Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Алесь Асіпенка

Анатаваны спіс

Верасень

Асіпенка А. Два дні і дзве ночы : аповесці / Алесь Асіпенка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1977. – 304 с. : іл.

Урывак з аповесці:

…Мялешка ішоў доўга. Здавалася, не будзе канца лесу. Ён ужо разумеў, што заблюдзіўся, але ішоў. А шашы ўсё не было.

На нейкім узгорку пад калматай ялінай ён сеў, ўшчэнт змораны і заплакаў ад прыкрасці, як дзіця. Але ніхто не бачыў ягоных слёз, і яму не было сорамна.

Раптам да яго прыйшла на дзіва разумная здагадка. А што, калі ён задужа шмат узяў управа, калі ўцякаў ад шашы? “Адвечны інстынкт гнаў мяне далей ад немцаў, значыць, я нейкі час бег паралельна шашы, каб быць далей ад куль. Колькі я мог прабегчы так?” — разважаў ён.

Сяк-так выбраўшы напрамак па сонцы, Мялешка пайшоў памалу і неўзабаве, сапраўда, выйшаў да шашы. Але і гэта не памагло. З узгорка, на які ён узабраўся, шаша была відаць на кіламетр злева і метраў на семсот справа. На ёй ніякіх машын не было відаць. Трэба было выбіцца з лесу.

Мялешка пайшоў, ужо абыякавы да ўсяго, ледзь цягнучы стомленыя ногі. Хацелася піць. У роце перасохла. Ішоў ён, можа, гадзіну. Нарэшце выбраўся на ўскраіну лесу. Гэта было як насланне: перад ім зноў стаяла тая ж самая вёсачка…

Маладзік

Асіпенка А. Непрыкаены маладзік : раман / Алесь Асіпенка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1982. – 567 с. : іл.

Урывак з раману:

Напрадвесні інстытут Рысакова атрымаў прэмію, што была прысуджана яму яшчэ летась і якая невядома чаму — пагаворвалі, нібы гэта па віне Занямонца, — затрымлівалася. Як і бывала заўсёды, з гэтай нагоды было вырашана наладзіць банкет.

Усевалад Ігнтавіч лічыў, што таварыскія складчыны, ці як іх называлі, банкеты, нейлепш за ўсё згуртоўваюць, цэментуюць калектыў. Але, як чалавек хітры і асцярожны, ён ніколі не выказваў гэтай думкі ўголас. Наадварот, усяляк падкрэсліваў, што ён супраць банкетаў і дазваляе іх толькі таму, што гэтага патрабуе калектыў. Наладжваннем банкетаў займаўся мясцком, які кожны свой крок узгядняў з Рысаковым.

Звычайна — гэта было традыцыяй — на банкеты запрашаліся таксама жонкі супрацоўнікаў інстытута, але не ўсіх, а тых, каго адзяляў сваёй увагай мясцком. Усе ведалі, што спіс на запрашэнне жонак заўсёды праглядаў Рысакоў, выкрэсліваючы з яго адных і дапісваючы другіх.

Адрэй Шанкель спадзяваўся, што яго запросяць з Кацяй. І ўсё ж, калі дырэктарская сакратарка Сіма зайшла ў кабінет і падала яму вузенькую палоску паперы, на якой было надрукавана запрашэнне паважанай Кацярыне Кірылаўне прыйсці з мужам у рэстаран, ён так узрадаваўся і расхваляваўся, што не змог стрымаць сябе. Забыўшыся і на свой чын і на сваю навуковую ступень. Шанкель скочыў з-за стала, чамусьці паціснуў адразу абедзве Сіміны рукі, быццам не мясцком і не Усевалад Ігнатавіч, а яна, Сіма, запрашала яго жонку.

Парогі

Асіпенка А. Парогі : апавяданні / Алесь Асіпенка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1973. – 205 с.

Урывак з апавядання «Сцежка да хаты»:

Наташа прахапілася ад сну: гадзінніка не чутно. Запаліўшы святло, паглядзела на размаляваны васількамі цыферблат. Стрэлкі, як склееныя, спыніліся на трох. Няўжо заспала?

З печы пачуўся прастуджаны матчын голас: — Чаго ўсхапілася? Яшчэ толькі першыя пеўні спявалі…
— Гіру забыла падцягнуць. Цяпер спадзявайся на тваіх пеўняў…

Наташа прыпала тварам да шкла. За акном цёмна, глуха. — Я ўжо даўно не сплю, — сказала маці.
— Не магла разбудзіць, — пакрыўдзілася Наташ. — Чуеш жа, што гадзіннік не чэкае…
— А ён яшчэ нядаўна чэкаў… Сон такі бачыла. Здаецца, бацька твой прыйшоў з вайны. Стаіць у парозе, нешта просіць, а я не магу з месца крануцца: адняло ногі. Прачнулася і ўжо не магла заснуць…

Наташа ведала, пра што будзе гаварыць маці. Пра их нешчаслівы лёс, пра тое, што быў бы бацька, дык і жыццё пайшло б інакш, а ёй, Наташы, не трэба было б мясіць нагамі гразь на ферме.

Пра ўсё гэта не раз гаворана. Наташа знарок грукала кірзачамі, каб заглушыць самотны матчын голас. — Ну, я пайшла, — сказала яна і патушыла святло.
— Грудзі ж захутвай, а то прастудзішся, — наўздагон сказала маці.

Наташа выйшла на двор. З-за Чорнага балота дзьмуў нямоцны калючы вецер. Рэдкія мігатлівыя сняжынкі кружыліся ў пветры. Пад кірзачамі то глуха шамацела каляная ад марозу трава, то звонка патрэскваў лядок на лужынах.

Хутка зім!.. Сцюжа, марозы, завірухі… Замяце сцежку, і тады кожную раніцу давядзецца хадзіць па цаліку. Цяпер сцежка гладкая, хоць бокам каціся.

Сцежку гэтую пратаптала Наташа, калі пачала працаваць на ферме. Дзень за днём, дзень за днём… Колькі кіламетраў пройдзена за гэтыя гады…

Святыя

Асіпенка А. Святыя грэшнікі : раман, аповесць / Алесь Асіпенка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1988. – 495 с. : іл.

Урывак з раману:

Трое былінных асілкаў — Ілья Мурамец, Дабрыня Мікіціч і Алёша Паповіч — выехалі на край лесу, апынілі коней, захопленыя навакольным хараством. Перад імі, проста пад нагамі, клубіўся ў даліне густы белы туман, чамусьці баючыся падняцца сюды, на высокі бераг, асветлены месяцам-поўняй. Злева, апырсканае месячным ззянем, распасціралася ўзгоркавае поле: чорныя плямы ценяў і ярка высвечаныя шапкі пагоркаў. Справа таямніча замёр лес — магутнае палатно: на пярэднім плане кожнае дрэва выпісана выпукла, сакавіта, падсвечана святлом, як умелі пісаць імпрэсіяністы, за гэтымі асветленымі дрэвамі ляжаў чорны цень, з якога дзе-нідзе цьмяна выступілі сілуэты дрэў-пачвар. Хораша і жудасна! Але самае назвычайнае было ўсё ж за ракою, якая агінала доўгую высокую граду. Туман хаваў граду. Таму здавалася, што дрэвы растуць з пены, нават не растуць, а старчма вісяць у паветры і пяюць.

Вверх