Мушынская Таццяна
Анатаваны спіс
Мушынская, Т. М. Дыханне ранняй восені : [аповесць, апавяданні, абразкі, мініяцюры, эсэ, падарожныя нататкі] / Таццяна Мушынская. – Мінск : Беларусь, 2018. – 255 с.
Урывак з мастацка-дакументальнай аповесці
Сад маіх успамінаў
Чалавецтва заўсёды любіла і шанавала асоб грамадскіх. Тых, хто навідавоку і шмат робіць для іншых, а не для сябе. Іх прэстыж быў і нязменна застаецца высокім, а прызнанне заслуг уздымае вышэй і вышэй па прыступках сацыяльнай лесвіцы. Але, на жаль ці на шчасце, асобы грамадскія — толькі невялікая частка чалавечай супольнасці, а большасць насельніцтва ў любой краіне складаецца з людзей прыватных. Са сваім, не менш цікавым і каларытным прыватным жыццём.
Інтэлігенцыя заўсёды захаплялася тым, што народжана фантазіяй, эмоцыямі і інтэлектам, шанавала талент, увасоблены ў творах мастацтва. У народным асяроддзі заўжды высока каціраваліся людзі, якія шмат чаго ўмеюць рабіць рукамі, рабіць хораша, трывала, надзейна.
Грушаўка
Час і месца
Такім чынам, дзе і калі адбываецца дзеянне нашага аповеду? На Грушаўцы, у адным з найбольш прыгожых і паэтычных куткоў Мінска. У апошнія гады ён актыўна забудоўваецца сучаснымі шматпавярховымі гмахамі. У лістападзе 2012 года адкрылася станцыя метро, якая так і называецца — «Грушаўка». Але далёка не ўсе шчаслівыя навасельцы ведаюць, што менавіта на вуліцы Грушаўскай знаходзіліся вытокі легендарнай ракі Няміга, з якой цесна звязана ўся гісторыя старажытнага горада. У XIX стагоддзі тут пісаў свае пейзажы мастак Напалеон Орда, і што самае дзіўнае — яны захаваліся! Калісьці Грушаўскі пасёлак лічыўся ўскраінай Мінска. Ён узнік у канцы XIX — пачатку XX стагоддзя. Тут сяліліся чыгуначныя рабочыя, гарадская бедната. Да Вялікай Айчыннай вайны і пасля яе раён не без падстаў лічыўся мінскім Гарлемам, дзе жыла публіка, вельмі розная па сваіх занятках і сацыяльным статусе.
Сёння гэта прастора, у якой суіснуе старое і новае, суседнічаюць візуальныя кантрасты. Эфектныя і суперсучасныя будынкі на праспекце Дзяржынскага — і закінутыя яблыневыя сады. Шыльды новых фірм — і старыя, скрыўленыя, але ад таго не меней каларытныя платы. Пеўні, куры, козы ходзяць па завулках, а зусім недалёка імчацца па асфальце сучасныя машыны. Патрыярхальныя пейзажы кантрастуюць з зіхоткімі фасадамі банкаў. Стары кінатэатр «Авангард» на вуліцы Папаніна, закінуты парк побач з ім, двухпавярховыя баракі па вуліцы Шчорса — і новая, трохузроўневая развязка на скрыжаванні праспектаў Дзяржынскага і Жукава.
Калі-небудзь ад старой Грушаўкі, якая заўсёды нагадвае мне зялёны востраў што плыве паміж імклівымі магістралямі, можа нічога не застацца. Паўстане новы прэстыжны мікрараён, блізкі да цэнтра і вакзала, з шыкоўнымі кватэрамі і развітай інфраструктурай. Тым больш дарагая сэрцу, тым больш каштоўная, як кажуць кінематаграфісты, «уходящая натура».
Як спалучаліся тут рысы гарадскога і вясковага побыту і ўкладу? Як жылі да вайны і пасля яе? Як змяняліся ўмовы і рэаліі паўсядзённага жыцця ў 60-я і 70-я гады? Якімі паўставалі людзі, што засялялі гэты прыгожы і паэтычны раён горада? Менавіта на такія пытанні я і паспрабую даць адказ…
Мушынская, Т. М. Вожыкі ў футбол гуляюць : вершы, апавяданні, казкі / Таццяна Мушынская. – Мінск : Литература и мскусство, 2008. – 136 с. : іл.
