Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Крапіва Кандрат

Анатаваны спіс

Сочинения

Крапіва, К. Збор твораў : у 6 т. / Кандрат Крапіва. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1997-2004.

Творы

Крапіва, К. Выбраныя творы : байкі, вершы, эпіграмы / Кандрат Крапіва. – Мінск : Беларус. Энцыкл. імя П. Броўкі, 2013. – 272 с.

У зборнік увайшлі лепшыя байкі, сатырычныя і гумарыстычныя вершы і эпіграмы К. Крапівы, якія перажылі свой час. Яны захапляюць сваёй мудрасцю, паэтычнасцю, свежасцю мастацкіх фарбаў.

Брама

Крапіва, К. Брама неўміручасці : п’есы / Кандрат Крапіва. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2006. – 231 с.

Урывак з п'есы «Брама неўміручасці»

Карціна першая

Лабараторыя Дабрыяна. Дабрыян сядзіць у крэсле, прыкрыўшы вочы рукой, — не то ў дрымоце, не то ў глыбокім роздуме. Ён шчаслівы. Здзейснілася мара яго жыцця. Гэта нешта неабдымна вялікае і дабратворнае, вынікі чаго цяпер яшчэ цяжка ўявіць і немагчыма прадбачыць. Душа яго поўніцца не то незвычайным святлом, не то чароўнымі гукамі.

Адчыняюцца дзверы, і ў лабараторыю ўваходзіць Наташа. Убачыўшы ў такім стане Дабрыяна, яна на пальчыках выходзіць і прычыняе дзверы. Гэта адбілася ў падсвядомасці Дабрыяна: ён спрабуе нешта вымавіць і расплюшчвае вочы.

Знікаюць чароўныя гукі і святло, усё набывае рэальны выгляд, але ачараванне не праходзіць. Дабрыян бачыць у зале людзей і выходзіць на авансцэну.

Дабрыян. Людзі добрыя!

   Паўза. Усе слухаюць.

Я вас люблю.

Голас з залы. Мы вас — таксама.

Дабрыян. Я прынёс вам добрую вестку. Нарадзіўся цуд. Вось тут, у гэтай лабараторыі — месцы маіх пакут і радасцей, салодкіх мар і горкіх расчараванняў. А пра што я марыў? Пра тое, як прадоўжыць ваша жыццё. I вось вы можаце сябе павіншаваць. Нашы шматгадовыя доследы паспяхова закончаны, і вынікі іх прызнаны за вялікае адкрыццё.

Голас з галёркі. I доўга мы будзем жыць?

Дабрыян. Вечна. Так, так, я не жартую. Нам удалося адкрыць закон неўміручасці.

Неўміручасць! Хто аб ёй не марыў! З таго часу, як чалавек стаў чалавекам, ён не можа прымірыцца са смерцю. Таму ён выдумаў сабе неўміручасць душы, якую прапаведуюць амаль усе рэлігіі. Нават калі бачыць труп падобнага да сябе, і тады ён не верыць, што ўсё скончана. Не можа быць, каб знік бясследна такі цуд, як чалавечае жыццё. Ён верыць, што вызваленая з цела чалавечая душа будзе жыць вечна. Чалавек заўсёды імкнецца пашырыць сваё жыццё за межы фізічнага існавання. Нават той, хто добра ведае законы прыроды. I ён у большай ці меншай меры дабіваецца неўміручасці. Тым, што дае жыццё наступнаму пакаленню. Тым, што робіць добрыя справы, за якія яго будуць успамінаць людзі, калі яго самога ўжо не будзе. Але чалавеку гэтага мала. Ён хоча жыць фізічна, сам сваёй асобай. (Да Наташы, якая ўвайшла.) Ну, як наш неўміручы пасля працэдуры?

Наташа. Усё ў парадку, Барыс Пятровіч.

