Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Брыль Янка

Анатаваны спіс

твор

Брыль, Я. Збор твораў : у 10 т. / Янка Брыль. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2018 –

жніво

Брыль, Я. Ад сяўбы да жніва : апавяданні / Янка Брыль. – Мінск : Маст. лiт., 1987. – 599 с., 1 л. партр.

Урывак з апавядання «Марыля»

«У багатага дзядзькі Жука, без пары нарадзіўшы малое, памерла нявестка Марыля.

Звялі маладзіцу са свету сямейнікі. Свёкар быў звер і скупеча, «зямля ненаежная». А сынок — яшчэ горшы. Воза сена не мог накласці, няўдаліца, і ўсё злаваўся. А хто ж заўсёды першы над рукой, як не жонка? I ёй даводзілася часта. Як толькі пажаніліся, дык і набіць яе не мог, пакуль не навучыўся. Свякроў была вельмі ж драпежная ў працы. Калісь нават дзяцей на полі ці ў градах раджала. Цяпер хадзіла згорбіўшыся і ўсё подбегам, трушком, быццам ёй горш, як усяму свету, часу не хапала…

…Марыля — сірата з далёкай вёскі. I ліха ж яе падагнала выйсці за гэтага Івана! Жыла яна дома пры тату і браце. Пасля тата памер і адпісаў ёй ажно паўтары дзесяціны, бо яна была з ганьбай: на правай руцэ тры крайнія пальцы наўскасяк аджавала трыбай малатарні. Ад залатой рукі першай у вёсцы жняі і праллі засталася толькі кукса. Марыля абкручвала яе хусцінкай, спачатку ад болю, а потым ад сораму. Сваты пачалі абмінаць яе, і маладосць завяла без пары. Марыля была ціхая, пакорная работніца і жаль свой дзявочы хавала глыбока: па вачах — што пасумнелі, праўда, пасля прыгоды — немагчыма было пазнаць, колькі слёз праліваюць яны ў адзіноце. Думала ўжо дзеўкай векаваць, і з думкай гэтай крыху лягчэй было датуль, пакуль у хаце спачувалі. Пасля ж прыйшлося рознае пачуць ад брата і ад братавай — што і казаць… Марыля зрабілася зусім чужой і лішняй у татавай хаце і ўсё больш ды больш стала думаць аб замужжы, — хоць які, абы свой куток.

I вось тады падагнала Івана.

Паслухаць было, што казалі аб ім людзі, але нейкі туман найшоў на дзяўчыну, нічога не бачыла. Прыехалі яны тады — мамачкі! — гарэлкі, цукерак, віна… Сватам быў нейкі купец-свінабой. Апрануты абодва па-панску. А як пачаў сват гаварыць — паслухаць толькі! Іван не спадабаўся ёй адразу. Расказвае, колькі ў іх поля, кароў, свіней, як ён з мамаю лён палоў. I ўсё ікае ад выпіўкі, усё садзіць у вочы дымам папяросы. А нос, нос! — быццам нечым наліты, упяўся ўніз і цягне за сабой лупатыя вочы. Прыйшлося, аднак, пагадзіцца, бо цяжка было спадзявацца на лепшага…

…Увечары, напярэдадні шлюбу, дзяўчаты, плетучы вяночак з руты, заспявалі:

Зборная субота настае,
Марылька дружыну збірае.
Сама маладзенькая між усіх,
Схіліла галованьку ніжэй усіх,
>Схіліла галованьку з касою,
Паліліся слёзанькі ракою…

I Марыля заплакала. Заплакала не вясельнымі слязьмі, для звычаю, а сапраўднымі, сірочымі. Гэтак ясна зрабілася ўсё, — што без долі сцерлася маладосць, што і цяпер на шчасце спадзявацца цяжка…

— Не плач, галубка, змірышся, — шаптала ёй цётка, маміна сястра, і, азірнуўшыся на Стэпку, Мікітаву бабу, зашаптала цішэй: — Не будзеш ходь хлебу ці добраму слову жадна, не тое, што ў гэтай брыдоты…

Ды Марыля не чула, не разумела нічога. Яна ўсё плакала, прыпаўшы галавой да цёткі.

…Грызня, пабоі, беспрасветная праца… Дома нават з куксай работніцай была, там жа таўкачом празвалі. Пераступі — кепска, недаступі — яшчэ горш! А пасля ж яшчэ старыя схамянуліся, што мала іх Ванечка пасагу ўзяў… Тады пайшло яшчэ горш.

I чаму ёй не ведаць было ў пору пра Івана, чаму не знайшоўся добры чалавек ды не сказаў ёй гэтага, чаму яе самую асляпіла?.. Лепш бы ўжо наймічкай век звекаваць…»

запісы

Брыль, Я. З людзьмі і сам-насам : запісы, мініяцюры, эсэ / Янка Брыль. – Мінск : Маст. лiт., 2003. – 334 с.

