Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Муравейка Іван

Анатаваны спіс

Водица

Муравейка, І. Вадзіца з крыніцы : вершы, загадкі / Іван Муравейка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. – 95 с. : іл.

Вершы са зборніка

У каго я ўдаўся?
Кажуць, я — удаўся ў дзеда.
Мы — сябры, зіма ці лета.
Ён аматар майстраваць —
Габляваць і пілаваць.
Я ж сачу… Сачу, каб дзед
Ўсё-усё рабіў як след.

Кажуць, я — удаўся ў бабку.
Мы не можам без аладкаў.
Бабка ўвішненька пячэ,
Я ж прашу: яшчэ, яшчэ…
Я іх ем на поўны рот,
Асабліва як ёсць мёд.

Кажуць, я — удаўся ў тату —
Я, як ён, механізатар.
Сапсуецца мой «цягач» —
Тата тут жа выручаць:
Сядзе побач на траве —
Разбярэ і сабярэ.

Кажуць, я — удаўся ў маму,
Бо люблю гарод таксама.
Мама гоніць зелле з градак,
Бо павінен быць парадак.
Я ж… Што — я? Каб не гуляць,
Раю ёй, што вырываць.
А мо я перастараўся?
Мо ні ў кога я не ўдаўся?
Чаму ў Алёнкі валасы кучаравыя?
— Алёнка, Алёнка,
Красуня бялявая,
Чаму у цябе
Валасы кучаравыя?
Адразу ж знайшоўся
Ў дзяўчынкі адказ:
— Таму, што як сплю,
Дык кручуся ўвесь час.
Уюн
Выдумляць я вам не буду…
Трапіў раз мне ўюн на вуду
I не з мезенец, а ладны
I на хітрыкі быў здатны.

Каб уюн з садка не ўцёк,
Я пусціў яго ў мяшок.
Праз хвіліну паглядзеў —
Хітруна няма нідзе.

А ён — бачу — па траве,
Нібы па вадзе, плыве.
— Што ж, — кажу, — дамоў вяртайся.
Толькі больш не пападайся.
Дорога

Муравейка, І. Дарога без прыпынку : выбранае / Іван Муравейка. – Мінск : Звязда, 2017. – 224 с.

Вершы са зборніка

Явар майго дзяцінства
Я зноў сустрэўся з даўняй явай,
Што бегала тут басанож.
Я нарадзіўся там, дзе явар
Узняўся ўвысь аж да нябёс.

Мы ўчацвярых за рукі браліся,
Каб волат-явар свой абняць.
А да вяршка, як ні стараліся,
Мы не маглі ніяк дапяць.

Мы верылі, што з вышыні той
Убачыць можна ўсю зямлю.
I сёння явар знакаміты
Як сябра лепшага люблю.

Стаю ля явара адзін я.
Заву сяброў. Яны ж не йдуць.
I толькі з даляў цёмна-сініх
Іх душы-воблакі плывуць.
Захапленне
Я стаю у полі, на гары стаю —
3 любасцю гляджу я на зямлю сваю.

Яркім аксамітам поле ўсё пакрыта:
Там — авёс, пшаніца, там — ячмень і жыта…

Нашу школу бачу — дом двухпавярховы,
А вунь — клуб, не хата. Ён — прыгожы, новы.

На рацэ плаціна і электрадом —
Ноччу вёска ззяе сонечным святлом.
Я стаю у полі,
На гары стаю —
3 любасцю гляджу я
На зямлю сваю.

Па ўюны

(Апавяданне)

Дзень быў ціхі і сонечны. Такія чамусьці нячаста выпадаюць падчас зімовых школьных канікулаў. Дрэвы, упрыгожаныя бялюткім снежным інеем, стаялі нерухома, нібы казачныя прывіды. Сядзе верабей ці іншая птушка на галінку — з яе сыплюцца бліскучыя сярэбраныя іскры.

Па выезджанай санямі дарозе, якая вяла ў лес, ішло шасцёра цёпла апранутых хлапчукоў: хто быў у кажушку, хто — у ватоўцы ці ў світцы. На правым плячы аднаго з іх, чатырнаццацігадовага Валодзі, самага старэйшага з усіх, вісела двухствольная стрэльба (яго тата лічыўся лепшым паляўнічым у вёсцы). I па праву старэйшага і ўзброенага ён крочыў наперадзе. За ім — Коля, Міша і Сцёпа. У іх за папругамі тырчалі сякеры. Рыгорка і Аркадзь цягнулі санкі, на якіх ляжалі каробкі і старыя рашоты, прыстасаваныя для лоўлі ўюноў.

Хлопцы ішлі на лясное возера, якое знаходзілася кіламетры за тры ад вёскі. Гамонка не сціхала ні на хвіліну: не жартачкі ж— яны будуць начаваць у лесе. Расказвалі адзін аднаму такія забаўныя гісторыі, якія з імі ніколі не здараліся. Адзін, калі пасвіў кароў, убачыў ваўка і кінуўся на яго з палкай. Другі ўзяў голымі рукамі гадзюку і завязаў яе, як вяроўку, на вузел. Трэці ехаў вярхом на спуджаным кані і не зваліўся, чацвёрты…

Сцёпа ж прызнаўся:

— А я ўсяго баюся: і цемры, і ваўкоў, і чужых сабак, і нават мышэй.

А Валодзя не ведаў, смелы ён ці палахлівы: не давялося праверыць сябе ў небяспечных абставінах. А тое, што ў яго стрэльба, да таго ж — двухствольная, не з’яўляецца сведчаннем адвагі.

