Мікола Мятліцкі
Анатаваны спіс
Мятліцкі, М. Жыцця глыбінныя віры : вершы і балады / Мікола Мятліцкі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2001. — 383 с.
Верш са зборніка
⚹ ⚹ ⚹
О мая Беларусь, на руінах жахотнай вайны
Ты ставала не раз за стагоддзі трывуча-жывуча.
У курганах сівыхспяць бязвестна героі-сыны,
Праз стагоддзі цячэ ручаінаю мова пявучая.
Я цябе зберагу — і нашчадкам сваім перадам
Не разбітую ўшчэнт, на крывавых шляхах ацалелую.
Мне не выпала зброю сцінаць за цябе, як дзядам,
Цішыню тваю чуць над палямі баёў амярцвелую.
Дзень твой светлы тварыць спраўна выпала рупнасцю рук
І паветра ўдыхаць, што не пахне ні толам, ні порахам,
Упівацца вясной песняй той, што над полем жаўрук
Заспявае не раз, не заглушаны грозлівым сполахам.
І далоні сагрэць над кастром, што сівы партызан
На гарбаціне дота развёў, юнакоў памінаючы.
І каўтаць па глытку старажытны заслаўскі туман,
Ад суровае споведзі ўласнае сэрца сцінаючы.
Год багата сплыло і нямала сальецца ў вякі,
О краіна мая, дні мінулі жахотна-магільныя,
Як вярыгі вякоў перад намі ляжаць бальшакі
Ад пралітай крыві, ад аселага попелу пыльныя…
Мятліцкі, М. Жыцця глыбінныя віры : вершы і балады / Мікола Мятліцкі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2001. — 383 с.
Верш са зборніка
«Чарот i аер»
На ўскрайках калішніх зыбучых балот
Сядзелі кусціста аер і чарот.
Сярдзіта прамовіў суседу аер:
— Зірну на цябе я — бярэ недавер:
Ты кволы і тонкі, яшчэ з барадой,
Калоцішся спудна над самай вадой!
Зусім ненадзейны хаўруснік ты мне.
Згінаешся ў кола, як вецер дыхне.
Я ж — гойстры, і стойкі, і пруткі заўжды.
Ўзнімаюся, бачыш, як шабля, з вады,
А побач трывуча пасталі сябры —
Не страшныя ў купе любыя вятры!
Прымоўкла схіліўся цыбаты чарот,
Шчэ болей змізэрнеў над хвалямі вод,
I так сарамяжа да восеньскіх дзён
Маўкліва і горка трымцеў сабе ён.
Прапалі мільготныя крыльцы стракоз,
I ўжо на балоты шыбуе мароз.
Ён дзьмухнуў — вада скамянела на лёд.
Ды крута устаўшы, убачыў чарот:
Аер пахіліўся і мяккі, як пух,
На люстры лядзяным зрудзеў і пажух.
Згібеламу цалкам, не ўзняцца яму.
I кінуў чарот так зласліўцу свайму:
— Дзе гонару многа — там моцы няма!
I слова пачула пякучка-зіма,
Павевамі злоснай, лядзячай шугі
Пагнала свае на балоты снягі.
— Ты дужы?! Праверу! Пахвалішся, от!
Ды ў снезе па пахі не гнецца чарот,
Мяцёлкай сівою свавольна трасе.
Змарыліся згубныя ветры усе,
Панесліся смутна і сціхла на звод.
Казаў пра чарот я, скажу пра народ.
Народ беларускі пад крыламі зла
Жагнала нядоля і долу гняла.
Ты выстаяў, мужны, між розных бядот,
Душою трывучы, як пруткі чарот.
А тыя, што зычна гулі, як аер,
Ў зямлі тваёй параць астанкі цяпер.
Мятліцкі, М. Замкнёны дом : [вершы, паэмы] / Мікола Мятліцкі. — Мінск : Мастацкая літаратура, 2005. — 316 с. : [1] л. патр.
Верш з цыкла «Элегіі чарнобыля»
⚹ ⚹ ⚹
Душы пагасламу агню
Не зашугаць ужо пламеннем.
Ступлю я моўчкі ў цішыню
Атрутнай згубы скрутным ценем.
Прайду мяжой, дзе сполах рос,
Па той зямлі, што ўсцяж астыла,
Дзе памяць белая бяроз
Шуміць над матчынай магілай.
Дай, неба, мне спатольных сіл —
Пайсці далей ад скруты-згубы.
Далей ад хацін і магіл.
Магілай стаўся край мне любы.
Яму ачэзнуць у траве,
Ды не астыць у чуйных душах,
Дзе памяць босая жыве,
Дзе ўсплёскі шчасця слёзы сушаць.⚹ ⚹ ⚹Тут клёны лісцем шапатліва
Аброняць чуйнае дыханне
У немач дня… Якое дзіва! —
Жыцця пагаслага вяртанне.
Дзве качкі шустра успалошаць
Ставок пад вербамі. Гуркамі
Запахнуць грады. Зжоўкне лотаць.