Запісы з кнігі:

⚹ ⚹ ⚹

У школе-інтэрнаце сустракаліся з дзецьмі-сіротамі, пераважна ад жывых, недастойных бацькоў. Маладзейшыя сябры-пісьменнікі гутарылі з дзецьмі меншымі, што займалі першыя рады, а я ў канцы — са старшакласнікамі. Адказваючы на адно з пытанняў: які мой твор найлепш мне падабаецца, «само сказалася»:

«Хацеў назваць «Вайну і мір», але ж успомніў, што гэта не я напісаў».

Разам са слухачамі весела засмяяўся.

⚹ ⚹ ⚹

Я стараўся добра пісаць на роднай мове… Не, так нельга. Як быццам я стараўся, практыкаваўся дыхаць чыстым паветрам, — а я ж ім проста шчасліва дыхаў… А ўсё ж няясна і так сказалася.

⚹ ⚹ ⚹

Не так шукаю патрэбнага слова, як яно само ідзе да мяне з запасу напрацаванага за гады шукання і знаходжання, ідзе, як быццам хтосьці шчыра паслужлівы шэпча мне з-за патыліцы: трэба вось так. І я бяру яго, найбольш патрэбнае слова ў любай, неабходнай паслухмянасці.

папка

Брыль, Я. Муштук і папка : апавяданні, мініяцюры, маленькая сага / Янка Брыль ; [прадм. Дз. Бугаёва]. – Мінск : Маст. лiт., 2007. – 238 с. – (Бібліятэка школьніка).

Урывак з аповесці «Муштук і папка»:

Я абавязаны яму жыццём.

Быў дзень, калі я, настолькі малы, што змог пралезці паміж радкаватымі металічнымі прутамі старога балкона, праціснуўся так і, з другога боку, упёршыся нагамі і ўчапіўшыся рукамі, пачаў пагойдвацца наперад ды назад. Пакуль не стала страшна і не закрычаў!.. Валодзя выбег на мой крык, паспеў схапіць за каўнер паліцечка. Старога, сіняга, якое я даношваў пасля двух старэйшых.

Я той чорны каракуловы каўнерык запомніў на ўсё жыццё. А на балкон той і на брук пад ім глядзеў у сорак дзевятым. I яшчэ раз, праз сорак гадоў, калі мне пазванілі пра муштук, успомніў таксама…

А мог жа я таксама і памерці разам з ім, нашым найстарэйшым. Калі б здзейснілася тое, што бацька вырашыў, калі з жонкай і меншымі ад’язджаў у вёску. Каб Ігнат, уладзіўшыся на прыходзе, забраў на выхаванне, на вучобу Мішу, а Валодзя, калі закончыць свой інстытут і стане працаваць, а я тым часам падрасту, забраў мяне. Коля застанецца пры бацьках, каб вырасці гаспадаром.

Бацька памёр праз два няпоўныя гады. Мяжа паміж Загорам і Адэсай варожа ўмацавалася. I з нашай замежнай вучобай нічога не выйшла.

У Валодзевым трыццаць сёмым мне было дваццаць. Многія там, куды мы меліся выехаць, у «ворагі народа» траплялі значна маладзейшымі. Курыў бы я, жывучы пры Валодзю, ці не курыў бы, як у Загоры, цяжка сказаць. Застаўся б ад мяне які-небудзь «вещдок» ці не застаўся б — таксама не скажаш.

Ёсць і такое яшчэ.

У першым раздзеле гэтай журботнай недасагі я расказаў, як адзін з маіх паплечнікаў па пісьменніцкім гурце, убачыўшы пасведчанне пра Валодзеву пасмяротную рэабілітацыю, высокаідэйна спытаўся, чаму я маўчаў, што брат мой быў рэпрэсіраваны.

Другі паплечнік, па гурце партызанскім, таксама мой трохі начальнік, вычытаўшы ў газеце пра знойдзены муштук, пазваніў ноччу па міжгароднім, паспачуваў і… зноў жа спытаўся, чаму я пра брата не казаў нічога раней.

У пасляваенным, літаратарскім, варыянце гэта прыдалося б для належнага выпраўлення майго «складанага» жыццяпісу, дапамагло б патаемным біёграфам.

Ну, а ў ваенным, лясным, чаго добрага, прыдалося б яшчэ больш. Асабліва — калі б адразу не «польскі памешчык», а «нямецкі шпіён». Ды таму, хто і сам быў два гады ў Германіі…

Як тут не радавацца жыццю?!

Магло ж быць і трохі не так…

птушкі

Брыль, Я. Птушкі і гнёзды : выбранае / Янка Брыль. – Мінск : Маст. лiт., 2006. – 463 с. – (Беларуская проза XX стагоддзя).

Урывак з рамана «Птушкі і гнёзды»:

«— Падна! Аўф! Падна!..

Такую каманду — польскае «падній», лажыся, абсечанае на свой лад, і зручнае, да брэху, адшліфаванае «аўф», устань, — як аўтамат, нястомна і бяздушна паўтарае гітлераўскі старшы унтэр Шранк.

Адбываецца гэта ў чэрвені саракавога года, калі і прытлусцеламу тылавіку вельмі проста было ўявіць сябе звышчалавекам.

