Дзень роднай мовы
Сёння ва ўсім свеце адзначаецца Міжнародны дзень роднай мовы. Бібліятэкі падрыхтавалі шэраг акцый і мерапрыемстваў да гэтай даты.
У гарадской дзіцячай бібліятэцы №4 прайшла літаратурная гульня «Свяшчэнны храм жывых друкаваных слоў». Мерапрыемства праведзена з мэтай фарміравання лінгвакультуралагічных, камунікатыўных, рытарычных навыкаў вучняў, развіцця ў дзяцей творчага мыслення, пазнавальнага інтарэсу, узбагачэння слоўнікавага запасу, выхавання патрыятызму, павагі да роднай мовы і Беларусі. Дзеці з вялікай ахвотай і задавальненнем адказвалі на пытанні, чыталі вершы беларускіх пісьменнікаў. Удзельнічалі ў камандным турніры, падзяліўшыся на дзве каманды.
У гарадской бібліятэцы №1 прайшла літаратурная размінка «Кніжны воз». На працягу дня бібліятэкар знаёміў чытачоў з беларускімі кнігамі, расказваў пра гісторыю ўзнікнення Міжнароднага дня роднай мовы. Да свята чароўны кніжны воз прывёз цікавыя кнігі, розныя заданні, якія садзейнічалі фарміраванню інтарэсу і павагі да беларускай мовы, узбагачэнню слоўнікавага запасу. Удзельнікі чыталі вершы, адгадвалі на партрэтах вядомых беларускіх пісьменнікаў, называлі любімыя беларускія словы, развучвалі скорагаворкі, лічылкі, пры гэтым імкнуліся размаўляць на роднай мове. Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава «Кніга родная, беларуская», дзе можна было знайсці падказкі, калі заданні выклікалі цяжкасці.
Супрацоўнік Бельскай сельскай бібліятэкі правёў экспрэс-апытанне «Што значаць гэтыя словы?». Бібліятэкар падрыхтаваў заданні для школьнікаў на беларускай мове. Конкурсы патрабавалі ад дзяцей хутка думаць, знаходзіць правільныя адказы. Заданні з фразеалагізмамі беларускай мовы, пераклад з рускай мовы — усё гэта выклікала ў дзяцей цікавасць. Таксама бібліятэкар расказаў аб узнікненні гэтага свята, аб тым, што народ перастае быць народам, страціўшы сваю мову. Вучаніца 5 класа Грамовіч Віталіна расказала верш Еўдакіі Лось «Дзяўчаты мінулай вайны».
У гарадской бібліятэцы №6 імя В. З. Харужай прайшла акцыя «Таямніцы беларускіх слоў». Роднае слова — люстэрка культуры народа, яго духоўнае аблічча. Мова — наша спадчына, якую мы атрымліваем ад бацькоў і павінны перадаць наступным пакаленням. Хто хоць раз пачуў беларускую мову, не забудзе яе мяккасці і мілагучнасці, плаўнасці і напеўнасці, сціплай прыгажосці і самабытнасці. У некаторых склалася ўяўленне, што беларуская мова — гэта перайначаная руская мова. А гэта зусім не так! Сёння мы даказалі, што наша мова самастойная, старажытная і вельмі прыгожая. Карыстальнікам бібліятэкі было прапанавана перакласці з рускай мовы на беларускую паэтапна шэраг слоў — ад лёгкага да больш складанага. Спадзяёмся, што карыстальнікі сёння пазналі шмат цікавага і папоўнілі свой слоўнік. Калі будзеце чытаць новую кнігу, не лянуйцеся праверыць па слоўніку незнаёмае слова, узбагачайце сваю мову.
У кожнага чалавека ёсць толькі адна мова, якую ён лічыць роднай. Менавіта на гэтай мове ён размаўляе з сябрамі, знаёмымі, сваякамі. Менавіта яна для яго найпрыгажэйшая. У гарадской бібліятэцы №5 адбылася акцыя «Колеры роднага слова». У час мерапрыемства гучалі жарты, вершы і прыказкі. Дзеці паспрабавалі сябе ў ролі перакладчыкаў на родную мову. Не абышлося без цікавых тэматычных загадак. Чытачоў правяралі і на веданне беларускіх прымавак. На працягу акцыі ўдзельнікі праявілі сябе як сапраўдныя знаўцы роднай мовы, пашырылі свой слоўнікавы запас і кругагляд. А напрыканцы атрымалі памятныя закладкі.
У Крынічанскай сельскай бібліятэцы на працягу трох дзён праводзілася бліц-віктарына на веданне беларускай мовы пад назвай «Слова адгадаеш — цукерку атрымаеш». Удзельнікі выцягвалі паперку ў выглядзе сардэчка з надрукаваным на ёй рускім словам і перакладалі на беларускую мову. Калі яны спраўляліся з гэтым заданнем, то атрымлівалі цукерку. Аднак некаторыя ўдзельнікі не змаглі адразу перакласці словы. Дык давайце ўсе разам захаваем нашу беларускую мову і будзем часцей гаварыць на ёй дома, на вуліцы, у аўтобусе і з сябрамі.
21 февраля |
Заметили ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите Ctrl + Enter