Наша гордасць і слава
Сёлета наша краіна адзначыла юбілеі народных паэтаў Беларусі, класікаў айчыннай літаратуры — Якуба Коласа і Янкі Купалы. З гэтай нагоды гарадская бібліятэка №1 запрасіла выхаванцаў дзіцячага сада №31 на літаратурную скарбонку «Якуб Колас і Янка Купала — наша гордасць і слава».
Дзеці з задавальненнем і цікавасцю паслухалі ўрывак з вершаванай казкі «Рак-вусач», якая вучыць узаемадапамозе, дабраце, веры ў сябе. Потым паспрабавалі знайсці на карцінках рыб, якія сустракаюцца ў казцы і водзяцца ў беларускіх рэках, развучылі фізхвілінку на верш паэта «Хітры певень», паслухалі верш «Ручэй», прынялі ўдзел у гульні «Ручаёк».
Падчас мерапрыемства ўдзельнікі чыталі вершы Якуба Коласа і прадэманстравалі свае малюнкі да гэтых твораў.
Далей бібліятэкар запрасіла сваіх маленькіх чытачоў да кніжнай выстаўкі «Слова Купалы да творчасці кліча». Дзеці даведаліся, дзе Янка Купала нарадзіўся, жыў, працаваў і як адпачываў, затым паспрабавалі рашыць лагічную задачу ад Купалы. Завяршылася сустрэча словамі Віктара Шніпа : «Творчасць Янкі Купалы і Якуба Коласа — гэта тыя вежы, з якіх мы, беларусы, бачым цэлы свет, і па якіх свет бачыць нас».








17 ноября |
Заметили ошибку в тексте? Выделите ее и нажмите Ctrl + Enter