Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Ткачоў Васіль

Анатаваны спіс

Варона

Ткачоў, В. Варона : кніга прозы / Васіль Ткачоў. – Гомель : Барк, 2013. – 276 с.

Дзед Аўгей і дзеці

Стары Аўгей больш сядзеў на лаўцы каля сваіх веснічак, абапершыся на кіёк, і назіраў за жыццём, што ладзілася на вясковай вуліцы. Маленькія вочкі-гузікі паспявалі ўсё ўбачыць, запрыкмеціць, — нічога не прапускалі. Ён ахвотна ківаў галавой на прывітанні-паклоны вяскоўцаў, іншы раз змахваў картуз, бліскаў лысінай, нешта мовіў прахожым, цікавіўся, ці прывезлі ў краму хлеб, тады-сяды скардзіўся, што доўга няма дажджу… Ну, а калі побач прашмыгне хто з дзятвы, абавязкова зачэпіць таго словам, стараецца прыпыніць каля сябе, і тады адбываецца невялічкі спектакль каля веснічак старога Аўгея. Хоць і не толькі каля веснічак — там, дзе маглі сустрэцца дзед і дзеці…

Нядаўна я пабываў у сваёй вёсцы каля той хаты, у якой жыў мой дзед Аўгей. Даўно ўжо няма дзеда Аўгея і бабы Аксінні, а ў хаце ніхто не жыве, і яна, хата, таксама памірае…

Але значна больш, перакананы, будуць жыць гісторыі пра дзеда Аўгея і дзяцей, якія склалі, такім чынам, ладную вязанку апавяданняў. I, што прыемна, магу сказаць без лішняй сціпласці: працяг будзе. Бо як толькі прыгадаю нешта цікавае пра свайго дзеда, адразу ж запісваю. Каб самому не забыцца і вам расказаць.

Першакласнік Лёнька

У гэтай невялічкай лясной вёсачцы няма сваёй школы. Ды яна і не трэба — адзін вучань усяго жыве тут. Лёнька. Хлопчык ён гарэзлівы, жвавы. Спярша маці вадзіла малога ў суседнюю вёску за два кіламетры, каб Лёнька граматы набіраўся ў першым класе, а потым хлопчык насупіўся: «Я сам!» Ён не сказаў маці, што дзеці пачалі кпіць з яго: эх ты, сам у школу ўжо прыйсці не можаш, герой!

I пачаў Лёнька хадзіць у школу сам. А дзед Аўгей, як заўсёды, ужо раненька на лаўцы сядзіць, папяроску смуголіць:

— Ты куды, Лёнька? — пытае дзед, нібы не ведае.

— У школу, — горда адказвае Лёнька.

— Дык гэта… навошта пантоплі рваць… у белы свет у школу тэпаць? — хітравата глядзіць на малога Аўгей.

— А што? — Лёнька спыняецца.

— Нічога асаблівага, я ж і кажу. Можна ж і пантоплі не рваць, і адукаваным быць.

— Як гэта? — цікава Лёньку.

— Хочаш, я цябе вучыць буду?

Лёнька яшчэ больш цікавіцца, падступае бліжэй да Аўгея. А стары працягвае:

— Ну. Навучу. Пісаць і чытаць. А што табе яшчэ трэба? Давай, запісвайся да мяне. Падавай заяву. Я табе і дакумент потым выдам, не горш за тую школьную ацістацыю, і пячатку з бульбіны… з самай вялікай андрэты выражу, — і хлопну на дакумент. Га? Без экзаменаў цябе куды хочаш прымуць пасля маёй навукі. У любую акадэмію. А то выдумаў — у белы свет хадзіць, каб навучыцца чаму-небудзь. Я цябе, Лёнька, і раней яшчэ вьшушчу — усіх абскачаш, ужо можа якім інжынерам станеш ці касманаўтам, а дружбакі твае будуць яшчэ ў той школе млець. Дык думай, Лёнька. Думай.

Лёнька раптам развярнуўся і наўскач паімчаў дамоў. Праз колькі часу ён на той жа хуткасці прашмыгнуў каля Аўгея, паказаў старому язык — прывітанне, а як жа, ад бацькоў. А сам у школу ж пабег, куды яшчэ.