А тым часам лес шчыльнай сцяной акружыў хлопцаў. Сонца ўжо не відно — яно недзе далека за лесам, і ні адзін праменьчык не прабіваецца праз гушчар. Ногі пацяжэлі і ступаюць павольна. Дарога ўжо не такая роўная і ўезджаная. Навокал цішыня. Раптам недзе трэснула сухая галіна, зашумелі крылы нейкай птушкі. А можа і не галіна трэснула, і не крылы зашумелі? Цераз дарогу — нейчы след. Спыніліся, пачалі разглядаць малюнак следу.

— Воўчы, — прамовіў Валодзя, і яму стала вусцішна.

— А я думаю, след лісіцы, — сказаў Андрэй, якому ўжо даводзілася, як ён сам хваліўся, змагацца з жывым ваўком. — Воўчы след, здаецца, не такі.

— Якая розніца, хто пакінуў гэты след? — сказаў Сцёпа. — Мяне больш хвалююць уюны, якія з нецярпеннем чакаюць нас. Трэба спяшацца, а то неўзабаве зусім сцямнее.

Хутка зімовыя рыбаловы ступілі на азёрны лёд. Ён быў густа заснежаны, і хлопцам давялося расчышчаць аблюбаванае месца.

Весела застукалі сякеры па звонкім лёдзе, ва ўсе бакі паляцелі ледзяныя пырскі. Прасеклі шэсць палонак, уставілі ўюнаўлоўнікі і прыкрылі іх яловымі лапкамі.

Гэтыя рыбалоўныя прылады зусім простыя: у дно каробкі ці рэшата ўстаўляюць скураную або драўляную трубку. У яе і лезуць згаладалыя па кіслародзе ўюны.

Хлопцы назразалі сасновых і яловых галінак. Не сядзець жа на халодным снезе? Потым назбіралі сухога ламачча, каб хапіла на ўсю ноч, і распалілі касцёр. Яркія чырвона-белыя языкі полымя лізалі цемру, а іскрынкі-матылькі ўзнімаліся вышэй лесу і патухалі. Валодзі здавалася, што ён знаходзіцца ў нейкай казачнай краіне. Такім жа пачуццём былі ахоплены і Коля, і Міша, і Сцёпа, і Рыгорка, і Андрэй.

— Нешта есці захацелася. Давайце будзем вячэраць, — прапанаваў хтосьці.

Засквірчэлі на доўгіх кіёчках-ражнах скваркі. Тук капаў больш у агонь, чым на хлеб. Па ўсім лесе разлятаўся смачны пах смажанага сала.

— А што, калі яго пачуюць ваўкі?

I яны сапраўды пачулі. I паведамілі пра гэта жудасным выццём. Трэба было каму-небудзь тэрмінова ўзяць на сябе абавязкі камандзіра і арганізаваць абарону. Але ўсе маўчалі. У тым ліку і Валодзя.

— Падрыхтуйце да дзеяння ўсю зброю — стрэльбу і сякеры, — адазваўся малодшы за ўсіх Сцёпа. — А яшчэ — падкінем больш дроў у касцёр. Я чуў, што ваўкі баяцца агню і не адважацца падысці да нас.

Калі касцёр разгарэўся мацней, хлопцы ўбачылі свайго ворага: воўк стаяў зусім блізка.

— Страляй, Валодзя! — крыкнуў нецярплівы Міша.

Валодзя не выстраліў.

— А калі на нас кінецца цэлая зграя? Што тады?

— Бярыце галавешкі! — скамандаваў Сцёпа і кінуў у ваўка палаючую палку. За ёй паляцела яшчэ пяць «гранат». Адна трапіла пад ногі галоднаму драпежніку. Той заскуголіў, як сабака, і знік у цемры. За ім пабеглі астатнія ваўкі. Напэўна, пабеглі. Не маглі не пабегчы. Хлапчукі павесялелі.

Взвейтесь кострами,
Синие ночи!..

Песню падхапілі ўсе.

Касцёр палыхаў да світання. Ах як радаваліся хлопцы, калі дасталі рыбаўлоўнікі: уюноў аж кішэла. Пра начную страшную прыгоду ніхто не ўспамінаў. А Валодзя, між іншым, прызнаўся:

— А ведаеце, чаму я не страляў у ваўка?

Ніхто не адказаў. Быццам не разумелі пытання. Валодзя ўздыхнуў:

— Таму, што ў мяне ні аднаго патрона няма. Тата не даў. А стрэльбу я ўзяў для смеласці. Каб вы не баяліся.

Звоночки

Муравейка, І. Званочкі ў блакіце : вершы, загадкі / Іван Муравейка. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2016. – 62 с. : іл.

Загадкі

Жар-птушка залатая
Вакол зямлі лятае.
Ніхто яе не зловіць
I ў клетцы не ўтрымае.
      (Сонца)

Я добра знаю, дзеці,
Пра ўсё-пра ўсё на свеце:
Дзе сонейка начуе,
Дзе дзед Мароз вякуе,
Запальвае хто зоры,
Як вырастаюць горы,
Як з працаю дружыць,
Як сто гадоў пражыць.
      (Кніга)

Маю я адну
Прыкмету:
Нашу кажух
Зімой і летам.
      (Авечка)

Не 32, а 100 ў яе зубоў,
I ўсе вастрэйшыя, чым у баброў.
Перагрызе яна любое дрэва,
Калі гаспадару на нешта трэба.
      (Піла)

Засмуціўся, зажурыўся:
Можа, лета прыйдзе ў сны?
Белай коўдраю накрыўся
I праспаў аж да вясны.
      (Мядзведзь)

Kaгo не здзіўляе
Такое відовішча:
Чым больш забіраеш,
Тым большай становіцца.
      (Яма)
Вверх