Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Пташнікаў Іван

Анатаваны спіс

твор

Пташнікаў, І. Збор твораў : у 4 т. / Іван Пташнікаў. – Мінск : Маст. літ., 1990-1992.

жніво

Пташнікаў, І. Львы : апавяданні / Іван Пташнікаў. – Мінск : Юнацтва, 1991. – 217 с. : іл.

Урывак з апавядання «Алені«:

«…Яна спынілася, але ёй доўга здавалася, што снег усё скрыпіць пад нагамі. Тады яна ўслухалася: нехта стукаў далёка ў лесе, і недзе рыпеў снег. Мусіць, тата хадзіў сам да стажка… Яна хацела крыкнуць, але перадумала: можа, усё ёй здаецца.

Пасля адышлася далей на балота і пачула, што ля стажка шастае сена.

«Недзе з таго боку ад пушчы».

Яна адышлася яшчэ далей на балота і тады ўгледзела аленяў. Здалёку яны былі ўсе чорныя і маленькія. Яна пазнала іх і пабегла да стажка. Верхняя жэрдка была скінута з віткі, а яны стаялі, уткнуўшыся галовамі ў стажок, як цяляты карове пад вымя. Пачуўшы яе, адскочылі, пасталі. Трое. Чацвёрты быў увесь у чорныя латкі, іх яшчэ можна было разгледзець.

Яны… Яе алені…

Ірка падышла да самага стажка. Рагаты тады паволі вылез з загарадкі і не ўцякаў. Стаялі і другія. Ірка падышла блізка-блізка да яго. Ён кратаў вушамі, выцягнуў да яе шыю і адставіў нагу. З храп у яго ішла пара, і яны былі белыя — заінелі.

«Холадна яму», — Ірцы стала яго шкада, шкада і тых маленькіх, што стаялі, прытуліўшыся адзін да аднаго, воддаль.

Яна выцягнула руку. Рагаты панюхаў рукавіцу, лізнуў языком. Тады яна дастала з кішэні акрайчык купленага ў магазіне хлеба — яго сёння прынёс тата — і падала рагатаму. Ён панюхаў яшчэ раз руку, лізнуў цёплым языком за палец, а хлеба не зачапіў.

— Цяля-цяля… — паклікала тады Ірка. — Дурненькі… Гэта ж хлеб…

І другі раз хлеба ён не зачапіў.

Тады яна, выставіўшы руку, пайшла да тых, што былі воддаль. Але тыя крутануліся і, падняўшы снег, панесліся па балоце. Рагаты дагнаў іх і завярнуў у зашыек.

Ірка паправіла ў стозе сена і падняла на калкі жэрдку.

— Гэ-гэй!.. — крычаў тата на ўвесь лес.

…Яна яму нічога не сказала…»

запісы

Пташнікаў, І. Мсціжы : раман / Іван Пташнікаў. – Мінск : Юнацтва, 1994. – 352 с. – (Школьная бібліятэка).

Урывак з рамана

«…Калі вецер заходзіў з-за ракі з балота — і адзежа ў шафе пахла дымам, і вада, і хлеб на стале; здавалася, што няма ўжо на свеце другога паху — адзін дым ад торфу…

Дым стаяў круга вёскі ўсё лета.

Толькі ў ціхія ночы пад раніцу, калі ападала раса і туман засцілаў усё на свеце, аж не было відаць платоў за хатамі і высокага, як дастаць рукой, гарбатага, што мядзведзь, сланечніку ў гародчыку, рабілася свежа і сыра. Тады на дварэ пахла гуркамі і кмінам…

Выйшаўшы на двор, Андрэй сядзеў на ўслончыку ля частакола, акрыўшыся фуфайкай. На поўначы, якраз за фермай, над участкам стаяла зеленаватая зара, ружавеючы над лесам на Ямах, дзе хавалі на зіму бульбу, — бралася на додніцу. 3 хлева пахла свежым сенам; з поля, з-пад Агульніцы, дыхала ячменем, сухім, згарэлым на сонцы. Ячмень жалі бабы ўвесь дзень. Ен скорчыўся ў тры пагібелі — асцё глядзела ў зямлю; зрабіўся белы, як старая жытняя салома. Дробны і кароценькі — на лепшых загонах у паўкалена, няма як узяць у жменю, — ён лез пад сярпом з пяску з карэннем, хоць было не жні, толькі сашчыквай каласы.