— Чаго добрага, спозніцца, жэўжык, — праводзіў вачыма хлопчыка Аўгей, хітравата ўсміхнуўся. — Бяжы, бяжы, Лёнька. Вучыцца трэба. Ты дзеда не слухай. Дзед напляце табе бочку арыштантаў… Бяжы, бяжы…

Вятрак

Ткачоў, В. Вятрак – птушка вольная : аповесці. Апавяданні / Васіль Ткачоў. – Гомель : Палесдрук, 2003. – 284 с.

Вятрак — птушка вольная

Уравак з аповесці «Што цётка немцам паказала»

Прапаў у цёткі Аксінні певень. I куды падзеўся, небарака? Толькі ж швэндаў па двары сярод курэй, і — няма.

— Пеця, Пеця! — нібы нейкага хлапчука, клікала курынага кавалера старая. — Ну дзе ты, голуб мой? Хадзем дамоў, калі жыць хочаш, дурань ты непрыкаяны! Ці чуеш? Пачуеш, ды позна будзе. Адны костачкі застануцца. Вунь яны, бач — панаехалі! Злопаюць — і вокам не міргнеш! Як ніколі іх не кармілі. Бы з галоднага краю. Ага! Ну, дзе ж ён? Цы-ы-п-цып-цып!..

Старая і на гародчык зазірнула, і пад паветку: няма, як скрозь зямлю праваліўся курыны кавалер. Тады Аксіння шпарка, нібы падганяў яе хто дубцом, выбегла на вуліцу, сустрэла там суседскага хлапчука Юраську, і, хаўкаючы ротам, шмарганула за рукаў: — Юр! Га, Юр! Ты пеўня майго не бачыў?

Адкуль яму, Юраську, бачыць таго пеўня? Хіба ж да яго цяпер, калі немцы ў вёсцы. Самыя сапраўдныя — пра якіх гаварылі па «талерцы» каля канторы калгаса, што напалі на наш Саюз. I нядаўна, здаецца, напалі, а ўжо ў Хатоўні аб’явіліся, ні ў каго не папытаўшы. Шустрыя, аднак. I адкуль бяруцца такія нахабнікі, папытаць бы? Юраська паназіраў трохі за няпрошанымі гасцямі здаля, з-за плоту, ды адразу ж і да хаты — бяжком, не азіраючыся: ну іх, немцаў тых! Расходжваюць, гергочуць, пагражаюць. Што да чаго! «Можа і певень цёткі Аксінні цяпер недзе ў іх? Бач, пазакасвалі рукавы… валасатыя рукі, нічога не скажаш: такія і цапнуць могуць што хочаш, за імі вока ды вока трэба». Але ж цётцы Аксінні адказаў, асабліва не разважаючы — тут не да філасофіі:

— Не бачыў. Трэба мне ён…

А потым паглядзеў на старую, і яму чамусьці зрабілася шкада яе, параіў хаваць курэй падалей ад немцаў, бо тыя, кажуць, дужа іх любяць — і смажаных, і ў чарапках з бульбай.

— Толькі падавай, — Юраська ажно прыцмокнуў языком, бо так, палічыў хлопчык, больш пераканае Аксінню, дакажа нарэшце ёй, хто такія немцы. — А таму хавай астатніх курэй, цётка. З’ядуць.

— Ды з’ядуць, каб яны лопнулі! — пагадзілася Аксіння, хоць і сама не горш за хлапчука ўсё ведала. — Ды сажруць, каб ім затлуміла! Во ўжо ненасытныя! Во ўжо не напруцца!.. I не падавяцца ж!.

А Юраська прыгадаў, бы капнуў газы ў полымя:

— Без разбору, цётка Аксіння. У дзеда Нупрэя ўсіх падшкрэблі, бы венікам падмялі. Адным махам. Мне сам дзед казаў. Можа певень на пярэпалахлямант курэй пабег, заступацца? Усё ж мужчына. Мог пабегчы, як думаеш, га?

