Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Маўр Янка

Анатаваны спіс

Аповесці

Маўр, Я. Аповесці. Апавяданне / Янка Маўр. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2022. – 350 с.

Багіра
(урывак з апавядання)

Вы, вядома, чулі гэтае імя. Пэўна, ведаеце чорную пантэру, прыяцельку Маўглі.

Але цяпер гутарка будзе ісці хоць і пра дальнюю сваячку, але ўсё ж такі не пра пантэру, а пра кошку. Звычайную кошку, толькі, вядома, чорную і, мусіць, не менш разумную, як тая Багіра.

Трапіла яна да нас самым незвычайным чынам. Раз у марозны веснавы вечар, досыць позна, вярталіся мы з дачкой дахаты. Жылі тады на ўскраіне горада. Людзей хадзіла мала. Свяціў месяц, хрумсталі падмерзлыя лужыны.

I вось тут прычапілася да нас чорная кошка, жаласна мяўкае, трэцца каля ног. А як толькі мы спынімся, яна, азіраючыся, ідзе назад. Пойдзем мы далей — яна зноў даганяе нас, крычыць, блытаецца між ног, забягае наперад, нібы не пускае ісці ў той бок. Справа ясная: яна хоча, каб мы пайшлі за ёю кудысьці назад. Нічога не зробіш: калі яна так выразна і настойліва патрабуе — трэба ісці.

Як толькі мы зрабілі пару крокаў назад, яна ўзрадавалася, шпарка паскакала ў той бок і знікла. Што яна: жартуе з намі? Мы сталі. Тады кошка зноў з’явілася і зноў пачала мяўкаць і церціся. Мы зноў пайшлі за ёю — і зноў яна пабегла наперад, мяўкаючы здалёк.

Тым часам на бліжэйшым двары забрахаў сабака і кінуўся ў наш бок. Але тут раздаўся такі сык, так люта накінулася на яго кошка, што бедны сабака з жаласным скавытаннем паляцеў як мага далей. А кошка выбегла на тратуар і хуценька скруцілася на зямлі.

Калі мы падышлі бліжэй, то ўбачылі, што яна абкруцілася вакол кацяняці. Адкуль яно ўзялося? Мы толькі што ішлі па гэтым самым месцы — і нічога на тратуары не мелася. Значыцца, кацянё спачатку было недзе схаванае, мусіць, за плотам. Калі кошка ўбачыла нас, то парашыла звярнуцца за дапамогай, спыніла нас, прымусіла павярнуць назад, а сама тым часам вынесла на дарогу сваё дзіця ды яшчэ паспела прагнаць сабаку. Разам з тым яна не забывалася, што кацянятка толькі што нарадзілася і не павінна было мерзнуць на холадзе… I вось кошка нават на тую хвілінку, пакуль мы падыходзілі, абкруцілася вакол свайго дзіцяці і сагравала яго. Можна было б пажадаць і кожнаму добраму чалавека столькі спрыту і энергіі.

— Ну што ж, — сказаў я, — нічога не зробіш, хадзем ужо да нас.

— Не хочацца толькі браць у рукі гэтае мокрае кацянё, — сказала дачка.

Але кошка і не збіралася прасіць нас аб гэтым. Яна сама ўзяла сваё дзіця зубамі за карак і пайшла побач з намі. Так мы прыстойнай сямейкай і прыйшлі ў сваю хату…

Бунт

Маўр, Я. Бунт звяроў : [аповесці, апавяданні] / Янка Маўр. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2016. – 247 с. – (Бібліятэка выбраных твораў).

Бунт звяроў
(урывак з апавядання)

З Гамбурга ў Нью-Йорк плыў карабель. Апрача пасажыраў і звычайнага грузу на ім перавозіўся звярынец: слон, ільвы, тыгры, ягуары, вялізныя малпы, бегемот, насарог і іншыя. Гэтыя пасажыры займалі ўсю заднюю палову карабля. Клеткі іх стаялі радамі па баках, і публіка хадзіла паміж імі ды цешылася дармовым прадстаўленнем, якое было вельмі дарэчы ў час доўгай нуднай дарогі.

