Навуменка Іван
95 гадоў з дня нараджэння
Чытайце кнігі Навуменкі Івана ў нашых бібліятэкахІван Якаўлевіч Навуменка (1925-2006) — пісьменнік, літаратуразнаўца, грамадскі дзеяч. Народны пісьменнік Беларусі, заслужаны дзеяч навукі Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў СССР з 1957 года.
Нарадзіўся 16 лютага ў горадзе Васілевічы Рэчыцкага раёна Гомельскай вобласці ў сям’і чыгуначніка. Юначы свет будучага пісьменніка быў напоўнены рамантычнымі марамі, планамі на будучыню. Але марам не дала збыцца вайна. Івану Навуменка споўнілася семнаццаць, калі юнак, як і многія яго аднагодкі, становіцца на шлях барацьбы супраць фашысцкіх захопнікаў. За час суровых выпрабаванняў ён не толькі зблізку пабачыў жахі акупацыі, але і набыў немалы жыццёвы вопыт: са студзеня 1942 года быў актыўным ўдзельнікам камсамольскага падполля, выдаваў маладзёжную газету «За Радзіму»; потым — разведчыкам дэсантнай групы, байцом партызанскай брыгады імя Панамарэнка, вызваляў родныя Васілевічы. У 1943 годзе прызваны ў Чырвоную Армію, удзельнічаў у баях на Ленінградскім і 1-м Украінскім франтах.
Пасля дэмабілізацыі (снежань 1945) першыя шэсць гадоў працаваў карэспандэнтам мазырскай абласной газеты «Бальшавік Палесся», а з 1951 — рэспубліканскай газеты «Звязда». Адначасова завочна вучыўся ў Беларускім дзяржаўным універсітэце, які скончыў у 1950 годзе. Пасля — аспірантуру (1954). Быў загадчыкам аддзела прозы часопіса «Маладосць», загадваў кафедрай беларускай літаратуры БДУ. У 1973-82 гг. — дырэктар Інстытута літаратуры імя Я. Купалы Акадэміі Навук Беларусі, з 1991 — акадэмік АН Беларусі.
Творчая біяграфія
Удзельнік Вялікай Айчыннай вайны Іван Навуменка прыйшоў у літаратуру як пісьменнік, які праўдзіва і ўсебакова паказаў у сваіх творах мужнасць і гераізм (адначасова і трагізм лёсу) пакалення, да якога належаў сам. У яго творах шмат аўтабіяграфічнага.
Першыя апавяданні пачалі з’яўляцца ў друку ў сярэдзіне 50-х гадоў. «Сямнаццатай вясной» (1957) — першая яго кніга пра ваенны лёс семнаццацігадовых. Следам за ёй выйшлі зборнікі апавяданняў «Хлопцы-равеснікі» (1958), «Верасы на выжарынах» (1960), «Таполі юнацтва» (1966), «Вераніка» (1968). У апавяданнях адлюстраваны духоўны свет і лёс юнакоў у перадваенны і ваенны час.
Новым этапам у развіцці Навуменкі-празаіка з’явіліся яго раманы «Сасна пры дарозе» (1962), «Вецер у соснах» (1967), «Сорак трэці» (1973). Тры кнігі храналагічна адлюстроўваюць тры этапы вайны: зараджэнне і дзейнасць партызанскага руху, стварэнне партызанскіх злучэнняў, паказ масавага ўсенароднага супраціўлення. Балюча гучыць у яго творах матыў памяці аб тых, хто загінуў, напружана пульсуе роздум аб вытоках сапраўднай чалавечай трываласці, сумленні і шчырасці.
Увагу пісьменніка прыцягвалі і праблемы сучаснага жыцця. Раманам «Смутак белых начэй» (1979), «Летуценнік» (1984), «Асеннія мелодыі» (1987), п’есе «Птушкі між маланак» (1982) і многім яго апавяданням уласціва ўсё больш глыбокае ўсведамленне сэнсу жыцця, выяўленне духоўнага патэнцыялу асобы.
Пераасэнсаванне гісторыі вяртае героя пісьменніка ў часы дзяцінства і юнацтва ў аўтабіяграфічнай трылогіі «Дзяцінства. Падлетак. Юнацтва» (1997) і яе працягу «Любімы горад» (1999). Гады калектывізацыі, сталінскія рэпрэсіі асвятляюцца аўтарам з пункту гледжання сучасніка.
Для дзяцей напісаў аповесці «Вайна каля Цітавай копанкі» (1959), «Капитан Степь идет в разведку» (з В. Мамантавым, 1982).
Іван Навуменка і Мазыршчына