Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Кірэенка Кастусь

Анатаваны спіс

Выбраныя

Кірэенка, К. Выбраныя творы : у 2 т. / Кастусь Кірэенка. – Мінск : Маст. літ., 1978.

Верш са зборніка «Пах Чабаровы»

Не прыдумаю сама,
Што са мной здарылася:
З працы сёння йшла дамоў
I з дарогі збілася.

Мне б ісці каля ракі,
Я ж пайшла дубровай,
Галаву маю кружыў
Пах чабаровы.

Я ішла ўсё ды ішла,
Аж пакуль сумелася.
I не ведаю сама,
Як з Ігнасем стрэлася.

А Ігнась жа — ён са мной
Ды такі суровы…
Не кружы ты галавы,
Пах чабаровы!

Хлопец глянуў на мяне —
Я аж здрыганулася.
Але што са мной? Чаму
Да яго схінулася?

I чаму так мілы мне
Прывітання словы?
Кружыць, кружыць галаву
Пах чабаровы!..

Неба ззяла над зямлёй
Яркай вечарніцаю.
Доўга мы сядзелі з ім,
З любым, над крыніцаю.

Толькі ціхія дубы
Чулі нашы змовы…
Ой вясна мая, вясна,
Пах чабаровы!

Што скажу матулі я,
Як часінай позняю
Я з’яўлюся перад ёй,
Ласкавай і грознаю?

Што скажу, схаваю як
Водар той дубровы?
Я ж у хату прынясла
Пах чабаровы…

Верш Кастуся Кірэенкі «Пах Чабаровы» быў пакладзены на музыку вядомым беларускім кампазітарам Уладзімірам Буднікам. Песня ў выкананні вакальна-інструментальнага ансамбля «Чараўніцы» была выбрана беларусамі ў «Залатую калекцыю беларускай песні».

Слухаць песню:

ВІА «Чараўніцы» – Пах чабаровы [Электронный ресурс] // YouTube : [сайт]. – 2013. – Режим доступа: https://www.youtube.com/watch?v=17mJPaeSP_4. – Заглавие с титул. экрана. – Дата обращения: 12.11.2023.

вершы

Кірэенка, К. Выбранае : вершы, паэмы, апавяданні / Кастусь Кірэенка. – Мінск : Звязда, 2017. – 447 с. : іл.

Урывак з апавядання

Мне трэба купіць баян

У санаторый я прыехаў пасля хваробы. Я цвёрда запомніў і прывёз сюды з сабою наказы дактароў: жыць спакойна і ціха, ні на што не траціць лішняй увагі, адпачываць, набірацца сіл. Ды і што наказы дактароў. Я і без іх разумеў, што мне трэба правіцца. Я быў пасля хваробы як бы сам не свой. Стамляўся нават гаворачы з кім-небудзь, нават гледзячы чалавеку ў твар. Таму я стараўся як толькі можна адасобіцца ад людзей. Калі сястра-гаспадыня прывяла мяне ў сталовую паказаць маё месца за сталом, я не стаў разглядаць сваіх суседзяў. Я прывітаў іх дзяжурным «добры дзень» і адразу ўтаропіўся ў меню. Выбраў сабе абед, заказаў яго. А далей ад няма чаго рабіць стаў прыпамінаць сваю апошнюю рыбалку. Бо так вучылі мяне ў бальніцах: не думаць ні аб чым сур’ёзным, а прыгадваць што-небудзь лёгкае, прыемнае.

Я ўспомніў вясёлае надрэчча ў зялёнай засені кучаравых вязаў і бяроз, пах і шэлест аеру ля Акунёвага віру, звонкі лясны касцёр і ўсхваляваныя рыбацкія прамовы пры ім. Словам, перада мною ў сваёй прывабнасці толькі пачалі ажываць дарагія малюнкі, ажно я забыўся, дзе я і што я, як раптам правым бокам адчуў, што на мяне пільна нехта глядзіць. Плынь маіх успамінаў прыпынілася. Я нездаволена павярнуўся, каб збавіцца ад пранізлівага позірку. Але гэта мне не ўдалося: праз хвіліну ад таго позірку пахаладзела мая спіна. Нарэшце я рашыў даведацца, хто мяне так вывучае. Я скасіў вока і побач з сабою ўбачыў жанчыну. Ёй стала, мусіць, няёмка. Яна апусціла вочы і нізка схілілася над сталом.