Цётка Аксіння зусім, здаецца, разгубілася. Яна не ведала, куды ёй ісці — ці вяртацца дамоў, ці бегчы шукаць пеўня, ад якога, мусіць, толькі пер’е і засталося. На ўсялякі выпадак старая паказала рукой у той бок, дзе таўкліся немцы і адкуль чулася чужая, незразумелая ёй, гаворка:

— Певень, думаеш, туды шугануў?

— Усё можа быць.

— Не аддам! — нарэшце цётка Аксіння тупнула нагой, рашуча і смела. — Дудкі ім! Смалы! Во ім, а не пеўня! — I паказала кукіш…

проза

Ткачёв, В. Дом коммуны : роман. Повести / Василь Ткачёв. – Минск : Літаратура і Мастацтва, 2010. – 232 с. – (Лімаўскі фальварак).

Отрывок из романа:

«Этот Дом стоит вблизи железнодорожного вокзала. На первый взгляд может даже показаться, что они находятся по соседству, и это почти так; Дом врос в землю в самом начале проспекта Ленина, по левую сторону, если ехать или идти в город, врос надежно и основательно, будто комлистый дуб-крепыш среди других деревьев. Стоит между домами, которые годятся ему в сыновья. А если сегодня забраться на чертовом колесе в парке Луначарского на самую высокую точку, попробовать посмотреть на избранный объект, то и не увидишь тот Дом коммуны: заслонили его, старика, новые высоченные громадины. И шапки при этом даже не сняли перед ветераном. Не снизошли, чтобы ему поклониться. Только и радости, что его, Дом коммуны, по-прежнему знают люди, тепло, искренне вспоминают иногда. И ни для кого такое не секрет: когда ведут диалог о житье-бытье горожане, то нет-нет да и выхватишь из их разговора два слова, которые для многих стали символом города — пожалуй, точно так, как Красная площадь для Белокаменной: «Дом коммуны». Как же, Дом коммуны!.. Не получается побеседовать, чтобы не обмолвиться о нем словом-другим, как не получается попасть в центр города с Привокзальной площади, не заметив его. Он будто смотрит своими большими глазами-окнами на каждого прибывшего в город, встречает как радушный хозяин.

Привет и тебе, старина!

Когда появился этот Дом на свет белый — знают немногие, однако сегодня в городе есть люди и постарше его. Вот и один из таких жильцов сидит сейчас перед окном, смотрит на Дом коммуны, — его квартира под самым козырьком дома, он сейчас как раз через дорогу, — и старику хорошо видно, что делается напротив. Познакомьтесь: Степан Данилович Хоменок. Высокий и худой, словно жердь, а жилистое лицо заметно испещрено мелкими морщинками, на удивление густые для его возраста волосы будто обильно припудрены дорожной пылью. Почти всегда спокойный и уравновешенный, только вот с зубами беда — искрошились, лишь один остался во рту. На худом лице Хоменка отчетливо выделяется нос — длинный и кривой, словно в свое время кто-то звезданул по нему кулаком, и тот навсегда отвернулся от кулака: страшно. Почему — словно? Так и было. Если полистать жизненную летопись Хоменка, то найдем в ней и страницу, где он за год до смерти Сталина попал на российский Север, там в шахте добывал уголь отбойным молотком. Попал туда за длинный язык — тогда модно было карать за него, — а потерпел, как видите, нос: не угодил конвоиру, а у того был пудовый кулак. Ну, да что уже!.. На Север Хоменок не сердится, а иногда, бывает, и отпишет ему щепотку признательности: «Закалился там, нечего говорить. Потому и топаю по земле-матушке уже почти восемьдесят, и стопку порой беру, и рука не дрожит. Что та стопка в сравнении с отбойным молотком! Спичка. Но одно все же скажу: на Севере том хорошо жить по своей воле… Как и везде». С поселения он вернулся тогда с кое-какими деньгами, вернулся в Дом коммуны, где у него и жены Дуси была на последнем, четвертом этаже однокомнатная ячейка, около самого туалета. Дуся ждала его: Хоменок, как сам острит иногда, радовался, что за два года, которые отсутствовал, не произошло пополнения в семье, а то всяко могло быть: женщина она красивая, в молодости парни увивались за ней. Сын Петька теперь живет да здравствует далеко, служил старшиной в армии на Дальнем Востоке, под Уссурийском, там и остался на сверхсрочную…».