Надвор’е было добрае, ціхае, і гаспадар звярынца, тоўсты немец Буш, цешыўся, што падарожжа ідзе добра.

Так ехалі пяць дзён, але на шосты капітан чамусьці занепакоіўся, і перш за ўсіх заўважыў гэта Буш.

— Што такое? — трывожна спытаў ён.

— Ды вось гэтая хмарка мне не падабаецца…

Буш паглядзеў і ўбачыў на поўначы невялічкае воблачка, якое, здаецца, нічым не адрознівалася ад іншых, няшкодных.

— Няўжо ж яно нейкае асаблівае? — здзівіўся Буш.

— Пакуль што нельга сказаць нічога пэўнага, — адказаў капітан, — але дрэнна тое, што яно, відаць, набліжаецца сюды з поўначы, у той час як вецер дзьме з усходу.

А праз паўгадзіны ўжо не было сумнення, што будзе бура. Трывожна забегалі баранчыкі, вецер зрабіўся парывістым і ўвесь час змяняўся. А хмара ўжо абхапіла паўнеба.

Каманда пачала рыхтавацца да змагання з бурай. Буш быў сам не свой: яго кішэні пагражала сур’ёзная небяспека.

— Браткі, пастарайцеся! Ці нельга як-небудзь лягчэй? — звярнуўся ён да каманды.

Рогат падняўся сярод матросаў.

— Вам на колькі градусаў зрабіць буру? — падміргнуў адзін з іх.

— Дурны! Не на градусы, а на тоны, — паправіў другі.

Але Буш і сам зразумеў, што сказаў глупства, і пайшоў да сваіх звяроў.

Яны таксама пачалі ўжо непакоіцца, бо гойданка рабілася мацней і мацней. Асабліва цяжка было беднаму слану, бо для такой гары кожны нязначны нахіл многа значыць. Таксама дрэнна было і насарогу. Нават бегемот, які сам жыве ў вадзе, і той зароў ад спалоху.

За гэтых волатаў галоўным чынам і баяўся гаспадар. Усё можа быць, калі пачне іх кідаць, як мячыкі.

А яно якраз і пачыналася. Сонца схавалася. Забліскала маланка, загрукатаў над галавою гром, пайшоў дождж. Ужо ад аднаго гэтага звяры замітусіліся і зараўлі. А тут яшчэ пачалося страшэннае гойданне. Карабель часам нібы лажыўся на бок, і кожны раз звяры валіліся на сценкі сваіх клетак. А калі зараз жа пасля таго карабель адхіляўся на другі бок, то звяры з вялікай сілай перакідаліся і стукаліся аб другі бок клетак.

Калі з ільвамі, тыграмі і іншымі лягчэйшымі жывёламі было яшчэ паўбяды, то з вялікімі зусім іншая справа. Можна сабе ўявіць, што павінна зрабіцца, калі такі слон ці бегемот паляціць ды грукнецца аб краты.

І гэтага моманту ўсе са страхам чакалі…

рабінзоны

Маўр, Я. Палескія рабінзоны : аповесць, апавяданні / Янка Маўр. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2014. – 277 с.

Палескія рабінзоны
(урывак з аповесці)

Адважныя падарожнікі. – У моры. – Крушэнне карабля. – Падарожжа ў вадзе. – Невядомы бераг. – Падлік маёмасці.

…Надвор’е было ціхае, цёплае. Веснавое сонца грэла ўжо як след. Дрэвы зелянеліся. То была ўжо другая паводка на Палессі ў гэтым годзе. Першы раз адбылася яна з месяц назад, з крыгамі, замаразкамі. Пасля таго тыдні са два трымалася сапраўдная, цёплая вясна. Вада амаль сышла, але потым зноў пачаліся дажджы і снег. Ужо тыдзень, як скончылася і гэтая непагадзь. У іншых месцах прыступілі ўжо да ворыва, сяўбы, а ў гэтай нізіне ўсё яшчэ збіралася вада з далёкіх аколіц, асабліва з поўначы.