Я не ведаў гэтай жанчыны. Я разумеў, што бянтэжу яе, ды, забыўшы пра ўсё, цяпер ужо сам не мог стрымлівацца, не мог на яе не глядзець. Мяне дужа ўразіў яе твар. Гэта быў твар знясіленага чалавека; пабітыя маршчынамі шчокі так і казалі аб пакутах і нялёгкіх перажываннях, а пышныя косы жанчыны былі амаль сівыя.

З самага таго часу, як я ўгледзеўся ў яе, жанчына не падымала вачэй. Таму я не мог пазнаць, колькі ёй год. Але вось нам паставілі на стол нашы дыетычныя супы, жанчына пацягнулася рукой па хлеб, я паспяшаўся падаць ёй хлебніцу, і тады яна ўзняла на мяне вочы. Я не скажу, што гэтыя вочы раптоўна ўзрушылі мяне. Я, мусіць, на выдатна засвоіў павучанні дактароў — усё прымаць звычна. Але ж гэтыя вочы не пакінулі мяне спакойным. Я ніколі не бачыў такіх вялікіх шэрых вачэй. Яны свяціліся, як два начныя небы. Яны былі хоць і стомленыя, але маладыя, і цяпер я мог з упэўненасцю сказаць, што гэтай жанчыне не больш як трыццаць пяць гадоў.

Пасля абеду, калі ўсе іншыя падняліся, і я і жанчына асталіся за сталом. Жанчына загаварыла першая…

шчасце

Кірэенка, К. Вандроўнае шчасце : рыбацкая паэма / Кастусь Кірэенка ; [фота У. Цыдзіка, У. Шафарэнкі]. – Мінск : Звязда, 2022. – 159 с. : іл.

Урывак з кнігі

Калі і як гэта пачалося?

За прамяністымі маякамі маленства схаваўся ў сініх незабудках духмяны стромісты бераг; пераліваецца, вызвоньвае песню лета задумны Сож; і нешта такое роднае, такое бясконца дарагое раптам прынясе далёкі ўспамін, што сэрца ажно заные і балюча зашчыміць, нібыта забаіцца: а можа, тое ўсё лепшае ўжо даўно аджыло, даўно страчана…

Дзіўна… Далібог, дзіўна…

Хіба ж такое можа стацца, каб аджыло самае дарагое?..

Хіба ж сэрцу было б чым узнаўляць свае сілы, было дзеля чаго трывожыцца і радавацца, калі б самага дарагога ў яго не стала?.. Старонка родная, сіні бераг, цішыня плёсаў, плёскат хваль, тумановыя світанкі, сонца на ўсходзе, зялёныя зоры, водар лугоў… Усё, як адна несціханая, невыказная песня, звініць і нясе мілы напеў праз жыццё.

Калі ж гэта пачалося? З якой хвіліны вядзе сваю сцежку зачараванасць красою бацькоўскага краю, смутак па мясцінах непаўторных і незабыўных, дзе пляскотныя хвалі, бы казачныя самацветы, сыплюцца, наплываюць на пахкі аер, дзе серабрыстая плотка весела падміргвае вокам, быццам мае сказаць табе нешта дужа таемнае і святое?

З якой хвіліны прыйшла ў душу неўтаймаваная асцярога — каб ніколі не страціць гэтае шчодрасці зямлі, гэтага бясконцага хараства?

З якой хвіліны прыйшло ў душу адчуванне, што ты — жывая часцінка сваіх светлых рачных абшараў, сваіх сонечных і грымотных небасхілаў, сваіх патаемных сцяжыначак-пуцявінак да самага шчаслівага берага?