хлопцы

Ткачоў, В. Крутыя хлопцы : гумар / Васіль Ткачоў. – Мінск : Беларускі Дом друку, 2001. – 30 с. : іл. – (Бібліятэка часопіса «Вожык»).

Цяжкая ноша

Сустракаю ўвосень — добра запомніў, бульбу капалі — нашу мясцовую паэтэсу Электру Вітольдаўну з клункам на плячы. У ванну з такімі клункамі звычайна бежанцы ішлі. Павіталіся. Бачу, цяжкавата ёй, а новыя вершы прачытаць хочацца, таму прапанаваў сесці на лаўку. Селі. Электра Вітольдаўна адразу пераходзіць да справы — вершы пасыпаліся, як гарох з торбы.

— На сёння хопіць, — гаворыць паэтка. — І так забавілася. Гэта ж во на базар бягу — трэба прадаць боцікі, паліто, шапку ды яшчэ сёе-тое. Паабяцалі кнігу за свой кошт выдаць, а грошай няма. Мо наскрабу? Момант, сам разумееш, нельга ўпускаць. Тым больш што ў дзяржаўным выдавецтве мяне ніхто не чакае, там сваіх аглаедаў багата. Ды і хіба ж яны надрукуюць таго, хто лепш за іх саміх піша? Ніколі! Усё, усё, пабегла. Табе першаму аўтограф дам. Да сустрэчы!

На тым развіталіся. Перад Новым годам зноў сустракаю Электру Вітольдаўну на тым жа самым месцы і з тым жа клункам на плячы. Пытаюся:

— Куды шлях трымаеш, шаноўная?

— Усё туды ж… — шматзначна ківае Электра Вітольдаўна. — Трэба патроху кнігі прадаваць, а то зіма, а ў мяне ні ботаў, ні паліто, ні шапкі. Аўтограф я табе потым дам. Потым. Няма пакуль часу… Зіма… Холадна… Хлеб, кажуць, падаражэў?

На гэты раз Электра Вітольдаўна вершы мне не чытае — адразу ж шыбуе далей па вуліцы, сагнуўшыся пад сваімі томікамі, на базар.

Я паспачуваў: сапраўды, цяжкую ношу ўзваліла на свае плечы жанчына.

Мішэнь

Ткачоў, В. Мішэнь : аповесці, апавяданні, п’еса / Васіль Ткачоў. – Мінск : Звязда, 2020. – 288 с.

Урывак з аповесці «Мішэнь»

На ўроку Арцёмка забыўся пра настаўніцу і аднакласнікаў — ён, не адрываючыся, глядзеў у акно. Настаўніца без асаблівага папроку ў голасе заўважыла яму:

— Ты што, птушачак лічыш?

Хлопчык на дзіва спакойна, не паварочваючы галавы на голас, адказаў:

— Не, галінкі…

I працягваў іх лічыць, толькі цяпер ужо больш смела і адкрыта — нават торкаў пальцам на тыя самыя галінкі, якіх на старой акацыі, што захінула сабой ад белага свету акно і стварала нейкім чынам ціш і спакой у класным памяшканні, было вельмі многа, вельмі!..

Нават каб не празвінеў званок на перапынак, хлопчык усё роўна б не паспеў іх палічыць, тыя галінкі. Ці дакладней сказаць — не здолеў бы: дрэва мае густую крону, у ёй гуляе-сваволіць ветрык, таму галінкі зрэдчас гойдаюцца, калываюцца, яны то з’явяцца, то зноўку прападуць: паспрабуй усачыць за імі. Нібы дражняцца з Арцёмкам.

Аднак ён даў сабе слова калі-небудзь усё ж даведацца, колькі галінак мае акацыя. Наперадзе было яшчэ шмат урокаў, і гэта цешыла хлопчыка.