У такі час і трапілі сюды гэтыя два хлопцы. Яны былі аднагодкі і мелі абодва разам гадоў трыццаць пяць. Але выгляд, а таксама і характары іх былі зусім адметныя. Мірон быў худы, цыбаты дзяцюк, з блакітнымі вачыма, доўгім птушыным носам і доўгімі светлымі валасамі. Віктар, наадварот, — прысадзісты, карчасты, чарнявы, з круглым пляскатым тварам.

Мірон быў больш разважлівы, спакойны хлопец, а Віктар — жвавы, імклівы. Яны заўжды спрачаліся паміж сабою, але былі найлепшымі сябрамі і жыць не маглі адзін без аднаго.

Абодва вучыліся ў тэхнікуме ў адным з акруговых гарадоў Беларусі і былі самымі стараннымі ўдзельнікамі краязнаўчага гуртка. Можа, таму яны так і цікавіліся краязнаўствам, што нарадзіліся ў горадзе і ўвесь свой век пражылі ў ім.

З маленства яны былі суседзямі і таварышамі, таксама як і іхнія бацькі. Бацька Мірона працаваў у млыне, а Віктара — на шкляной гуце.

Прыроду, лес, вёску хлопцы ведалі толькі з тых экскурсій, якія рабілі, калі вучыліся ў сямігодцы. Далей як за дзесяць кіламетраў ад горада ім ніколі не даводзілася быць.

Вучыліся абодва добра, чыталі шмат кніжак, асабліва прыгодніцкіх — Жуля Верна, Майн Рыда, Купера і г.д. Цікавілі іх розныя далёкія краіны, дзікуны, індзейцы, якіх цяпер бадай ужо зусім няма. Захапляліся рознымі прыгодамі з іх жыцця, што адбываліся гадоў 60-80 назад. Марылі пра пальмы, джунглі, а не бачылі добрай пушчы, якая была за некалькі дзесяткаў кіламетраў ад іх. Уяўлялі сабе розныя паляванні на тыграў, сланоў, ільвоў, а вавёркі на волі не бачылі. Марылі пра мора, караблі, а не бачылі вялікага возера, якое ляжала за кіламетраў дваццаць ад іх.

У краязнаўчым гуртку яны даведаліся, што ў Беларусі наогул, а ў іх раёне асабліва, ёсць шмат куткоў, не горшых ад заморскіх. Ёсць пушчы, не менш цікавыя, чымся далёкія трапічныя лясы. Ёсць азёры і балоты, якія ўвесну робяцца морамі. Ёсць звяры, якія радзей сустракаюцца на свеце, чым сланы і тыгры.

Паступова выявілася, што Мірон цікавіўся больш батанікай, а Віктар — заалогіяй. Чытаючы кнігі, кожны з іх галоўную ўвагу звяртаў на сваю галіну навукі. У жывым кутку Віктар важдаўся з трусамі, мышамі, жабамі, а Мірон — з рознымі раслінамі. Паступова кожны з іх досыць сур’ёзна азнаёміўся са сваім любімым прадметам.

Калі прыйшла вясна і дзесяцідзённыя канікулы, хлопцам вельмі захацелася зрабіць вылазку за горад, куды-небудзь падалей, на некалькі дзён, пабачыць славутае палескае разводдзе. Такая вылазка ім здавалася цікавейшай, чым арганізаваная экскурсія ўлетку.

— Там усё ідзе па раскладзе, як заняткі ў класе, — казалі яны. — Загадзя ведаеш, дзе калі будзеш і што цябе там чакае. Не можаш пайсці, куды захочаш, спыніцца, дзе сам хочаш, рабіць, што табе падабаецца. Такія падарожнікі ў дарозе адчуваюць сябе як дома, не ведаюць незвычайных прыгодаў і небяспек. Якое ж гэта падарожжа?!

Калі яны сказалі аб сваім плане некаторым з таварышаў, дык тыя паднялі іх на смех:

— Ну і выдумалі! Якая карысць ад такога падарожжа, які сэнс?

