Вершы, казкі, гумарынкі
У гарадской бібліятэцы №1 для выхаванцаў старэйшай групы дзіцячага сада №13 прайшла гадзіна паэтычнага настрою «Вершы, казкі, гумарынкі — з мнагамоўнай цуда-скрынкі», прысвечаная таленавітаму беларускаму пісьменніку Міколу Чарняўскаму, якому сёлета споўнілася 80 год. Мікола Мікалаевіч напісаў некалькі дзясяткаў кніг для дзяцей. Яго творы ўключаны ў школьную праграму. Яны багатыя на гумар, зіхацяць смехам і дабрынёй.
Разам з бібліятэкарам дзеці зазірнулі ў «цудадзейную скрынку» з кнігамі паэта і пачалі знаёміцца з яго творчасцю. Паслухалі і абмеркавалі вершы пра нашы сімвалы — васілёк і зубр. Верш «Урок ветлівасці» выклікаў усмешку, а таксама прымусіў задумацца, паглядзець на сябе збоку. Урок ветлівасці падоўжыўся гульнямі «Ветліва-няветліва», «Скажы добрае слова таварышу». Яшчэ дзеці развучылі скорагаворкі, лічылкі, з цікавасцю паслухалі павучальную казку «Ласіны хутар і дзіва-камп’ютар», адгадалі краязнаўчыя загадкі ад Міколы Чарняўскага і крыху пагулялі пад песню «Полечка трасуха» на словы паэта. Да кнігі «Матуля Шо, дачушка Шоша» , у якой расказваецца аб рэках, азёрах і рыбах Беларусі, бібліятэкар падрыхтавала гульню «Мемо. Рыбы Беларусі», якая падняла настрой і пашырыла кругагляд.
28 июня |
Заметили ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите Ctrl + Enter