На роднай мове я чытаю
У бібліятэках горада і раёна пачалася дэкада беларускай кнігі «На роднай мове я чытаю». У чытачоў ёсць магчымасць актуалізаваць веды па беларускай мове і літаратуры, паказаць узровень эрудыцыі, задаволіць сваю цікаўнасць, пашырыць кругагляд, захапіцца прыгажосцю беларускага мастацкага слова.
У гарадской бібліятэцы №1 прайшлі літаратурныя «ролі»кі «Казка — розуму падказка». У гэты дзень карыстальнікам прапаноўвалі прачытаць услых урывак казкі Станіслава Шушкевіча «Ліса-Хітруха» па ролях. Станіслаў Шушкевіч — выдатны беларускі пісьменнік, аўтар дзівосных твораў для дзяцей, якому 19 лютага споўнілася 115 год з дня нараджэння.
У гарадской бібліятэцы №5 адбылася акцыя «Каларытнае і трапнае беларускае слова». Удзельнічалі ў ёй і дарослыя і дзеці школьнага ўзросту. У ходзе акцыі чытачы пісалі любімае беларускае слова, разгадвалі «Загадкі з вясёлай хаткі» і актыўна выступалі ў ролі перакладчыкаў у конкурсе «Паспрабуй перакладзі» (перакладалі словы з рускай на беларускую мову і наадварот). У якасці падарунка чытачы атрымалі закладку. На працягу акцыі ўдзельнікі праявілі сябе як сапраўдныя знаўцы роднай мовы.
Для чытачоў Козенскай сельскай бібліятэкі прайшла акцыя «Скажа, як звяжа». Падчас акцыі бібліятэкары прапанавалі чытачам падзяліцца беларускімі словамі, якія яны найбольш часта ўжываюць у паўсядзённым жыцці, напісаўшы іх на стыкерах. З задавальненнем паўдзельнічалі ў акцыі і самыя маленькія чытачы, якія адказалі на пытанні моўнай віктарыны і расказвалі пра найбольш вядомыя беларускія словы. Кніжная выстава «Любі, шануй, ведай родную мову!» давала магчымасць удзельнікам апынуцца ў свет твораў як класічнай, так і сучаснай беларускай літаратуры.
Асавецкая сельская бібліятэка прыняла ўдзел у прома-акцыі да Міжнароднага дню роднай мовы. У бібліятэцы была праведзена гульня-віктарына «З любоўю да роднага слова». Увазе рабят былі прапанаваны загадкі, якія яны разгадалі правільна. Удзельнічалі ў конкурсе «Перакладчыкі», дзе павінны былі перакласці словы і словазлучэнні з рускай мовы на беларускую. Адказвалі на пытанні віктарыны. У бібліятэцы была аформлена кніжная выстава «Кніга на роднай мове якая мяне ўразіла», у якой актыўны ўдзел прымалі дзеці.
У гарадской бібліятэцы №3 прайшла акцыя «Мова родная — мова модная». На працягу дня карыстальнікі знаёміліся з лепшымі творамі беларускай літаратуры, успаміналі беларускія прыказкі і прымаўкі, загадкі і жарты, прынялі ўдзел у гульні-віктарыне «Таямніца родных слоў», павандравалі па казачнай Беларусі. Зацікавіла наведвальнікаў і выстава-інсталяцыя «Беларуская скарбонка», на якой былі прадстаўлены прадметы народнага побыту беларусаў і літаратура на гэтую тэматыку, удзельнікам неабходна было назваць прадстаўленыя прадметы і іх прызначэнне.
21 февраля |
Заметили ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите Ctrl + Enter