Так патыхала ў хаце ячменем, калі Верка ў вайну перад жорнамі сыпала яго сушыць на голую печ.

Пад раніцу пахла змочаная расой зямля, і здавалася, што чуеш зямлю першы раз, як нарадзіўшыся на свет… Пахла з гарода з-за вуліцы горкім бульбоўнікам і палыном з мяжы, і чуваць быў мазут з дзядзінца з фермы: ля кароўніка стаяў камбайн - прыгналі з Луськага дажынаць ячмень на Загуменні.

Над вухам звінеў камар — сонны, лянівы: ад яго хацелася спаць; за ракой у тумане адзываліся гусі; краталіся на сасне ўгары над хлевам бацяны: сядзелі ўсе трое ўцяснё — прыляталі яшчэ нанач на гняздо.

Бацяны сёлета адразу варажылі на сухое лета: паскідалі з гнязда малых — аж двое. Іх прынясла з-пад сасны котка і паклала ля сенцаў на пясок пад дзверы. Бацяны былі з курчат, голыя, на іх толькі тырчаў густы сівы пух, шорсткі, як валасы на галаве.

Бацяны ўгадваюць, што будзе сухое лета. Можа на тым, што сухое лета чуюць і змеі і жабы і спаўзаюць адусюль з лагоў немаведама куды ў балота, а бацянам тады клопат? Бацяны чуюць голад і скідаюць малых, бо як іх тады пракорміш…»

папка

Пташнікаў, І. Пагоня : аповесць, апавяданні : [прадм. С. Андраюка] / Іван Пташнікаў. – Мінск : Маст. літ., 2009. – 446 с. – (Школьная бібліятэка).

Урывак з аповесці «Найдорф»:

«…Да акопа падполз Ушакоў, спрытна, спяшаючыся: толькі што выгінаўся на пасецы між пнёў і верасу, як вуж, і ўжо ля самага акопа. Расцягнуўся пластуном на жываце, падняў толькі галаву. Яшчэ добрая, нявылінялая пілотка з бліскучай зорачкай спераду ляжыць у яго на самай патыліцы, прыціскаючы чорныя валасы. Шырокі, аж круглы яго твар пачырванеў, як ад натугі, і блішчыць ад поту. Пачырванелі і вочы — нагнала недзе ветрам пяску, - слязяцца і блішчаць. Пасля робяцца вузкія і суровыя – гэта калі загаварыў, выцягнуўшы з-пад сябе руку і падклаўшы кулак пад падбародак:

— Патроны, Жаворонок, как?..

— Палавіну асталося… — Жаваранка падцягнуўся ў акопе вышэй да бруствера.

— Видишь, что делается на дороге?

— Віджу. Больш не палезуць…

— Трудно сказать… Дотемна еще… дожить надо… Смотри теперь и к реке. У моста скапливаются… — Ушакоў уздыхнуў на ўсе грудзі: цяжка было гаварыць, лежачы на жываце — Могут пойти в обход. Вот здесь… — Ён прыняў кулак з-пад падбародка, выцягнуў руку і паказаў у беразнячок ля Пагурка. — Подпускать… Чтобы наверняка… — Ён павярнуу галаву і паглядзеў зноў на дарогу. — Дотемна продержимся… Слышишь? Продержимся… Мать их так!.. Пускай лезут… Видел когда-нибудь такое? Запомни…