— Нічога вы не разумееце! — пакрыўдзіліся сябры і больш ужо ні з кім не распачыналі гаворкі на гэтую тэму.

Але цвёрда пастанавілі выканаць свой намер чаго б гэта ні каштавала, каб даказаць усім, што незвычайнае падарожжа цікавей, чым звычайнае.

І вось нашы падарожнікі апынуліся ў чоўне сярод бязмежнага мора. І пакуль што былі задаволены…

Слёзы

Маўр, Я. Слёзы Тубі : аповесці, апавяданні / Янка Маўр. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2008. – 278 с. – (Бібліятэка школьніка).

Сын вады
(урывак з аповесці)

Марскія людзі. – Дзіўны горад. – Раздураныя кіцяняты. – Лодка ў паветры.

Трэці дзень злуе бура. Халодны асенні дождж пырскае бесперапынку, хоць стаіць лета — снежань месяц. Дажджавая заслона схавала ўсе горы, толькі бліжэйшыя скалы невыразна чарнеюцца. Наверсе свішча вецер, недзе далёка чуецца, як раве мора, але тут, у гэтым калідоры між стромкіх скал, яшчэ больш-менш ціха. Часам уварвецца і сюды вецер, загудзе, завые, як злоўлены звер, але вузкую стужку вады расхваляваць не можа. А потым зноў спакойна, толькі дождж булькае па вадзе ды наверсе вецер шуміць.

І трэці дзень, зашыўшыся ў шчыліну між скал, стаіць лодка Тайдо. Палова яе добра схавана пад зробленай над ёй паветкай, сюды дождж амаль не дасягае. Тут і размясцілася ўся сям’я Тайдо: жонка, дзевятнаццаці гадовы сын Манг ды двое малодшых дзяцей — дзяўчынка дзесяці год і шасцігадовы хлопчык.

Але з другога краю дождж у лодку льецца.

— Вылівайце ваду! — час ад часу загадвае бацька.

І тады дзеці чарпакамі і рукамі пачынаюць выплёхваць ваду з чоўна.

І так трымаюцца трэці дзень.

Можа, вы падумаеце, што гэта якія-небудзь няўдалыя падарожнікі чакаюць у дарозе, пакуль скончыцца непагода?

Не, гэта звычайная сям’я ў звычайных умовах. Нікуды яны не спяшаюцца: яны ў сваім доме — на лодцы. Зразумела, і яны жадаюць, каб дождж хутчэй скончыўся, але гэта не надта ім рупіць, бо дождж гэты таксама звычайнае з’явішча. І ўлетку і ўзімку — заўсёды ён восеньскі, халодны, і цягнецца, бывае, цэлымі тыднямі.

Розніца паміж летам і зімой толькі тая, што ўлетку ўсё ж такі крыху цяплей, часам бывае пятнаццаць градусаў цяпла, часцей выпадаюць сонечныя дзянькі і нават раз у год здараецца навальніца з громам і маланкаю, а ўзімку разам з дажджом часта ідзе і снег, але марозу, як гэта мы разумеем, усё роўна няма.

Там, наверсе, у гарах, мароз бывае, снег застаецца і ўлетку і ледавікі спускаюцца ўніз, але тут, на вадзе, можна сказаць, заўсёды восень.

Вось чаму нашы жыхары былі спакойныя і не лічылі сябе няшчаснымі.

Народ гэты, так званыя фуіджы, здаўна ўжо жыве такім чынам у заходняй частцы Вогненнай Зямлі і на бліжэйшых астравах ля Паўднёвай Амерыкі, або, лепш сказаць, каля Магеланавай пратокі.

Калі бываюць людзі горныя, стэпавыя, людзі лясоў і гэтак далей, дык тут мы маем людзей мора, якія нараджаюцца, гадуюцца, жывуць і паміраюць на вадзе, на моры.

Жыццё, як мы бачым, несалодкае. Чаму яны абралі сабе гэты спосаб жыцця?..