Дабрыян (да гледачоў). Гэта мая памочніца, Наташа. Малодшы навуковы супрацоўнік. (Да Наташы.) Сядайце. Вы яшчэ будзеце патрэбны. (Да гледачоў.) Дык вось, ён хоча жыць і ніколі не паміраць. А хто ж яму не дае? А не дае яму, адкажаце вы, закон прыроды, паводле якога ўсё жывое павінна памерці. Усё — ад хларэлы да секвоі, ад чарвяка да акадэміка. Аднаму арганізму суджана жыць хвіліны, другому — стагоддзі, але ад смерці ратунку няма.

А ці ж сапраўды смерць з’яўляецца непазбежным канцом нашага існавання? Ад чаго паміраюць людзі? Ад халеры, ад сухот, ад воспы, ад тыфусу. З гэтымі хваробамі медыцына справілася, і яны не перашкода для неўміручасці. Яшчэ — ад інфаркту, ад інсульту, ад рака. А хто памірае ад гэтых хвароб? Як правіла, гэтыя хваробы апаноўваюць арганізм падношаны, аслаблены, як апенькі — трухлявы пень. Глебу ім падрыхтоўвае старэнне арганізма.

Абадоўскі (з залы). А што такое старэнне?

Дабрыян. Вось у гэтым і ўся задача, Уладзімір Фёдаравіч: разгадаць механізм старэння і авалодаць ім. Жыццё, як вы ведаеце, гэта бялковы абмен, які адбываецца ў арганізме пастаянна і няспынна. Але хітрая прырода, забіраючы ў нас жыццёвую матэрыю, кожны раз дае нам узамен тое самае, але крышачку горшае. У выніку ў клетках арганізма адбываюцца змены, якія перашкаджаюць яго абнаўленню. Вось мы і паставілі сабе задачу дабіцца справядлівага абмену: каб наш арганізм, нічога не трацячы, абнаўляўся на тым жа ўзроўні. Тады не будзе старасці і не будзе так званай натуральнай смерці.

Голас з галёркі. А ненатуральная будзе?

Дабрыян. Калі вас раздушыць аўтобус або спапяліць атамная бомба, дык наўрад ці зможаце вы разлічваць на неўміручасць.

Кудрыцкая (з залы). Але ад натуральнай смерці вы нас уратуеце?

Дабрыян. Клаўдзія Пятроўна? Прывітанне! Вас — абавязкова. Праведзеныя доследы даюць нам права адказаць на гэта станоўча…

Вершы

Крапіва, К. Вершы. Байкі. Эпіграмы. Паэмы / Кандрат Крапіва. – Мінск : Мастацкая літаратура, 1991. – 285 с.   [1] л. партр. – (Школьная бібліятека).

Вершы са зборніка

Крапіва
Я ў мастацкім агародзе
Толькі марная трава.
А якая? Смех, дый годзе:
Я — пякучка-крапіва.
Я расту вось тут пад плотам
I не так даўно ўзышла,
А ўжо многім абармотам
Рукі-ногі папякла.
Хто палез за агуркамі,
Хай той носіць пухіры —
Мяне голымі рукамі
Асцярожна, брат, бяры.
Хто сустрэўся быў са мною,
Дакрануўся раз ці два,
Дык той ведае ўжо, хто я:
Я — пякучка-крапіва.
Дзед і Баба
Байка
Ехаў Дзедка на кірмаш,
3 ім на возе — Баба.
Конік з выгляду — дарма,
Ды цягнуў ён слаба:
Меў не болей двух гадоў,
Як суседзі кажуць.
Баба ж тая — сем пудоў,
Сама меней, важыць.
Пад узгорак або ў гразь —
Конь насілу возьме.
Стала Баба памагаць…
Седзячы на возе.
Што ж, каню другі гадок.
Дык яна — за білы
Ды нагамі ў перадок
Пхне, як мае сілы.
— Кінь, дурная, бо зганю! —
Дзед тут Бабе кажа. —
Ты паможаш так каню,
Як хваробе кашаль.
— Ах ты, ёлупень стары! —
Баба Дзеда лае. —
Стой жа тут, хоць ты згары!
Мне бяда малая.
Потым — гоп яна з калёс,
Села ля дарогі,
А каня як чорт панёс, —
Дзе ўзяліся й ногі!
Ва ўстановах часам ёсць
Вось такія ж «бабы»:
Здэцца, й робяць яны штось,
Але справы — слабы.
Ды такая не ўцячэ!
Скажам ёй нарэшце:
— Мо без вас было б лягчэй?
Паспрабуйце злезці!
Байкі

