’яўляецца такі літаратурны жанр, як лірычная мініяцюра. У 1965 годзе пісьменнік адважыўся выйсці з гэтым жанрам на людзі. Так паявілася кніга мініяцюр у прозе пад узнёслай паэтычнай назвай «Жменя сонечных промняў», дзе пісьменнік шчыра размаўляе з чытачом аб сэнсе жыцця, народнай мудрасці, харастве прыроды. Потым з’явіліся кнігі «Вітраж» (1972), «Акраец хлеба» (1977), «Вячэрняе» (1994), «З людзьмі і сам-насам» (2003) і інш.

Пісьменнік тонка разумеў і дзіцячую псіхалогію. Выдаў кніжкі прозы для дзяцей: «Ліпка і клёнік», «Зялёная школа», «Пачатак сталасці» і інш.

Вверх