Бароўскі Анатоль
Анатаваны спіс
Бароўскі, А. Азірніся ў каханні : аповесці / Анатоль Бароўскі. – Мінск : Маст. літ., 1994. – 349 с.
У зборнік ўвайшлі аповесці:
«Азірніся ў каханні», «Бронік-афганец», «Княжабор».
Бароўскі, А. Воляй абраны (Гонар нацыі); Дамова на спакусу (Евангелле ад Лукаша) : [раманы] / Анатоль Бароўскі. – Гомель : Полеспечать, 2012. – 736 с. – (Кнігарня пісьменніка).
(З аўтографам аўтара)
Бароўскі, А. Вужык; Голуб на плячы; Дак : [аповесці, апавяданні, нарысы] / Анатоль Бароўскі. – Гомель : Полеспечать, 2012. – 736 с. – (Кнігарня пісьменніка).
Бароўскі, А. Каліна пад акном : аповесці, апавяданні / Анатоль Бароўскі. – Мінск : Маст. літ., 1987. – 253 с.
Урывак з апавядання «Шыпшынавы цвет»:
«Мазыр раскінуўся на ўзвышку. Што ні вуліца, то пад’ём ці спуск, спацееш, пакуль падымешся на гару, а з гары — бы хто ў спіну піхае… Зімой, калі насыпле снегу, ды ў галалёдзіцу ні адна машына не ўз’едзе на пагорак, не спусціцца ўніз, калі не падсыплеш пяску…
Жэнік палюбіў гэты горад, хаця і жыў у ім усяго два гады, як вучыўся. Ён гэтую любоў адчуў тады, калі развітаўся з ім. Чуў Жэнік, што Мазыр называюць маленькай Швейцарыяй. Мо яно так і здалося таму турысту, які ўпершыню ўбачыў горад, але ж Жэнік ніколі ў Швейцарыі не быў, параўнаць мог Мазыр толькі з іншымі гарадамі, у якіх яму давялося быць.
Была ў Жэніка патаемная надзея — сустрэць тую, што запала ў душу, жыла ў яго сэрцы. Аднойчы было такое — на аўтобусным прыпынку дзяўчына спатыкнулася, як сядала ў аўтобус, ён падтрымаў яе. Жэнік тады і словам не перакінуўся з ёю, а вось вочы яе — вялікія і шэрыя, з налётам туману, запомніў. Запомніў яшчэ, як сяброўкі, што засталіся на прыпынку, крыкнулі: «Галка, напішы, як прыедзеш!» Таму ведаў, як завуць яе. Але што з таго? У Мазыры Галяў уга колькі!..
Яны разам, у цэнтры горада, пераселі на аўтобус, каб дабрацца да чыгуначнага вакзала. Яна прыхільна зірнула на яго — падзякавала. Ён чамусьці быў упэўнены, што яна яго запомніла. Прыгадваючы той выпадак, пасля дакараў сябе не раз: «От жа, дурань, не асмеліўся разам з ёю праехаць далей — да Калінкавіч. Мог жа схлусіць, што і яму па дарозе. Усё было б так проста і лёгка». Часта яму ўспаміналася тая сустрэча. Асабліва там, у калоніі. I найбольш па начах, калі за акном стагнала завіруха, рассыпаючы па шыбах снежныя крупы. У першы ж дзень, як прыехаў у Мазыр, Жэнік і ўгледзеў яе на вуліцы — прычоска з сунічкай-заколкай… Паскорыў крок, дагнаў, дакрануўся да плечука, ціха аклікнуў:
— Галя!
Дзяўчына абярнулася, здзіўлена зіркнула на яго, падняла над падфарбаванымі вачмі тоненькія броўкі, хмыкнула:
— Галя… Але вас, прабачце, першы раз бачу…
То была, на вялікі жаль, не яна.
— Прабачце, абазнаўся, — сумеўся хлопец і спыніўся разгублены, падумаўшы, што так магла адказаць і «яго» Галя. Калі вось так падышоў бы на вуліцы, наўрад ці магла запомніць яго, бо год прайшоў, нават трошкі і больш з той сустрэчы.
Жэнік мог падацца на любую будоўлю — адпраўлялі з калоніі тых, хто добра і сумленна працаваў. Прапаноўвалі і яму, але хлопец катэгарычна адмовіўся, сказаў, што рашыў вярнуцца дадому, хаця лічыў, як іншыя, што «зэкам» вяртацца ў родны горад — невялікая радасць.
За гэты час жыццё прымусіла яго на ўсё паглядаць крыху інакш, чым раней, бо тое, што пачуў і пабачыў, пра што нідзе і не вучаць — ні ў школе, ні нават у інстытуце. I характерам ён стаў больш памяркоўны і разважлівы; дадалося асцярожлівасці і нават боязі — перш, чым нешта зрабіць, думаў: «А ці не ўліпну я зноў у нейкую гісторыю?».
Справа і злева стаялі высокія дамы. Падзівіўся, што выраслі яны хутка, без яго ўжо. Кінатэатр «Спадарожнік», стары пашарпаны будынак, як утапіўся ў высокіх таполях. Тут жа і будынак трэста. Але сюды Жэнік не пайшоў — звярнуў у ціхі скверык і ўсеўся на лаўку — адцягваў час сустрэчы…
Каб жа на тое знаццё, каб жа на цяперашні розум, пе паламалася б яго так жыццё, не пайшло б наперакасяк… А ўсё праз сваю дурноту — у руках руль патрымаць. Хоць на імгненне!..»
Бароўскі, А. Пякельны рай : аповесці / Анатоль Бароўскі. – Мінск : Маст. літ., 2002. – 326 с.
Урывак з аповесці «Пякельны рай»:
«…Клімовіч спыніўся зноў.