I лес гукне баравікамі.
Мятліцкі, М. Існасць : вершы / Мікола Мятліцкі. – Мінск : Звязда, 2020. – 607 с.
Чатырохрадкоўі
⚹
I я прайшоў пуцінаю зямной.
Астатні крок у суцемку дарогі.
Няхай жа крочаць за маёй спіной
Мільярдаў ногі.
⚹
Як пусцілася ў рост лісце на вярбе,
Май шчадротай сонца дыхае спаўна.
Толькі боль мне сэрца тузае-скубе:
Не мая ўжо юная вясна.
⚹
Паверыў чалавеку чалавек —
I ўзнікла братэрства.
Не паверыў палітык палітыку —
I нарадзілася дыпламатыя.
⚹
Кожным днём зямным даражыце,
Іх склююць птушкі суму па зернейку.
Па сцяжыне роснай у жыце
Толькі светлая памяць і вернецца.
⚹
У час згібела-няўдалы,
Калі дух чалавечы канае,
Шчэрацца зубаскалы,
Папса слых працінае…
Мятліцкі, М. «Мой боль вырастае да зор…» : Чарнобыльскія вершы / Мікола Мятліцкі. - Мінск : Беларуская навука, 2016. – 429 с.
Верш са зборніка
⚹ ⚹ ⚹
Кут мой забыты, безабаронна
Зорыш пагаслых крыніц вачыма.
Некаму ты —
Ачужэлая зона,
Сэрцу майму ты да скону — Радзіма!
Сэрца пачула грознае ліха.
Ззяе крывёю спуднае ранне.
Спяць у магілах прадзеды ціха.
Горыч атруты…
Холад выгнання…
Долю зямную гнеўна караю —
Век мой абраў тут сейбішча болю!
Тут, на абсягах роднага краю,
Кінуўшы смуту шчодраму полю.
Мятліцкі, М. На беразе маім : кніга паэзіі / Мікола Мятліцкі ; [прадм. У. Гніламёдава; фотоаздымкі К. Дробава]. – Мінск.: Мастацкая літаратура, 2010. – 294 с. – (Залатое пяро).
Верш са зборніка
«Радзіма»
Вось ты — уся — перада мной, Радзіма.
I позіркам у выш нябёс лячу.
I прагавіта-сквапнымі вачыма
Твае хваіны гордыя лічу.
На выспіне, над мокрым жаўтапёсам,
У красавіцкі дзень жывой вясны,
Сваю малітву шэпчучы нябёсам,
Парыўна-звонка ўзнесліся яны.
Мне воблік крон шумотлівых, магчыма,
У сэрцы несці аж да скону дзён,
Як вобраз твой, павечная Радзіма,
I велічна заўжды ўсплывае ён.
Прымружу вочы ў далечы — і бачу
Над жаўтапёсам гэтых сосен раць.
Камлі заўсёды ў летні дзень гарачы
У сонцы пералівіста гараць.
Ты выспінай лясной зеленачуба
Маім шляхам ківаеш наўздагон.
I наяву, і ў сне — заўсёды люба
Мне сосен гэтых чуць мядзяны звон.
Ці вецер б’е — узвей зімы марозны,
Ці дождж абложны восеньскіх начэй, —
За гэтыя парывістыя сосны
Няма ў душы нічога гарачэй.
Мятліцкі, М. Сарока з праспекта : вершы : [для дзяцей малодшага і сярэдняга школьнага ўзросту] / Мiкола Мятлiцкi. – Мінск. : Мастацкая літаратура, 2022. – 78 с. : іл.
Верш са зборніка
«Гром»
Басавіты выйшаў гром
Паблукаць
3 пустым вядром,
Ды над ранішнім
Пасёлкам
Спатыкнуўся
Аб вясёлку.
Ног, канечне,
Не параніў, —
На ўсю шыр
Затарабаніў.
I такі, раскатна-гулкі,
Зачарпнуў вады
3 рачулкі.
Не прыстаўшы
Ні хвіліны,
Нёс вядро —
Паіць хмурыны!
Мятліцкі, М. Цяпло буслінага крыла : палескія вершы / Мiкола Мятлiцкi. – Мінск.: Мастацкая літаратура, 2010. – 208 с. – (Лімаўскі фальварак).
Верш са зборніка «Ганна з Палесся»
— Ты будзеш Ганнай… I яе красу
Тварыў, самотны, з чырвані рабіны.
А ў небе клін сцінаўся жураўліны,
I золак піў сцюдзёную расу.
У парк сталічны нёс няспешным крокам
Малой радзімы дзіўнае святло.
Світальны час… I нешта ў ім было
Ад вечнасці, як россып зор, высокай.
— Ты будзеш Ганнай… Хваляванне… Боль…
Здалося: крочыць па алеях Мележ.
А ёй — вякі.
Інакшай быць не ўмееш
Вялікая,
Без берагоў,
Любоў.