Міна рванула ў яго ззаду, блізка, метраў за трыццаць. Ушакоў спопаразку тузануўся ўперад, да Жаваранкі, чуць не ссунуўшыся ў акоп. Над самай галавой засвісталі асколкі; дыхнула гарачынёй і едкім дымам. 3 галавы Ушакова сарвала пілотку і адкінула пад сасонку цераз акоп, у верас. Пілотка закалыхалася на галінках. На бруствер ля самага вуха лягла доўгенькая калючая сасновая макаўка, ссечаная асколкам…

— Наблюдать из окопа!.. Подпускать наверняка… — Ушакоў крутнуўся на жываце — у акоп зверху пасыпаўся пясок, яшчэ нешта крыкнуў, але Жаваранка не разабраў што і папоўз назад, да свайго акопа. У верасе былі відаць толькі яго боты з белымі падкоўкамі на абцасах — віхляліся з боку ў бок…

Другая міна рванула бліжэй, на ездавой дарозе, што вяла з лесу пасекай на Пагурак. Узняўся слупам пыл і схаваў з вачэй Ушакова. На брустверы зашасцеў мох — ад асколкаў — яго што карова языком злізала. Недзе на ямах за соснікам — Жаваранка толькі цяпер пачуў — заныў з перахлёбамі шасціствольны нямецкі мінамёт, праціўна, аж рэзала ўвушшу…»

птушкі

Пташнікаў, І. Тартак : аповесць і апавяданні / Іван Пташнікаў. – Мінск : Маст. літ., 2000. – 462 с. – (Беларуская проза XX стагоддзя).

Урывак з аповесці «Тартак»:

«…Зноў пачалі страляць — з хаты цяжка было пазнаць дзе, мусіць, у тым канцы. Пасля раптам на вуліцы, ля Боганчыка, нехта загаласіў на ўвесь голас, як мог…

Яна адчыніла дзверы — піхнула іх рукой у сенцы. Плакалі і ля Боганчыка, і ў вёсцы на вуліцы — мусіць, ля Панка: прымаўляла Паніха.

Пасля Наста пачула, як ляпнулі вароты і на двары ля сцяны задугаў нагамі нехта чужы. Дзверы ў хату шырока расчыніў уласавец; высокі, ішоў сагнуўшыся і несучы ў руках вінтоўку. Адапхнуў Насту прыкладам назад, калі яна падышла да дзвярэй.

— Трі душі? — папытаўся ён з парога, гледзячы на ложак, дзе спалі дзеці. — Всем до едіного… В деревню… Выході, мать… — сказаў ён пасля неяк цішэй. — Выході, не стой…

Яна падбегла да ложка да дзяцей, пасля да куфра, не помнячы чаго: хацела, мусіць, адчыніць, каб што ўзяць…

— Нічего не брать… Выході… — уласавец цяпер паказваў і галавой і вінтоўкай у дзверы.

Яна схапіла на рукі маленькую Іру. Валодзя, згледзеўшы ўласаўца, саскочыў з ложка і выбег за ёй на двор. Сонны, ногі ў яго чапляліся за парог і ў хаце і ў сеначках…

У вёсцы стаяў крык: плакалі, усё роўна як вязлі каго хаваць на могілкі.

Яна не стрывала, заплакала сама на ўвесь двор.

Падумала была раптам, стаўшы на двары: як гэта — нічога не браць з сабой? Усё ж перад вачыма… У парозе суднік з пасудай, відаць праз расчыненыя дзверы, ля студні вісіць з вадою вядро… Нічога не браць?.. На смерць пагоняць. Усёй вёскай. З малымі…

На руках прачнулася Іра і зайшлася; Наста стала ўсцішаць яе. Згледзела, што на руцэ вісіць белы ручнік… Невядома, чаму яна ўзяла яго — мусіць, схапіла замест хусткі…

Ля варот заплакаў Валодзя…

— Ма-а-мка… Я жыць хачу!.. Я жыць хачу!..

Яна нагнулася да яго — ён схапіў яе за нажутку, за рукавы ля лакцей, і пацалаваў у шчаку. Ён не цалаваў яе ніколі, і яна не помніць, ці цалавала калі яго, як ён падрос: яны да гэтага дома не прывыклі…»

Вверх