Мікола Аўрамчык
100 гадоў з дня нараджэння
Чытайце кнігі Міколы Аўрамчыка ў нашых бібліятэкахМікола (Мікалай Якаўлевіч) Аўрамчык (1920-2017) — паэт, празаік, перакладчык, заслужаны работнік культуры Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1947 года.
Нарадзіўся 14 студзеня 1920 года ў вёсцы Плёсы Бабруйскага раёна Магілёўскай вобласці ў сялянскай сям’і. Тут прайшлі яго дзіцячыя гады. У роднай вёсцы паэт скончыў пачатковую школу, а потым на працягу трох гадоў хадзіў за шэсць кіламетраў у Цялушскую сямігодку. У гэты перыяд ён праявіў сур’ёзную цікавасць да беларускай літаратуры. Сам пісаў вершы, якія змяшчаў у школьнай сценгазеце. А адзін з іх нават прачытаў перад Якубам Коласам, калі той прыяджаў у Бабруйск. Пазней народны паэт з пахвалою адазваўся пра верш Міколы Аўрамчыка «Адлёт жураўлёў».
У 1938 годзе паступіў на філалагічны факультэт Мінскага педагагічнага інстытута, адначасова працаваў у рэдакцыі газеты «Піянер Беларусі». Але скончыць педінстытут не давалося — перашкодзіла Вялікая Айчынная вайна. Мікола Аўрамчык удзельнічаў у баях на Паўночна-Заходнім і Волхаўскім франтах. Пры акружэнні ў чэрвені 1942 года быў узяты ў палон і вывезены ў Рур на каменнавугальныя шахты. Пасля вызвалення ўдзельнічаў у аднаўленні Данбаса. Увесну 1946 года вярнуўся ў Мінск, дзе прадоўжыў вучобу ў Беларускім дзяржаўным універсітэце. Пасля яго заканчэнне (1949) Аўрамчык цалкам прысвяціў сябе журналісцкай і пісьменніцкай дзейнасці. У 1953 годзе пачаўся новы перыяд у яго жыцці. Гэты этап звязаны з новым часопісам «Маладосць», дзе паэт працаваў 27 гадоў загадчыкам аддзела паэзіі.
Творчая біяграфія
Друкавацца пачаў з 1937 года. У 1949-м споўнілася былая мара, тады яшчэ маладога паэта: выдаў першы зборнік вершаў з бадзёрай назваю «Пярэдні край». Амаль услед выходзяць паэтычныя зборнікі «Дружба» (1950), «Шляхамі дружбы» (1952). Аўтар кніг паэзіі «Ключы жураўліныя» (1960), «Сустрэча былых канагонаў» (1963), «Універсітэцкі гарадок» (1967), «Радовішча» (1976), «Запрашэнне да роздуму» (1994) і інш. У яго творах шчырасць, добразычлівасць, любоў да радзімы, драматычны ваенны лёс. Кніга «Сустрэча былых канагонаў» — жыццёвы і творчы ўзлёт Аўрамчыка-паэта, за якую ён атрымаў вышэйшую літаратурную прэмію імя Я. Купалы ў 1964 годзе.
У раманах «Падзямелле» (1983) і аповесці «Палон» (1989) аўтар праўдзіва піша пра перажытае, пра жорсткія баі, палон, маральнае супрацьстаянне ворагу, змаганне за чалавечую годнасць.
У 1984 годзе Мікола Аўрамчык кнігаю «Знаёмыя постаці» ярка заявіў пра сябе як эсэіст і мемуарыст. У твор увайшлі нарысы з цікавымі звесткамі, мала ці зусім невядомымі старонкамі жыцця беларускіх празаікаў, паэтаў, грамадскіх дзеячаў.