Крапіва, К. На вастрыі : п’есы, апавяданні, вершы і байкі / Кандрат Крапіва. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2016. – 383 с.

Вершы са зборніка

«Вясковым дзеткам вясною»
Сцёпачкі, Парасачкі —
Дзетачкі вясковыя,
Беленькія красачкі,
Вочкі васільковыя!
Што вы цяпер робіце?
Пэўна, ў школу ходзіце,
Седзіцё за ўрокамі
З думкамі далёкімі, —
Як лужок травіцаю
Сцелецца зялёнаю,
Раўчучок вадзіцаю
Як шуміць халоднаю;
Дзеткі ўсе з кіёчкамі
Ходзяць за плыточкамі
Так, як бы па Нёману —
Колькі смеху, гоману!
Дзе-нідзе ў сасоннічку
Снег яшчэ хаваецца,
І зямля з прасоначку
Быццам пацягаецца…
Эх, вясна-забаўніца!..
Але вось настаўніца,
Галаву не чухайце, —
І яе вы слухайце:
Хоць вясной любуйцеся,
Школы ж не забудзьцеся.
«У вагоне»
Сапе, сапе, аж душыцца
З цяжару паравік,
Слупы ў акне мітусяцца —
Згубіўся ім і лік.
Бягуць, бягуць, хаваюцца
За белы дыму хвост.
Цішэй, цішэй — спыняюцца —
Мы едзем цераз мост.
Вось зноў хутчэй… урыўкамі,
Як быццам у кіно,
Мільгае руні ніўкамі
Зялёнымі акно.
Машыны мілі коўтае,
Прарэзвае лясы,
Марнеюць брудна-жоўтыя
Сям-там яшчэ аўсы.
Ўраджай быў які-колечы,
Карысці ж шмат не жджы:
Гніе, на полі стоячы, —
Пашкодзілі дажджы…
Вось даль падперазалася
Істужкаю ляскоў,
Вось вёска паказалася
З-за ўзгорку спатайкоў, —
Усё хаткі саламяныя
Стаяць, як капякі,
Схіліліся, як п’яныя,
Над люстраю ракі.
Свісток. Цішэй. Прыехалі, —
Пусцее наш вагон,
І думкам быццам некалі —
Пусціліся бягом.
Комедия

Крапіва, К. Хто смяецца апошнім : камедыі / Кандрат Крапіва. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2010. – 186 с. – (Школьная бібліятэка).

Урывак з камедыі «Хто смяецца апошнім»

Акт першы

Цёця Каця. (выходзіць з дзвярэй дырэктаравага кабінета. За ёю Нічыпар). Фу!.. Добра, што ты якраз падышоў, я ж бы адна гэтаму сталу і рады не дала.

Нічыпар. Гэта, брат, стол! Каб некалі мне такі пляц зямлі, то я б гаспадаром быў.

Цёця Каця. Новы поп, дык новае і маленне. У таго дырэктара, бывала, адзін столік, два крэслы і ўсё. А ў гэтага ж стол гэтакі, а на стале ж мартаплясаў усялякіх панастаўляна — таксама грошай каштуюць.

Нічыпар. А што яму — шкада казённых грошай? Не з свае ж кішэні плаціць.

Цёця Каця. Дзве канапы скураныя, мяккія. I нашто яны? Хіба ён лежачы працаваць думае.