аповесці

Маўр, Я. ТВТ : аповесці / Янка Маўр. – Мінск : Юнацтва, 1997. – 335 с.

У краіне райскай птушкі
(урывак з аповесці)

Новая Гвінея. – У мангравым лесе. – Кітаец Чунг-лі. – У гасцях у папуасаў.

Далёка-далёка ад нас, на другім баку зямлі, можна сказаць, супраць нашых ног, на поўнач ад Аўстраліі, ляжыць вялікі востраў Новая Гвінея. На дзве з паловай тысячы кіламетраў працягнуўся ён у даўжыню і больш чым на шэсцьсот кіламетраў — у шырыню. Тры такія дзяржавы, як Англія, маглі б змясціцца на гэтым востраве.

Ляжыць Новая Гвінея каля самага экватара; значыць, там стаіць вечнае лета. Не трэба дбаць ні аб апале, ні аб цёплым адзенні, ні аб шчыльнай хаце.

Увесь год растуць і цвітуць там розныя дзіўныя расліны.

Па чырвоных кветках даўжынёю і шырынёю з добры ручнік лётае райская птушка, якая толькі і жыве ў гэтай краіне ды на некалькіх бліжэйшых астравах.

Здавалася б, вельмі прыемна жыць у такой краіне, але чамусьці народу там так мала, што на квадратны кіламетр прыпадае ўсяго толькі «палова чалавека». Жыхары Новай Гвінеі — папуасы — знаходзяцца ў такіх умовах, што і да гэтага часу лічацца самымі адсталымі людзьмі на зямлі*. (*Аповесць пісалася ў пачатку дваццатых гадоў нашага веку.)

З еўрапейцаў там стала жыве ўсяго некалькі сот чалавек. Ды і тыя размясціліся толькі па марскіх берагах, а ў цэнтры вострава ёсць нават такія мясціны, дзе ні разу не ступала нага белага чалавека.

Паспрабуем заглянуць у гэтую невядомую цікавую краіну.

…Сонца паліла так, як можа паліць толькі на экватары. Гарачыя праменні нібы праразалі наскрозь усё, што ім траплялася па дарозе, — і лісце дрэў, і ваду, і зямлю. Здаецца, яны хацелі высмактаць з зямлі ўсю вільгаць, але ўсюды было столькі вады, што не сушэй рабілася, а нібы яшчэ вільгатней.

Здавалася, што паветра было якоесьці густое, як у лазні, толькі пары не было відаць. Розныя пахі адчуваліся ў ім — і кветкавыя, і пладовыя, і разам з тым гнілыя, душныя, шкодныя.

Гэта і ёсць тое першае, галоўнае, што перашкаджае прыезджым людзям жыць у гэтай краіне. Цёплая вільгаць з’яўляецца галоўнай прычынай самай пашыранай у гарачых краінах хваробы — жоўтай ліхаманкі.

Затое раслінам усё гэта вельмі спрыяе. Яны так шпарка растуць, што, здаецца, каб прыслухаўся, то мог бы ўчуць, як яны пруць з зямлі. Кожнае дрэва, куст ці травіна цягнуцца ўгору, да сонца, нібы навыперадкі. Кожная расліна стараецца адапхнуць свайго суседа і захапіць як мага больш месца пад сонцам. Слабейшыя застаюцца ўнізе, заглушаюцца і паступова марнеюць.

Вышэй за ўсіх уздымаюцца пальмы. Іх верхавіны, з лісцем даўжынёю да чатырох метраў, выглядаюць як памёлы…

Некаторыя расліны з-за недахопу месца і святла прыладзіліся на чужым карку і п’юць сок з другога дрэва. Самымі распаўсюджанымі з іх з’яўляюцца ліяны, якія, нібы вяроўкі таўшчынёю з руку, пераблыталі ўвесь лес. Нават адна парода пальмаў, так званая ратангавая, таксама прыстасавалася жыць на чужы кошт.

