Нахлыне думка навальніцай
У сектары краязнаўства цэнтральнай раённай бібліятэкі імя А.С. Пушкіна адбылася прэзентацыя новай кнігі паэзіі Васіля Андрыеўскага «Нахлыне думка навальніцай».
На сустрэчу з паэтам прыйшлі навучэнцы Мазырскага дзяржаўнага абласнога ліцэя, ветэраны педагагічнай працы дашкольных устаноў, творчая інтэлігенцыя, блізкія сябры і знаёмыя.
Васіль Рыгоравіч Андрыеўскі друкуецца з 1987 года. Аўтар кніг паэзіі «Пад літасцю нябёс», «Вербніца», «Глядзіць спадзеўна Багародзіца», «Кахання гаючы агонь» і шматлікіх публікацый у рэспубліканскай перыёдыцы. Ён з’яўляецца складальнікам і рэдактарам шэрагу калектыўных зборнікаў вершаў: «Ты, Мазыр, — мой Парнас», «Сонца над буслянка», «Спелы ранак», «Прыпяцкія хвалі». Васіль Рыгоравіч заўзяты прыхільнік валейбольнай каманды «Жамчужына Палесся». Цудоўныя вершаваныя творы, прысвечаныя валейбольнаму клубу, друкуюцца ў газеце «Мозырский нефтепереработчик». Многія вершы паэта пакладзены на музыку. Мазырскі бард, кампазітар і выканаўца Міхаіл Копач прыйшоў павіншаваць аўтара сваімі песнямі на словы Васіля Андрыеўскага.
Кніга «Нахлыне думка навальніцай» убачыла свет у сталічным выдавецтве «Каўчэг». Над зборнікам працавалі рэдактар Васіль Жуковіч, фатограф Уладзімір Варабей, дызайн вокладкі зрабіў Уладзімір Пінтусаў. Па экзэмпляру сваёй кнігі аўтар падараваў усім мазырскім бібліятэкам.
Пад час сустрэчы Васіль Рыгоравіч распавядаў аб тым, што яго натхняе на творчасць, чытаў вершы, прысвечаныя роднаму краю, хрысціянскім святыням, матулі, каханню, сваім душэўным перажыванням.
Прыемным падарункам для Васіля Андрыеўскага стала музычнае віншаванне ў выкананні інструментальнага ансамбля Козенскай дзіцячай школы мастацтваў Мазырскага раёна «Верасень».
18 апреля |
Заметили ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите Ctrl + Enter