Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Іван Чыгрынаў

85 гадоў з дня нараджэння

Писатель
Чытайце кнігі Івана Чыгрынава ў нашых бібліятэках

Іван Гаўрылавіч Чыгрынаў (1934-1996) — пісьменнік, перакладчык, публіцыст, драматург, грамадскі дзеяч, народны пісьменнік Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1964 года.

Нарадзіўся 21 снежня ў вёсцы Вялікі Бор Касцюковіцкага раёна Магілёўскай вобласці, на далёкай усходняй ускраіне Беларусі. Калі пачалася Вялікая Айчынная вайна, Ваню ішоў сёмы год. Вучыцца сістэматычна не давялося. Гэта акалічнасць і абумовіла вялікую прагу да самастойнага чытання, а пазней — і да пісання.

Сямігодку закончыў у сваёй роднай вёсцы, а сярэднюю адукацыю набываў у вёсцы Саматэвічы, дзе нарадзіўся выдатны паэт Аркадзь Куляшоў. Сустрэчы з паэтам (Куляшоў некалькі разоў выступаў перад вучнямі) пакідалі глыбокі след у душы будучага пісьменніка, надавалі яму ўпэўненасць у сабе.

У 1952 годзе пасля паспяховага заканчэння Саматэвіцкай сярэдняй школы паступіў у Беларускі дзяржаны ўніверсітэт на аддзяленне журналістыкі філалагічнага факультэта. Пасля заканчэння ўніверсітэта (1957) Іван Чыгрынаў працаваў на пасадах, якія патрабавалі грунтоўную падрыхтоўку ў галіне літаратуры. Працаваў у выдавецтве «Навука і тэхніка» АН Беларусі, з 1962 года рэдактарам аддзела публіцыстыкі і нарыса ў часопісе «Полымя». Працяглы час быў на кіруючых пасадах у Саюзе пісьменнікаў Беларусі. З 1987 старшыня праўлення Беларускага фонду культуры. Адначасова з 1989 года з’яўляўся галоўным рэдактарам часопісу «Спадчына». Шмат чаго зрабіў па адраджэнню беларускай мовы і літаратуры. Ён адзін з аўтараў Закона аб мовах у Рэспубліцы Беларусь.

Творчая біяграфія

Іван Чыгрынаў яшчэ ў дзяцінстве захапіўся паэзіяй, спрабаваў пісаць вершы. Сваім настаўнікам у літаратуры ён лічыў Аркадзя Куляшова. Друкаваўся з 1952 года. Але пачаткам літаратурнай дзейнасці сам пісьменнік лічыў 1961 год, калі было апублікавана яго апавяданне «Праз гады». Яшчэ будучы студэнтам, ён захапіўся падарожжамі па Беларусі. Усё гэта, зразумела, дало шмат назіранняў, якія дапамаглі пры напісанні многіх твораў.

У 1965 годзе выйшаў у свет першы зборнік апавяданняў «Птушкі ляцяць на волю». Былі выдадзены зборнікі апавяданняў «Самы шчаслівы чалавек» (1967), «Ішоў на вайну чалавек» (1973), «Ці бываюць у выраі ластаўкі?» (1983) і інш. У іх адлюстроўваецца духоўная прыгажосць чалавека ў мірных і ваенных умовах.

Асноўнай у творчасці пісьменніка стала тэма Вялікай Айчаннай вайны. Раманы «Плач перапёлкі» (1970), «Апраўданне крыві» (1976, за абодва атрымаў Літаратурную прэмію імя А. Фадзеева ў 1979), «Свае і чужынцы» (1983), «Вяртанне да віны» (1992) і «Не ўсе мы згінем» (1996) звязаны аднымі героямі і месцам дзеяння (вёска Верамейкі). Падзеі ў пенталогіі пачынаюцца з першых месяцаў вайны і заканчваюцца летам 1944 года. Адлюстравана атмасфера ваеннага часу, вясковы побыт на акупіраванай тэрыторыі, арганізацыя падполля, зараджэнне партызанскага руху. Паказаны боль і пакуты, якія нясе людзям вайна, мужнасць і гераізм народа ў барацьбе з фашыстамі.

Іван Чыгрынаў унёс значны ўклад у развіццё беларускай драматургіі. У цэнтры ўвагі перш за ўсё гістарычныя падзеі, выдатныя дзеячы беларускай гісторыі. Драма «Звон — не малітва» (1988) прысвечана полацкай князёўне Рагнедзе і яе сыну Ізяславу. П’еса «Прымак» (1994) і драматычная аповесць «Брат караля» (1995) пра беларускую дзяржаўнасць часоў ВКЛ.

Сааўтар сцэнарыя шматсерыйнага тэлевізійнага фільма «Руіны страляюць…» (1970, з Іванам Новікавым, адзначаны Дзяржаўнай прэміяй Беларусі ў 1974 годзе).

Паводле раманаў «Плач перапёлкі», «Апраўданне крыві», «Свае і чужынцы» рэжысёр І. Дабралюбаў на кінастудыі «Беларусьфільм» стварыў шматсерыйны телефільм «Плач перапёлкі» (1991).

Глядзець фільм онлайн

Плач перепёлки (все серии, 1990) – YouTube [Электронный ресурс]. – Режим доступа : https://voenhronika.ru/news/plach_perepjolki_vse_serii_1990/2016-01-16-856. – Заглавие с экрана.

Вверх