Гаворыць сэрца роднай мовай
У гарадской дзіцячай бібліятэцы №4 у рамках дэкады беларускай кнігі «На роднай мове я чытаю» адбылася эстафета любімых твораў «Гаворыць сэрца роднай мовай».
На працягу лютага дзеці чыталі творы беларускіх паэтаў і пісьменнікаў, якія былі прапанаваны ім бібліятэкарам, і калі кніга ім спадабалася, перадавалі эстафету сябрам.
Падчас сустрэчы мы з задавальненнем даведаліся, што нязменныя класікі Колас ды Купала не складаюць усё ўяўленне нашых юных карыстальнікаў пра беларускую літаратуру. Так, мы прыйшлі да высновы, што сучасных беларускіх творцаў, кнігі якіх есць у нашай бібліятэцы, дзеці таксама лічаць цікавымі і прывабнымі для чытання. Гэта і А. Бадак «Адзінокі васьмікласнік хоча пазнаёміцца», В. Гапееў «Мая мілая ведзьма» і «Урокі першага кахання», Я. Хвалей «Прынцэса тусоўкі», М. Зарэмба «Хто лепшы рыцар», Л. Дайнека «Чалавек з брыльянтавым сэрцам» і інш.
Акрамя гэтага, дзецям прапанавалі прыняць удзел у розных гульнях ды конкурсах. Напрыклад, юныя беларусы і беларусачкі знаходзілі, які смайлік адлюстроўвае пачуцці, напісаныя на папяровых лісточках, ці знаходзілі назву свайму сённяшняму настрою; гулялі ў перакладчыкаў, чыталі невялікія апавяданні сучасных беларускіх аўтараў і распавядалі, якія пачуцці яны ў іх выклікаюць. Таксама дзецям прапаноўвалася паразважаць над прыказкамі, прымаўкамі і загадкамі, незнаёмымі па сэнсу ці гучанню беларускімі словамі, а потым паглядзець адказ ці значэнне.
Да мерапрыемства была падрыхтавана кніжная выстава «Я кнігу беларускую люблю».
21 февраля |
Заметили ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите Ctrl + Enter