Звонак Алесь
Анатаваны спіс
Звонак, А. Ружовая чайка : лірыка / Алесь Звонак. – Мінск : Маст. літ., 1985. – 158 с. – (Бібліятэка беларускай паэзіі).
Звонак, А. Санеты / Алесь Звонак. – Мінск : Маст. літ., 1982. – 191 с.
Сардэчны санет
Смак хараства
Свет повен пахаў мёду і ляўконій,
У жыце спяць зняможана вятры.
Нібы галоп ружовагрывых коней,
Імчацца дні маланкавай пары.
А ён, жаўрук, на ўвесь блакіт бяздонны
Адзін, завіс бясклопатна ўгары
І трэлі лье на ўсё зямное ўлонне —
На сенажаці, нівы і бары…
Жывым — жывое. Так і нам з табою,
Спазнаўшым боль і слодыч, смех і плач
Ісці ды йсці з паднятай галавою,
За дабрату не просячы аддач.
Затое будзем ведаць мы абое
Смак хараства і гаркату удач.
Сардэчны санет
Зласлівец
Дабро і ліха трушанкаю ў кучу
Змяшаўшы, славалюбствам жывучы,
Шукае невідушчы завідушчы
У рай зямны таемныя ключы.
А як знайсці жар-птушку ў цёмнай пушчы
Ці зорку ў хмарным небе уначы?!
Чакай, калі павіны хвост распушчыць
Ружовага заранку далячынь…
Не! Злосць дабра не родзіць. Палахлівы
Не стане смелым, як ні варажы.
Так і зласліваму не стаць шчаслівым,
Хоць ад натугі ўшчэнт парве гужы…
Не раз прамчыцца ачышчальны лівень,
Перш чым яго навучыць праўдай жыць!
Маралістычны санет
Асёл і конь
На ўсходзе недзе сцежкаю гарыстай
Асёл паклажу не цяжкую нёс,
А тут каняка, потная ўся чыста,
З апошніх сіл цягнула поўны воз.
Ну што б аслу з дарогі крамяністай
Звярнуць? Дык не. Ледзь буркнуў ён пад нос:
— Скуль знаць табе, што на спіне шарсцістай
Вязу я мудрых кніжак поўны стос?!
Скажу табе, за век свой незлічонна
Перацягаў тамоў я розных тых,
Што й сам вучоным стаць магу хоць сёння!
Мараль адна існуе для такіх:
Асёл, нагружаны цюкамі кніг,
Яшчэ не мае годнасці вучонай!
Звонак, А. Сябрына : выбраныя творы : вершы, паэмы, 1925 – 1985 / Алесь Звонак. – Мінск : Маст. літ., 1987. – 383 с.
Вершы са зборніка
⚹ ⚹ ⚹
Выпадкова зірні у глыбокі калодзеж
І пабачыш у зрэнцы яго трапяткой:
Жоўты клён мігаціць акварэляю Клода,
Быццам схоплены воблака белай рукой.
Так у вочы твае, нібы ў цёмны калодзеж,
Я зірну і адчую ўсім сэрцам сваім,
Як сама ты дзівоснаю фрэскаю Клода
Адаб’ешся ў захопленым зроку маім.
Беларускія жанчыны
Не гартаў я фаліянтаў пажаўцелыя старонкі,
Не шукаў пра вас паданняў, пыл стагоддзяў не страсаў.
Чуў я змалку плач ваш горкі, чуў я смех ваш срэбразвонкі,
Беларускія жанчыны — неўміручая краса!
Станам — зграбныя бярозкі, што павыбеглі край руні,
Замест воч — адбіткі неба яснай чэрвеньскай пары,
Валасы — ручайкі лёну, галасы — напеў шматструнны,
А усмешкі — водбліск ясны санцавейнае зары…
Гордасць, пэўна, узялі вы ў Рагвалодавай Рагнеды,
Дум ясноту Ефрасіння, пэўна, ў спадчыну дала.
Кроў свавольных крывічанак бунтавала вас у бедах —
Пакідалі вы святліцы, бралі ў рукі вы булат.
Нёс тэўтонскі крыжаносец на лязе мяча няславу,
На зямлю славян-суседзяў ваяўнічы рушыў швед —
Адгукаўся Яраслаўне голас цвёрды Гарыславы,
Клікаў віцязяў у бітве затаптаць варожы след.
Крывічоў зямля лясная не скаралася няволі,
Хоць не раз іх род нязломны у пабоішчах палёг.
Паланянкамі былі вы, а рабынямі — ніколі!
Хоць у гневе неразумным адварочваўся Стрыбог.
Колькі вы пакут зазналі — не зазнаў ніхто на свеце!
Кветкі-браткі — вашы слёзы, прарасталі па лясах;
Сек няшчадна вам абліччы ліхалеццяў снег ды вецер,
А не звяла, не змарнела ваша гордая краса!
Гнулі спіны вы ў прыгоне, жалі жыта Радзівілам,
Пелі песні немаўляткам пры лучыне ў позні час;
Гадавалі веліканаў, каб дужэў народ-асілак,
Налівалася каб сіла незгінальная ў плячах!
Вы зазналі дым і попел, спусташэнне лютых войнаў,
Хлеб з бядою-лебядою, лёс салдаткі-удавы;
Вы трывожна сустракалі век дваццаты неспакойны,
Не схілялі ў час нашэсцяў непакорнай галавы…
Вам знаёмы кроў і порах, партызанскія сцяжыны,
Помсты жар у сэрцах добрых, дзе б каханню гнёзды віць;
Вы на смерць ішлі без страху, беларускія жанчыны,
У імя Радзімы светлай, міру, шчасця і любві!
Вы умелі быць гразою. Чырванець умелі ружай.
Рассыпаць дабра алмазы. Карчаваць карэнне зла.
Гэта ваша бессмяротнасць увасоблена ў Харужай,
З вашай мужнасцю Мазанік меч Дамоклаў узняла!
Вы пачатак прыгажосці, вы — жыцця першапрычына,
Бачу будучыню вашу я ў служэнні хараству.
Я цалую вашы рукі, беларускія жанчыны!
Я схіляю перад вамі ў знак пашаны галаву!