2

Учора Арцёмку маці вадзіла ў паліклініку, доктар прапісаў яму кроплі ў нос і адвар ад прастуды — каб не сіпела ў горле — і папрасіў стаць спярша на шалі, а затым памераў ягоны рост. Там жа, у тым чысценькім несамавітым пакойчыку, хлопчык і даведаўся, што мае рост 145 сантыметраў, вагу — 38 кілаграмаў. Многа гэта ці мала — усе тыя лічбы яму мала пра што гаварылі, а калі апынуўся на вуліцы, і зусім забыўся на іх. Ён не ведаў, вядома ж, бо вышмыгнуў раней, што маці доктар параіў даваць яму больш вітамінаў і наогул каларыйнай ежы, на што тая, седзячы на канапе і цікуючы за кожным рухам мужчыны ў белым халаце з рыжымі вусікамі пад носам, толькі ўздыхала, ківала-пагаджалася: канешне ж… я разумею… вядома ж… пастараюся… А ўжо калі прычыніла дзверы кабінета, нібы апраўдваючыся перад людзьмі, што чакалі сваёй чаргі на прыём, сказала:

— Расце ж калі!..

дыктант

Ткачоў, В. Незвычайны дыктант : апавяданні / Васіль Ткачоў ; мастак Ул. Сытчанка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2004. – 44 с. : іл.

Непаслухмянае мыла

Максімка мыецца ў ванне. Адзін. Як дарослы. Але больш займаецца ён тым, што ловіць мыла, якое зусім не слухаецца — выслізгвае з рук, нібы забаўляецца з хлопчыкам, дражніцца:

— Ага, паспрабуй злаві! А вось і не зловіш! Максімка такіх жартачак не разумее, пачынае румзаць, на вочках выкругліліся слязінкі.

Падыходзіць мама: бяда ж нейкая?

— Што з табой, сынку? — пытае

.

— Мыла… не слухаецца, — паказвае хлопчык на мыла

.

Ён апускае руку ў ваду і… ловіць мыла! Максімка моцна заціскае яго ў кулачку і шчасліва ўсміхаецца: калі мама побач, то і мыла становіцца паслухмяным.

Сцежкі

Ткачоў, В. Сцежкі-дарожкі : артыкулы. Інтэрв’ю. Рэцэнзіі / Васіль Ткачоў. – Мазыр : Калор, 2018. – 180 с.

Полацк

Ткачоў, В. Так и жывём, брат : аповесці. Апавяданні. Маленькія былі / Васіль Ткачоў. – Мінск : Маст. літ., 2013. – 382 с.

Урыўкі з аповесці «Гульня»:

«Амаль у адзін і той жа час з пункта А (Чарнігаў) у пункт Б (Гомель) і насустрач выехалі два чалавекі: дацэнт факультэта славянскіх моў Чарнігаўскага ўніверсітэта імя Т. P. Шаўчэнкі Васіль Будзёнаўскі і дацэнт кафедры беларускай літаратуры Гомельскага ўніверсітэта імя Ф. Скарыны Віктар Ярась. Абодва былі ў строгіх касцюмах, пры гальштуках і абодва з’яўляліся прызнанымі паэтамі, членамі творчых саюзаў сваіх незалежных з нядаўняга часу краін. Васіль Будзёнаўскі ехаў у госці да Вікгара Ярася, а Віктар Ярась — да Васіля Будзёнаўскага. Славяне сябравалі. I даўно. Таму пра паездку адзін да аднаго нават не дамаўляліся, яны рабілі гэтак і раней, сабраліся… і паехалі. «Няхай Васілю будзе сюрпрыз!», «Няхай Віктару будзе сюрпрыз!» Колькі разоў так ужо рабілі, і нічога — прамашак не было: заўсёды сустракаліся, як і мае быць, на належным узроўні. Поціск рук, абдымкі, а з моцных напояў не бралі ў рот ні кроплі. Плюньце таму ў вочы, калі кажуць, што паэты п’юць занадта, меры не ведаючы, як вярблюды перад спёкай — пра запас. Гэтыя не п’юць. Hi кроплі. Для многіх, мусіць, і сапраўды цікава — а навошта ж тады збіраюцца, ездзяць у госці адзін да аднаго? Што, ім больш няма чаго рабіць? А вось ездзяць, відаць, нешта ж во цікава разам, і не лічаць сябе дзівакамі.