Можна было толькі заўважыць, што жывёл мала ў гэтым лесе. І праўда, на Новай Гвінеі звяроў амаль што няма, калі не лічыць некалькіх парод, з якімі мы яшчэ сустрэнемся.

Сярод гэтага лесу на поўдзень цячэ рэчка — павольна, ціха. Розныя затокі і адтокі разыходзяцца ва ўсе бакі, — відаць, што рака канчаецца, што блізка павінна быць мора.

Па баках, як сцяна, стаіць высокі бамбук. Дзікія качкі капошацца там. На мангравым корані тырчыць белая чапля. Відаць, ніхто іх тут не чапае. Нікога няма навакол.

Але вось з-за павароту ракі паказаўся човен, просты, выдзеўбаны з бервяна. У ім сядзеў чалавек сярэдняга росту, жоўты, з вузкімі касымі вачыма. Відаць было, што гэта кітаец. Толькі як ён сюды трапіў з другога канца свету?..

дыктант

Маўр, Я. Чалавек ідзе : аповесці і апавяданні / Янка Маўр ; [аўтар прадмовы А. І. Якімовіч]. – Мінск : Юнацтва, 1989. – 268 с. – (Школьная бібліятэка).

Чалавек ідзе
(урывак з аповесці)

Старадаўнія часы. – Царства звяроў. – Ці людзі? – Няўдалае паляванне. – Падвячорак з пацука. – Начлег на дубе.

Гэта было даўно-даўно… Можа, мільён гадоў назад. Дакладна сказаць нельга, але прыблізна навука ведае, калі і як гэта было. Ёсць сведкі з таго часу: розныя знакі, рэчы, расліны, косці, каменні, нават самыя пласты зямлі, якія досыць праўдзіва могуць расказаць цікавыя гісторыі з таго часу. Трэба толькі навучыцца іх разумець…

З такіх помнікаў і склалася гісторыя, аб якой тут гаворыцца.

У тыя часы наша Еўропа мела зусім не такі выгляд, як цяпер. Мора займала ўсю сучасную Паўднёвую Еўропу і даходзіла да Альпаў, а ў нас — да нізоўяў Дняпра і Волгі.

Каўказскія, Крымскія горы, Альпы, Апеніны тады толькі што пачыналі падымацца ад зямлі. Усюды дзейнічалі вулканы, нават у такіх месцах, дзе цяпер аб гэтым ніхто і не думае, напрыклад, у сучаснай Германіі, Англіі. Казбек, Эльбрус выкідалі агонь, попел, лаву.

Паступова, павольна, на працягу соцень тысяч гадоў Еўропа прымала той выгляд, які мае ў нашы дні.

І клімат быў іншы, значна цяплейшы, напрыклад, як цяпер у Паўночнай Афрыцы.

Адпаведна гэтаму і расліннасць была больш разнастайная і багатая. Фігавыя і лаўравыя дрэвы раслі разам з хваёвымі. Разам з дубам, клёнам і вязам падымаліся пальмы, а нашы бярозы і вербы стаялі побач з міртамі, магноліямі і алеандрамі.

Уся гэтая расліннасць складала велізарныя лясы, якія займалі большую частку Еўропы. Насельнікамі гэтых лясоў былі ўсялякія звяры, з якіх адна частка дайшла да нашага часу бадай што такімі самымі, як былі, другая частка значна змянілася, а трэцця зусім знікла, і іх цяпер называюць «дапатопнымі».

Былі і стэпавыя прасторы, дзе вольна бегалі стэпавыя звяры.

Нідзе толькі не відаць было слядоў чалавека. Ніводнага чалавечага жылля не было ва ўсёй краіне. Аніводнага чалавечага слова не чулася на ўсёй прасторы. Аніводнага паляўнічага не сустракалі звяры на сваёй дарозе.

Гэта было сапраўднае «царства звяроў». Яны былі гаспадарамі ўсяе зямлі…

Але вось на адной палянцы з’явіўся гурток нейкіх стварэнняў, якія ішлі на дзвюх нагах. Можа, гэта і ёсць людзі?..

Вверх