Дэкада беларускай кнігі
У рамках дэкады беларускай кнігі «На роднай мове я чытаю» бібліятэкі прапануюць чытачам разнастайныя мерапрыемствы. Гэта акцыі, віктарыны, гадзіны інфармацыі і іншыя.
У Вялаўскай сельскай бібліятэцы цікава і займальна прайшло завочнае падарожжа «Праз смуту стагоддзяў дайшло да нас слова», якое складалася са станцый «Перакладчыкі», «Словазнаўцы», «Старонкі мінулага і сучаснага», «Знаўцы беларускага фальклору», «Хуткамоўкі», «Веру-не веру», «Шыфроўка», «Прадоўжы твор» і іншыя. Дзеці чыталі вершы на роднай мове, прыгадвалі беларускія прыказкі і прымаўкі. Напрыканцы мерапрыемства праведзены агляд кніжнай выставы «З любоўю да роднага слова». Дзецям спадабаўся «Кошык літаратурных прысмакаў», кожны ўдзельнік абраў сабе кнігу для чытання дома.
«Якія знаёмыя назвы і словы, якая цудоўная родная мова» — пад такой назвай у Крынічанскай сельскай бібліятэцы прайшла літаратурна-пазнавальная гульня. Бібліятэкар расказаў аб ролі беларускай мовы ў жыцці кожнага беларуса. Каб данесці да юных чытачоў прыгажосць, самабытнасць і непаўторнасць беларускай мовы, дзецям прапанавалі выканаць наступныя заданні: «Хуткамоўкі», «Загадкі са скрыначкі», «Прыказкі і прымаўкі». Удзельнікі мерапрыемства пазнаёміліся з кніжнай выставай «Роднай мовы гук чароўны». Кожны вучань зразумеў, што трэба любіць і шанаваць родную мову, бо менавіта ў мове захавана гісторыя нашага народа, сіла і краса народнага слова.
У Слабадской сельскай бібліятэцы прайшоў літаратурны вечар «Капітан на караблі дзіцячай літаратуры». У пачатку мерапрыемства слухачы расказалі, што яны ведаюць пра беларускага пісьменніка Янку Маўра, а бібліятэкар працягнуў размову пра яго творчасць і лёс. Закрануў лёсы і падзеі герояў твораў «Палескія рабінзоны», «Слёзы Тубі»,«Нажыўка». Дзеці з задавальненнем разгадвалі загадкі пра палескую прыроду і адказвалі на пытанні віктарыны «Жыццё і творчасць Я. Маўра». У канцы мерапрыемства пазнаёміліся з кніжнай выставай «Чараўнік з краіны маленства»
У Козенскай сельскай бібліятэцы для юных чытачоў прайшоў паэтычны лабірынт «Мовы пяшчотнай сузор’е». Удзельнікі ўважліва паслухалі падрыхтаваныя бібліятэкарам вершы вядомых беларускіх паэтаў А. Вольскага, У. Карызны, В. Жуковіча, Р. Барадуліна і інш., якія вучаць нас берагчы самабытную культуру, вялікую духоўную спадчыну, гістарычную памяць нашай краіны. Потым дзеці старанна чыталі вершы з выставы «Адчуем водар мовы роднай». Многія з іх прачыталі вершы напамяць, бо родная паэзія адклікаецца ў сэрцы кожнага. Яна дае адчуванне гордасці за сваю мову. Удзельнікі прачыталі вершы пра родны край, пра сяброўства, пра прыроду такіх вядомых паэтаў, як В. Віткі, Я. Коласа, Н. Галіноўскай, П. Панчанкі і інш. Сюрпрызам для дзяцей стала паэтычная гульня «Прыдумай рыфму», дзе яны хутка завяршалі вясёлыя вершаваныя радкі.
У гарадской дзіцячай бібліятэцы №4 прайшоў турнір знаўцаў «Родная мова, цудоўная мова!..», падчас якога дзеці пазнаёміліся з гісторыяй узнікнення свята. Вядучы турніру расказаў пра прыгажосць і значнасць роднай мовы для народа. Затым, падзяліўшыся на пары, школьнікі праявілі свае веды, кемлівасць і знаходлівасць у розных конкурсах: «Адгадай па апісанні», «Выправі памылку», «Прадоўжы твор», «Цікавыя беларускія словы», успомнілі і растлумачылі беларускія прыказкі і прымаўкі. Увазе юных чытачоў была прадстаўлена выстаўка кніг на беларускай мове «Адзначым Дзень роднай мовы разам». Мерапрыемства атрымалася цікавым і пазнавальным.
22 февраля |
Заметили ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите Ctrl + Enter