Васіль Будзёнаўскі білет на аўтобус купіў загадзя, бо ведаў: у суботу шмат гандляроў-торбачнікаў стараецца трапіць у Гомель, аўтобус жа, як вядома, не гумавы. Жадаючых паехаць да беларусаў на базар было зашмат і на гэты раз. Што вязуць браты-ўкраінцы братам-беларусам? Вядома ж: сала, алей, марачнае і таннае віно, мар гарын, сметанковае масла, а таксама — шкарпэткі, майкі, трусы… Усяго патроху. А выгода, мусіць жа, нейкая ёсць, калі не ўперціся з-за іх у той аўтобус такім вось сціплым і — не яго бяда! — вядомым людзям, як паэт і выкладчык Васіль Будзёнаўскі. У Гомелі, дарэчы, ёсць праспект Краўчука — дарога ад чыгуначнага (а побач і аўта) вакзала да цэнтральнага гарадскога рынку: некалі паабапал яе стаялі гандляры з Украіны і прапаноўвалі розны тавар. Перайменаваць праспект з выпадку змены прэзідэнтаў не паспелі — ужо калі быў абраны Кучма, то гандляваць там забаранілі, і сябры-суседзі абляпілі, дзе толькі можна, гарадскі рынак, а найбольш пранырлівыя ўцёрліся і пад яго дах. Праспект жа Краўчука і сёння існуе — у памяці хоць, аднак усё ж…

Перш, чым заняць сваё законнае месца ў аўтобусе, Васіль Будзёнаўскі памеўся выручыць хлопца ў кепцы і з прарэхай у роце, узяў у таго чатыры пляшкі віна. Тых пляшак паэт не бачыў, яны былі ў цэлафанавым пакеце, да таго ж яшчэ і ў газеціне, на якой ён паспеў угледзець сваё прозвішча, і здагадаўся, што гэта апошні нумар абласной «маладзёжкі», дзе на гэтым тыдні надрукавалі падборку ягоных вершаў. Хлопец у кепцы і з прарэхай у роце такія ж пакеты перадаў яшчэ двум чалавекам і ўсім шчыра дзякаваў, а то, казаў, мытня не прапусціць, а гэта ягоны хлеб. Не віно, канешне ж, а чаўночны гандаль. Яму пайшлі насустрач. Васіль Будзёнаўскі не надта разбіраўся ва ўсім гэтым, а людзям дапамагаць любіў, хоць іншы раз яму гэта дорага каштавала. I заракаўся ж не рабіць больш такога, аднак забываўся на гэта чамусьці адразу, варта было звярнуцца да яго зноў каму-небудзь: «Вы, шаноўны, не змаглі б мне?..»

Неўзабаве аўтобус закалываўся на выбоінах, якіх з’явілася чамусьці многа ў апошні час на прывакзальнай плошчы, і пакіраваў па маршруце. Пасажыры памалу суцішыліся, і амаль усе былі заняты сваімі дробнымі справамі: адны снедалі, іншыя перакладалі з сумкі ў сумку, з пакета ў пакет розныя скруткі, пакецікі, пакункі… І так амаль усю дарогу, пакуль будуць ехаць да мытні, корпаліся, бы жукі. Адчувалася, што хвалююцца. I яшчэ тое, што амаль усе яны старыя знаёмыя. Паміж сабой…»

Мінск

Ткачоў, В. Тратнік : кніга прозы / Васіль Ткачоў. – Гомель : Палесдрук, 2002. – 384 с.

Урыўкі з аповесці «Да неба камень не дакінеш»:

«Добра, здаецца, ведаю я сваіх землякоў, а не перастаю іншы раз здзіўляцца: быццам толькі і знаюць яны, што хлебчык вырошчваць, дзетак песціць-гушкаць, а калі час падаспее — і ў салдаты іх праводзіць, а потым сустракаць такім жа парадкам, з чаркай і з крыкліва-пісклявым гармонікам, але, бывае, нахопіцца ў іхнім жыцці, як той віхор сярод белага дня, такая сітуацыя, што ахнеш-охнеш, насмяешся і наспачуваешся, паспявай толькі слёзы прамакаць насоўкай. І тады ўся мая Гута жыве адчуваннем нечага новага, свежага, смачнага. На тварах людзей — заўсёды сур’ёзных і заклапочаных — запальваюцца, бы лямпачкі ўвечар, лагодныя ўсмешкі. Гэта ж добра, што так. Вось тады і я зайдрошчу землякам, нават, прызнаюся, крышачку шкадую, што жыву-таўкуся ў гарадскім тлуме. Але, дзякаваць Богу, не забываецца гэты маленькх куточак бацькоўскай зямлі, і чым жывуць людз і — жыву і я, а яшчэ ўмудраюся расказачь пра іх іншым.

