Касцючэнка Наталля
Анатаваны спіс
Касцючэнка, Н. Час жніва і час пакаяння : аповесць-эсэ ; апавяданні. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. – 271 с.
Час жніва і час пакаяння
(урывак з аповесці)
Водгукі маўчання
Маўчы, альбо кажы тое,
што лепш за маўчанне.
Піфагор
Што ўяўляе з сябе чалавек першапачаткова? Неразумную голую істоту? Хоць шмат якія філасофіі зводзяцца да іншага: менавіта гэтая неразумная голая істота, якая яшчэ не навучылася гаварыць і не абрасла, нібыта луской, зямнымі страсцямі і турботамі, менавіта яна і трымае ў сваіх яшчэ слабых ручках ісціну, якую не здольныя ні ўтрымаць, ні спасцігнуць дарослыя людзі. 3 кожным імгненнем жыцця гэтая вялікая ягоная здольнасць паступова знікае: і дадзенае яму ад нараджэння нейкае веданне, і вышэйшая чуллівасць, і чыстае сэрца. Ці так гэта? Наколькі праўдзівая такая філасофія? Тады якое ж прызначэнне чалавека на зямлі, калі з кожным годам ён усё больш страчвае галоўнае?
Альбо няма ў чалавека ніякага прызначэння? І хіба не дзеля таго жыве ён, каб адчуваць то тыя, то іншыя жаданні і адшукваць спосабы іх задавальняць?
Дзяцінства… У ім жывеш па нябесных мерках, а не па звычайных, зямных. Няўдачы цябе не трывожаць, ты яшчэ маеш неабмежаваны вольны час і не задумваешся аб праблемах — яны існуюць па-за табой. Асабістая страта табе яшчэ невядомая і боль таксама. Усё ў жыцці працягваецца, каб вось так і працягвацца далей, з дня ў дзень; а само жыццё здаецца бязмежным, вялізным і таемным, як мора. I ты пакуль не ведаеш, колькі ахвяр яно няспынна патрабуе.
У дзяцінстве, калі ўспрымаўся інакш увесь свет: і сонца, і зоркі, і трава, — я таксама была іншая. У той маленькай дзяўчынцы, у якой сёння мне так цяжка знайсці агульнае з сабой, яшчэ не паспела знікнуць нешта вельмі важнае — тое, што ёсць амаль у кожным дзіцяці, і чаго, на жаль, ні ў мяне, ні, напэўна, у любога іншага дарослага чалавека ўжо няма.
Але тады, у дзіцячым узросце, яно ў мяне было. Асабліва, калі я маўчала. Маўчала не таму, што не ўмела гаварыць, — я з задавальненнем і нядрэнна размаўляла, але толькі зрэдку і ў асяроддзі тых людзей, якіх добра ведала і каго любіла. Патрэбнасць у маўчанні часам станавілася часткай маёй сутнасці, і ў гэтым стане я адчувала сябе натуральна і камфортна. У дзіцячым садку, куды мяне, пяцігадовае дзіця, аддалі бацькі, я маўчала паўгода. Не ў тым сэнсе, што мне проста падоўгу не хацелася размаўляць, а ў тым, што за паўгода я не вымавіла ніводнага слова.
Тады бацькі забралі мяне з вёскі, дзе я расла ў бабулі, у Мінск. Тут яны жылі і працавалі. I да гэтага горада трэба было прывыкаць і мне. Аднак у той час успрыняць і палюбіць Мінск, адчуць сябе камфортна ў гарадскім асяроддзі мне не ўдавалася. Хоць у перыяд майго вясковага жыцця, калі мы з бабуляй у паездках па смачны хлеб і булкі наведвалі ўкраінскія гарады Чарнігаў або Прыпяць (у той час малады горад атамшчыкаў, а пасля аварыі на Чарнобыльскай АЭС — горад-прывід, які ўвайшоў у зону адчужэння), я заўсёды радавалася ім. З асалодай разглядвала блішчастыя шкляныя вітрыны магазінаў, каштавала марожанае і нават з нейкім задавальненнем адчувала пад нагамі асфальт. Але здаралася, што мне станавілася няёмка за сябе і за бабулю, бо, у адрозненне ад прыгожа апранутых гараджан, мы выглядалі не зусім ахайна. У бабулі ў руках заўжды была вялізная, пацёртая з усіх бакоў сумка з паабмотванымі дзеля трываласці ізаляцыйнай стужкай ручкамі. А на нашых брудных нагах «прыгажэлі» няпэўнага ад дарожнага пылу колеру сандалі. Бабуля іх купіла ў вясковай краме, толькі сабе — вялікія, а мне — маленькія. У іх лёгка было хадзіць, а ад вёскі да станцыі, адкуль электрычкай можна было з’ездзіць у горад, ні многа ні мала для старых і малых ног — а чатыры кіламетры…