I тут, у вялікім шталагу, стацыянарным лагеры палонных, грымяць на слупах рэпрадуктары, словам і маршам трубяць перамогу над чарговай краінай Еўропы, цвікамі і падковамі салдацкіх ботаў таўкуць яе, над ногі зрынутую Францыю, яе Парыж, яе нікому не патрэбную свабоду.

— Падна! Аўф! Падна! Ляжаць, праклятыя польскія свінні!..

Сотня былых франтавікоў — у чорных, марскіх, і ў сухапутных, колеру хакі, неданосках — ляжыць, прыпаўшы грудзьмі да выбітай, як ток, зямлі, і цяжка дыхае на гарачы пыл і стаптаныя рэшткі травы.

Усім вядома: цяпер, як заўсёды, пачнецца поўзанне…

Калі б знізу заглянуць пад гэтыя насупленыя бровы над зямлёй — убачыў бы ў вачах, вядома, і нянавісць, рознай сілы і адкрытасці, і стому, у залежнасці ад узросту таксама розную: каму не на карысць, а каму дык і проста не на жыццё.

Найменш заўважыў бы страху — прывычка.

А вось смяшынкамі свецяць адны толькі вочы.

Усміхаецца правафланговы.

I відно гэта толькі, бадай, яму аднаму.

Схіліўшы долу светлачубую галаву, на якой нейкім цудам, толькі па ўласнай ахвоце, трымаецца пілотка, хлопец успамінае.

Таксама «падній», толькі ў арыгінале, з вуснаў іншага салдафона, вышэйшага рангам. Калі Алесь быў польскім рэкрутам — даўжэзны год таму назад. Скамандаваў тады, сонечна-чыстай раніцай, капрызна злосны, нявыспаны з перапою ці амурнай валацугі пан падпаручнік Слядчіньскі, такі сабе маладзенькі ды выпінасты ўзводны «вудз», правадыр, па салдацкай мянушцы — Пінгвін. Ляжаў узвод марской пяхоты, зусім нядаўнія вясковыя ды гарадскія дзецюкі з-пад розных Торуняў ды Наваградкаў.

Лаянка, што сакатала над імі, — не хвацкая, не смешная, якой яна бывае зрэдку, а такая ўжо да агіднай нудоты штодзённа, штогадзінна лішняя, якой бы не з рота выходзіць…. Пакуль загадаць падкамандным паўзці, Пінгвін вымешваў з брудам i сыноў, i матак, жаваў, перажоўваў i з асалодай выхаркваў поскудзь казарменнага фальклору, запраўленую адчуваннямі інтэлігентнай стомы, абавязку i вышэйшасці. З грэбліва-пакутніцкай усмешкай на выпешчаным тварыку. Бялявы хлопец, які i ў тым узводзе быў правафланговым, глядзеў, як усе, у зямлю. Малебен гэты трываў нядоўга, аднак рэкрут паспеў заўважыць перад самымі вачыма, паміж нерасквітнелых яшчэ рамонкаў, светлыя, тлустыя, небывала выразныя пясчынкі, успомніць, што ў блакітнай вышыні — пушыстыя белыя хмары-баранчыкі, адчуць, што на душы ў яго свой, чалавечы, вясёлы настрой.

Настрой гэты стварылі: кніга, першая кніга ў казарме, узятая напярэдадні ў батальённай бібліятэцы; сонца, урачыстае, добрае сонца, што ўстала над палямі за расчыненым акном i асвяціла цішыню яшчэ не шумна-мітуслівай, не рэкруцкай раніцы; блакнот, мяккі запазушны блакнот, якому ён ад 7 паўнаты душы давяраў патаемную радасць той светлай, мудрай i пакуль што нібы свабоднай раніцы, сагрэтай сонцам i кнігай…»

Паутина

Брыль, Я. Яшчэ раз пра вечнае : аповесці, апавяданні, мініяцюры і запісы / Янка Брыль. – Мінск : Мастацкая лiтаратура, 2017. – 383 с. : іл.

З мініяцюр і запісаў

Абы на здароўе
⚹ ⚹ ⚹

— Калісьці маці мая ішла замуж, дык не магла дастаць панчох пад вянец. Анучак накруціла беленькіх у хадакі. Спадніца доўгая — яно і не відаць, як там вышэй. А цяпер у мяне тры дзеўкі модныя. Дальбог, братко, мяхі старым капронам завязваю!

⚹ ⚹ ⚹

— Даволі часта чалавечы дур праяўляе ўласцівасць захоўвацца ў свежым выглядзе да самага паважанага ўзросту.

⚹ ⚹ ⚹

— Бабка з кошыкам. Кошык абвязаны. Малады зладзячук пільнаваў яе на вакзале, сесці ёй памог, а толькі цягнік крануўся — выхапіў кошык і пабег.

Паўза. Потым з акна паказалася бабка:

— Еш, еш на здароўе, сынок!

У кошыку быў хрэн. Не цёрты, карэньчыкі.

⚹ ⚹ ⚹

Унук:

— А я, дзеду, болей, з’ем за цябе!..

Дзед:

— Я ўжо, браце, за век наеўся.

Вверх