Як вось і на гэты раз.

Гатовы паслухаць?

Кінамеханік і паштальён Мішка Арынавіч — ён дзве насады займае ў нашай Гуце — і сам ніколі не мог, пэўна ж, падумаць, што пуцёўка на курорт, якую ў тэрміновым парадку ўручыў яму прафсаюз на адным, вядома ж, з працоўных фронтаў, пераблытае усе карты, з ног на галаву паставіць веску. Атрымалася ж якраз так. Адпраўляючыся ў Адлер, Арынавіч, паколькі чалавек ён адзінокі, прыглядаць за хатай і дамашняй жыўнасцю даверыў Трафіму Кіпціку, дэманстраваць у клубе кіно — Ігнату Амерыканцу, а разносіць паштовую карэспандэнцыю прысобіў Ягора Чапуху. Размеркаваўшы, такім чынам, абавязкі, Арынавіч падняў запэцканую шклянку, глянуў на мужчын, у руках якіх было тое ж, што і ў самога, гучна і афіцыйна сказаў:

— Сябры мае! Аднавяскоўцы і аднадумцы! Думаеце, лёгка мне, ядрона шыш, ехаць у той Адлер, каб ён спрах? А трэба. Трэба, браткі! Прафсаюз уважыў мяне як перадавіка вытворчасці, а перадавікамі, самі разумееце, не нараджаюцца. Імі становяцца. І хіба ж я, вось вы скажыце мне, вінаваты, што стаў ім… гэтым… як яго?

— Перадавіком, — падказаў Амерыканец.

— Правільна … перадавіком, — падхапіў Арынавіч, ён часцяком не ўспамінаў словы, што павінны ісці наперадзе, калі выпіваў звыш нормы. — Дык вы ўжо не абяссуддзе, што ўзваліў на вашы кволыя плечы лішні клопат, але ж Мішка налье вам яшчэ болын, чым сёння, калі вернецца…

— Вяртайся, Мішка, жывы і здаровы, — пажадаў Кіпцік і потайкам хлюпнуў носам.

— Я вам, ядрона шыш, прывязу з таго курорту, вы толькі добра глядзіце тут, каб камар носа не падтачыў, закусіць не скрыль сала прагорклага, а які—небудзь далікатэс, — паабяцаў Арынавіч і пахіснуўся, але яго падтрымаў Чапуха.

— Стаяць! — сказаў Чапуха і мацюкнуўся.

— У мяне ўсё, — уздыхнуў Арынавіч, па чарзе пацалаваў кожнага з мужчын — па тэлевізары ён бачыў, як гэта робіцца — і не з першай спробы падхапіў чамадан з зямлі, што валяўся на гарышчы з таго часу, калі Мішка ездзіў вучыцца ў горад на кінамеханіка, а цяпер вось і спатрэбіўся. — Чакайце. Мішка, ядрона шыш, на тым курорце спраў наварочае і вам раскажа. Ну, мужыкі, трымайцеся тут, а я, так і быць, адчальваю. Пара. Пара ў пуць дарогу-у-у!..

Арынавіч, стараючыся ступаць цвёрда і непахісна, пачыкільгаў у бок крамы, дзе на крузе спыняецца аўтобус. Кіпцік, Амерыканец і Чапуха ўспомнілі пра шклянкі, у якіх было, пераглянуліся і моўчкі пракаўтнулі пітво.

За Мішку…»

Мінск

Ткачоў, В. Характары : п’есы / Васіль Ткачоў. – Мінск : Беларуская энцыклапедыя імя П. Броўкі, 2016. – 517 с.

Мінск

Ткачоў, В. Як сон знайшлі : апавяданні / Васіль Ткачоў. – Гомель : Барк, 2021. – 67 с.

Вверх