Нічыпар. Далікатнага, мусіць, заводу. Баіцца, каб на цвёрдым мазалёў не панаседжваць.

Цёця Каця. I вось, скажы ты… Зараз год, як я на гэтым месцы, а не магу ўцяміць, што тут людзі робяць. Такі ж каваль у кузні куе, то знак ёсць, настаўнік дзяцей вучыць, і то знак ёсць, а тут людзі нешта робяць, робяць, і работы гэтай не відаць.

Нічыпар. Кажаш, працуюць і смаку не чуюць.

Цёця Каця. Яны, можа, і чуюць, але я не бачу, які тут смак. Нейкія ўсё каменні, косці перабіраюць, пясок перасыпаюць.

Нічыпар. Гэта яны зямлю вывучаюць.

Цёця Каця. Як гэта зямлю?

Нічыпар. А так, што як паглядзяць на гэтыя косці, дык адразу скажуць, колькі зямлі год і як яна выглядала, калі маладою была.

Цёця Каця. Пляцеш ты абы-што. Думаеш, калі я баба, дык ужо і паверу ўсякаму глупству

.

Нічыпар. Запытайся ў Чарнавуса. Ён чалавек дарма што сур’ёзны, а калі разгаворыцца, дык люба слухаць. Раскажа, і дзе некалі мора было, і чаму яго цяпер там няма, і якія жывёлы былі мільёны год таму назад, і як яны елі адна другую. Так дакладна раскажа, нібы ён сам быў пры гэтым.

Цёця Каця. А ў тым інстытуце, што на Шырокай, дык сабак поўна. Там з імі ўсялякія штукі вырабляюць, практыку здымаюць. Мая суседка там прыбіральшчыцай, дык расказвае, што не даюць, каб гэтыя сабакі ротам елі, а папракручвалі дзіркі ў баку ды ўліваюць ім яду туды.

Нічыпар. Ну, гэта хто да якой навукі здатны. Адны зямлю вывучаюць, а другія жывёлу.

Цёця Каця. Але нашто ж дзіркі круціць?

Нічыпар. Чаму нашто? Трэба ж хоць адным вокам глянуць, што там усярэдзіне робіцца.

Цёця Каця. Дык хіба ім не хапае гэтых дзірак, што сабаку бог даў?

Нічыпар. Гэта табе здаецца, што хапае, а ім, бачыш, мала… Загаварыўся тут з табой, а ў мяне яшчэ двор не прыбраны.

Цёця Каця. Прыбярэш, дзе твой двор дзенецца.

Нічыпар. Дырэктар прыйдзе, нагонку дасць.

Цёця Каця. Вельмі твой дырэктар на двор углядаецца. У яго другім галава занята. Учора адвячоркам з Зіначкай за горад імчаў на таксі, дык аж пыл курэў.

Нічыпар. З нашай Зіначкай?

Цёця Каця. А то з якою ж?

Нічыпар. Глядзі ты! У яго ж і свая жонка гладкая.

Цёця Каця. Гладкая, мусіць, прыелася, да шурпатай пацягнула.

Нічыпар. А Зёлкін як жа?

Цёця Каця. А што Зёлкін… Толькі ходзіць на мяккіх лапах ды прыслухоўваецца, хто што гаворыць. Што дырэктар з яго жонкай забаўляецца, дык ён гэтага не бачыць.

Нічыпар. Бачыць, ды віду не паказвае. Што ж гэтакі пеўнік зробіць дырэктару? А таму раскоша тут, як шчупаку ў сажалцы. Усе так і выдыгаюць перад ім: «Таварыш Гарлахвацкі! Таварыш Гарлахвацкі!» А ў таго Гарлахвацкага крукам носа не дастаць. Адзін Чарнавус яго не баіцца. Гэты сам разумее ў навуцы не менш за яго.

Цёця Каця. З’есць і Чарнавуса.

Нічыпар. Глядзі, каб не ўдавіўся…

Вверх