Яго як быццам нешта насцярожыла, прымусіла ўгледзецца ў густое кустоўе. Падалося, што адтуль, з карункаў голля, нехта цікаваў за ім, не зводзіў з яго пільнага позірку. Ён нават быў перакананы, што той, хто сочыць за ім, стаіўся за камлюкаватай бярозай — там гайдалася паветра ад нябачнага руху…
Клімовіч закурыў «прыміну». Зацягнуўся едкім дымком, выпусціў яго праз нос, прымружыў вока. У тым баку, дзе гайдалася паветра, падалося, што нехта заплакаў. Бы немаўля, просячы ў маці цыцку. Так магла падаць голас і птушка. Альбо дрэва, калі галіны церліся адна аб адну…
Шкадаваў, што не было побач Чэрчыля. Усё ж жывая душа. Сабака чуйна аднёсся б да ўсіх перападаў і незразумелых з’яў, супакоіў бы сваей прысутнасцю.
Калі ж зноўку прыйшло супакаенне, калі агарнула дрымотная млявасць, тады яшчэ з большай сілай і напорыстасцю наляцеў віхрыска, уцягнуў у свой калаўрот траву і сухое бадылле, анучкі зноў падняліся з зямлі і пачалі круціцца над галавой Антона. У ботаў падняліся халявы — як хто браў іх рукой, — і яны ўзляцелі над ім, і самога Антона нешта прыўзняло, адарвала ад дуба і колькі разоў крутанула ў паветры, але не шмякнула, а асцярожліва апусціла нябачная сіла на зямлю — разам з ботамі і анучамі.
Ён лёгка ўпаў на спіну і раскінуў рукі ўшыркі.
«Што ж гэта такое было? — сам у сябе папытаўся Клімовіч, але дзіўна, страху не адчуваў, толькі цікаваснь. — Перапады тэмператур? Атмасфернага ціску? Якую ж трэба мець магутную сілу, каб падымаць такое ў паветра?..»
Клімовіч не паверыў сваім вачам — дуба на сваім месцы не аказалася. Ён ляжаў за крокаў трыццаць далей — сырым, што быў пры зямлі, бокам, перавернутым да сонца. На тым жа месцы, дзе быў да гэтага дуб, зеўрала чорная яміна. У ёй валтузіліся не то жабы, не то вужы, ці то, можа, чорная зямля, як жывая істота, не магла супакоіцца і старалася зацягнуць сваю рану дзірваном і яшчэ амаль зялёнай травой.
«Божа, што за дзівосы ты падсоўваеш мне? Як тое акурат, што прыходзіла ў сны… Для чаго выпрабоўваеш мяне? Для чаго?..»
Антон заўважыў і яшчэ адну акалічнасць — там, дзе ляжаў нядаўна дуб, не было пня. Тады адкуль ён, дуб, тут узяўся? Буран-віхор прынёс аднекуль здалёку — нават не з гэтых мясцін? Ці пень зарос травой?..
На вачах, тут жа, чорная паласа-яміна зацягвалася травой, звужалася і звужалася — напачатку пакрывалася шэрым налётам з перасохлымі высокімі сцяблінамі, а потым, праз колькі хвілін, і следу не засталося ад разварочанага чарназёму…
«Як у маім сне, — усміхнуўся кісла Клімовіч, — толькі не зразумець — то дзівосы ці нечыя фокусы? А можа, хто пакеплівае з мяне, пасміхаецца?..»
Але ж страху, як і раней, не было. Антон прыняў гульню і рашыў надпарадкоўвацца яе правілам. Падсвядомым пачуццём адчуў, што страхам можа нарабіць шмат бяды. Як усё роўна нехта падказваў яму, як трэба сябе паводзіць, як рэагаваць на ўсё нечаканае, што адбывалася перад яго вачыма.
— Ладна, — сказаў некаму Клімовіч, — твая ўзяла. Я перастаў баяцца, прыму ўсё, што здарыцца са мною, спакойна і разважліва, без здзіўлення…
Тады, недзе за спінай, пачуўся глухі ўздых, як быццам пацвярджаў, што дамогся свайго…»
Творы на рускай мове
Боровский, А. Искушение : роман-фантасмагория / Анатоль Баровский. – Минск : Асобны, 2007. – 304 с.
Боровский, А. Мы – Юницкие (ХІХ – ХХ – ХХІ вв.) : документальный роман / Анатоль Баровский. – Гомель : Полеспечать, 2010. – 600 с.
Боровский, А. Цветут над Припятью сады : / А. Н. Боровский, Ю. М. Герасименко. – Минск : Полымя, 1987. – 64 с.
Публіцыстычныя творы А. Бароўскага:
Бароўскі, А. Ажывала пад рукамі гліна : [нарыс пра мастака Міколу Пушкара] // Памяць : гіст.-дак. хронікі гарадоў і раёнаў Беларусі : Мазыр. Мазырскі раён. – Мінск, 1997. – С. 537-539.
Бароўскі, А.Дорыць Добрыцца дабрыню… : [нарыс аб Мазырскім нафтаперапрацоўчым заводзе] / Анатоль Бароўскі // Полымя. – 2005. – № 8. – – С. 152-165.
Бароўскі, А. Мой Мазыр : [успаміны] / Анатоль Бароўскі // Мазыр. 850 год : у 3-х т. Т. 2. Мазыр літаратурны / пад агульн. рэд. праф. І. Ф. Штэйнера. – Гомель, 2005. – С. 30-45.
Бароўскі, А. Чорны бусел – белы цень : аповяд пра энергетыкаў-ліквідатараў / Анатоль Бароўскі. – Мінск : Маст. літ., 1997. – 331 с. : іл.