Гэтую кнігу я назваў рыбацкай паэмай, а паэму — светлым іменем «Вандроўнае шчасце». Бо ў ёй і папраўдзе — сказ пра сходжаныя і нясходжаныя рыбацкія дарогі, пра рыбацкія вандроўкі і рыбацкія прыгоды.

Пра пясчаныя віры, дзе гуляе між глыбінёю і травамі і ўсміхаецца мудрай усмешкаю нязлоўлены асілак-лешч. Пра шчаслівыя кручкі і блешні, якіх сабралася ў скрынках і на сыноў, і на ўнукаў, і на праўнукаў.

Пра зялёную гарошыну, пра душагубку-хістанку, пра хітрую маляўку, пра шчупака-насарога…

Але я ніколі не ўзяўся б за пяро, калі б маёй рукою не кіравала бязмежная любасць. Любасць да наскіх азёраў і рэк, да палёў і пушчаў, да сіняга і хмарнага неба над імі, да рос і дажджынак на іх, да гукаў і галасоў роднай зямлі, да бясконцай яе красы.

Калі гэта пачалося — тое, што людзі называюць «охота пуще неволи», а мы — рыбакі — сваім шчасцем?

Калі гэта пачалося — што не сядзіцца чалавеку дома, што гатовы ён кінуцца і ў буры, і ў завеі, абы толькі ўбачыць свае вабныя, любыя мясцінкі, паслухаць шэпат сітнягоў і посвіст ветру, падыхаць дымам рачнога цяпельца?

Калі гэта пачалося — што ўсю зямлю чалавек па сардэчнаму праву пачаў лічыць сваёй роднай матуляй?..

сэрца

Кірэенка, К. Дэкрэтам сэрца : вершы і паэмы / Кастусь Кірэенка. – Мінск : Маст. літ., 1983. – 143 с. : іл.

Верш са зборніка

«Вернасць»
У вернасці людской няма пачатку —
У справах яна, ў марах, нават — снах.
I ў любасці, што дораць не з аглядкай,
I ў вечнасці, дзе ззяе Млечны Шлях.

Ідзі ў жыццё, трывог і шчасця повен,
Нясі жаданне — з прагай і журбой, —
Каб цэлы свет чуў сэрца твайго споведзь
Перад Радзімай і перад сабой.

Нясі жаданне — сэрцам без астатку
Быць неразлучным з роднаю зямлёй.
Так, як няма у вернасці пачатку, —
Так хай не будзе і канца ніколі ёй…
песня

Кірэенка, К. Кніга ста песень : вершы / Кастусь Кірэенка. – Мінск : Беларусь, 1971. – 160 с. : іл.

Верш са зборніка

⚹ ⚹ ⚹
Няма журбы на свеце лепшай,
Чым у красе сярод дуброў.
I ад хвароб яна палечыць,
I ад няшчырых слоў сяброў.

Устань світанкам, выйдзі ціха,
Дзесь пад асінкамі прысядзь.
I ўбачыш, як з ласём ласіха
Над ласянятачкам трымцяць,

I ўбачыш, як да траў нястрымна
Струменьчык выб’ецца з глыбінь, —
I раптам нешта ў сэрцы грымне…
I гэта будзе шчасцю гімн!
Надзея

Кірэенка, К. Надзея : вершы і паэмы / Кастусь Кірэенка. – Мінск : Маст. літ., 1985. – 126 с.

Верш са зборніка

⚹ ⚹ ⚹
Наніжы мне сонечных праменняў
Каля возера за жытнім полем
На званочкі — і пастаў на стол мне —
Хай асвецяць роздумы мае.

Сабяры мне іскры свайго смеху
І з прыгоршчаў высып на дарогу —
На пясок гарачы, на каменні, —
Каб лягчэй у свет было ісці.

Колькі можаш, — кінь у маім сэрцы
Цёплай ласкі, слоў, нібы сузор’яў, —
Каб зусюль — і ў цемры, і ў навале —
Да цябе вярнуцца мог лягчэй.
Вверх