Урывак з казкі
Пра інфекцыю і хлопчыкаў-вітамінчыкаў
Жылі-былі на свеце неразлучныя сябры — Насмарк, Кашаль і Чых. І заўсёды побач з імі круцілася іх найлепшая сяброўка Ангіна. Калі яны толькі з’явіліся на свет, дык выглядалі, які ўсе дзеці, мілымі, вясёлымі і жвавымі.
Але іхні характар памалу сапсаваўся. Справа ў тым, што з Насмаркам, Кашлем, Чыхам і Ангінай ніхто не хацеў сябраваць. Бо яны прыносілі з сабой хваробу, а разам з ёй шмат непрыемнасцей. Прыйдзе хтосьці з іх у пясочніцу пагуляць альбо на арэлях пагойдацца і абавязкова спытае ў суседскага хлопчыка, як і належыць цікаўнаму чалавеку:
— Цябе як клічуць?
— Алёша.
— А цябе?
— А мяне — Кашаль.
Спалоханае дзіця кідае сваё вядзерца і лапатку і з плачам бяжыць да мамы. А то маці пачуе, што сынок пачынае чыхаць ці шморгаць носам, дзіця пад пахі — і дамоў! Ніхто з неразлучнымі сябрамі не гуляў, і ніхто не запрашаў іх у госці. А Кашаль, Насмарк, Чых і Ангіна так марылі трапіць да якога-небудзь хлопчыка ці дзяўчынкі на дзень нараджэння, паласавацца смачным тортам альбо пірожнымі!
Злосць і крыўда перапаўнялі сяброў. Доўга думалі яны, як адпомсціць гэтым непаслухмяным дзецям. «Мы вас прымусім з намі сябраваць!». І скіраваліся Чых, Кашаль, Насмарк і Ангіна да Бабы-ягі, той самай, казачнай. Але даўным-даўно жыла яна не ў хатцы на курыных ножках, а ва ўтульнай кватэры сучаснага шматпавярховага дома. І лётала не ў ступе, а ездзіла на асабістым аўтамабілі самай сучаснай маркі.
Выслухала злая чараўніца сяброў, пахітала спачувальна галавой і яхідна засмяялася:
— Дапамагу, а як жа! Маленькія дзеці са мной таксама чамусьці не хочуць сябраваць. Дый бацькі ўвесь час мною палохаюць, калі дзеці не слухаюцца. А чаму? Гэта ж даўней Баба-яга была сапраўды брыдкая і старая. А якая ж я старая? — і яна зірнула ў люстэрка, какетліва папраўляючы прычоску. Полым пачала нешта шукаць у сваёй шафе.
— Вось у гэтай бутэльцы вадкасць, — растлумачыла яна, — як глынеш яе, дык адразу робішся нябачным. Але будзеш бачыць і чуць, што адбываецца навакол. Убачыце хлопчыка ці дзяўчынку, якія вам спадабаюцца, — вы, Насмарк і Чых, залятайце яму ў нос, а Кашаль з Ангінай — у рот. Дзеці, гэтыя дурніцы, любяць з разяўленым ротам хадзіць — усё дзівяцца, што дзе робіцца, — злосна засмяялася Баба-яга. — Заляцелі і сядзіце ціха. Зімой вам будзе цёпла, на марозе не скалееце. Летам не будзе горача. Так вы і пасябруеце, з кім захочаце. Будзеце ведаць, дзе што робіцца!
3 таго часу Насмарк, Кашаль, Чых і іх сяброўка Ангіна сталі нябачнымі, а таму асабліва каварнымі ворагамі маленькіх дзяцей…
Мушынская, Т. М. Мак таўклі камары : вершы / Таццяна Мушынская. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2017. – 19 с. : іл. – (Нашым дзеткам).
Вершы са зборніка
Мак таўклі камары
Камары таўклі ў бары
Мак да ранішняй зары.
Тоненькія ножкі
Танчаць асцярожна.
Глянь! У іх на лапках
Мякенькія тапкі!
Камары мак таўкуць…
Спаць цікаўным не даюць!
Вожыкі ў футбол гулялі
Вожыкі ў футбол гулялі
Яблык, быццам мяч, ганялі.
Паганялі колькі часу,
Потым яблык з’елі разам.
Лось
На паляну перад хатай
Выбег з лесу
Лось рагаты.
І спыніўся на бегу.
— Можа, солі б даў крыху, —
— З сумам кажа лесніку, —
І памог як дружбаку?
Бо нічога есці болей
Не магу, браток, без солі.
Хоць разок лізнуць дазволь!
Не расце ж у лесе соль.