На хвалях беларускай літаратуры
Гарадская бібліятэка №5 гасцінна запрасіла аматараў беларускай кнігі на інтэлектуальна-пазнавальную гульню «На хвалях беларускай літаратуры», каб ахапіць сэрцы цеплынёю слова, мілагучнасцю роднай мовы, музыкай вершаваных радкоў. Прыемна адзначыць, што сёння творамі айчынных аўтараў цікавяцца не толькі дарослыя, але і дзіцячы чытач. А. Бадак, А. Грачаннікаў, К. Жук, А. Вашчанка, І. Мележ, І. Шамякін, У. Ліпскі, А. Федарэнка — з гэтымі і іншымі імёнамі беларускіх аўтараў і іх творамі знаёміла бібліятэкар удзельнікаў мерапрыемства. Яна вяла размову аб роднай літаратуры, ведах, аб знакамітых людзях краіны. Кемлівасць і назіральнасць чытачоў развівалі праз адгадванне загадак, прыказак. Потым былі прапанаваны бліц-пытанні «Хто хутчэй?», дзе кожны прысутны змог паказаць свае інтэлектуальныя здольнасці. Удзельнікі гульні адказвалі на пытанні віктарыны «Даскажы слова», удзельнічалі ў літаратурных гульнях: «Пазнай партрэт пісьменніка», «Пазнай літаратурнага героя». Пад час сустрэчы гучалі меладычныя вершы беларускіх паэтаў і аўдыязапіс песні «Мой родны кут» на словы Я. Коласа.
Для прысутных была прадстаўлена ілюстраваная выстава-прапанова «Чытайце беларускае!» з беларускамоўнымі творамі і перыядычнымі выданнямі. Беларуская кніга заўсёды гаспадыня ў бібліятэцы. Таму пасля заканчэння мерапрыемства многія ўзялі дадому кнігі беларускіх аўтараў і атрымалі салодкія пачастункі. Мерапрыемствы дэкады беларускай і краязнаўчай кнігі далі нам магчымасць яшчэ раз адчуць і зразумець, што ўсе мы жывём у цудоўнай і непаўторнай, багатай на гістарычныя падзеі краіне. Наша літаратура — наш гонар, тая галіна духоўнай дзейнасці, у якой беларусы найбольш ярка праявілі сябе як нацыя.
27 февраля |
Заметили ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите Ctrl + Enter