Караткевіч Уладзімір
90 гадоў з дня нараджэння
Чытайце кнігі Караткевічa Уладзімірa ў нашых бібліятэкахУладзімір Сямёнавіч Караткевіч (1930-1984) — беларускі пісьменнік, драматург, перакладчык, крытык. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1957 года.
Нарадзіўся 26 лістапада 1930 года ў горадзе Оршы Віцебскай вобласці. Ужо ў дзяцінстве выявілася рознабаковасць таленту Уладзіміра Караткевіча. Са слоў маці, ён навучыўся чытаць у тры с паловаю гады. Добра маляваў, наведваў музычную школу.
У час Вялікай Айчыннай вайны быў у эвакуацыі ў Пермскай вобласці, пасля ў Арэнбургу. У 1944 годзе разам з бацькам вярнуўся ў Оршу, дзе атрымаў сярэднюю адукацыю. У 1949-1954 гадах вучыўся на філалагічным факультэце Кіеўскага ўніверсітэта, які скончыў з адзнакай, здаў кандыдацкі мінімум і пачаў пісаць дысертацыю пра паўстанне 1863 года. Потым былі Вышэйшыя літаратурныя (1960) і Вышэйшыя сцэнарныя (1962) курсы ў Маскве. З 1962 года жыў у Мінску.
Творчая біяграфія
Першыя вершы апублікаваны ў 1951 годзе ў аршанскай раённай газеце. У 1955 у часопісе «Полымя» быў надрукаваны яго верш «Машэка». Амаль адначасова з’явіўся нарыс «Вязынка» ў кнізе «Янка Купала. Зборнік матэрыялаў аб жыцці і дзейнасці паэта». Гэтыя ўражанні ад паездкі на радзіму народнага песняра Караткевіч лічыў сваім сапраўдным дэбютам.
У тым жа 1955 годзе быў удзельнікам рэспубліканскай нарады маладых пісьменнікаў у Мінску, дзе былі высока ацэнены яго вершы. Як паэт раскрыўся арыгінальна і непаўторна зборнікамі «Матчына душа» (1958), «Вячэрнія ветразі» (1960), «Мая Іліяда» (1969), «Быў. Ёсць. Буду» (1986).
Шырокае прызнанне як на Беларусі, так і далёка за яе межамі прынесла Уладзіміру Караткевічу яго проза. У 1957 годзе ён напісаў аповесць «У снягах драмае вясна», а у 1958 з’явілася яго гісторыка-дэтэктыўная аповесць «Дзікае паляванне караля Стаха» - адзін з самых вядомых твораў пісьменніка.
Своеасаблівасць пісьменніцкага лёсу Уладзіміра Караткевіча перш за ўсё ў тым, што ён увёў у беларускую прозу жанр гістарычнай аповесці і гістарычнага рамана.
Асабліва важным творам, пабудаваным на матэрыяле паўстання 1863 года, стаў раман «Каласы пад сярпом тваім» (1962-1964). У ім аўтар звязвае асабістае жыццё герояў з гістарычнымі падзеямі. Па сутнасці гэты твор паклаў пачатак беларускай гістарычнай раманістыцы.
Сярод твораў гістарычнага плана пісьменніка вылучаецца і раман «Хрыстос прызямліўся ў Гародні» (1966, паводле рамана створаны аднайменны фільм на кінастудыі «Беларусьфільм» у 1967). Гэта своеасаблівая мастацкая энцыклапедыя народнага жыцця Беларусі XVI стагоддзя, трагічная і адначасова надзіва жыццяствярджальная.
Раман «Чорны замак Альшанскі» (1979, Дзяржаўная прэмія Беларусі імя Якуба Коласа, 1984) таксама з’яўляецца адзін з найпапулярнейшых твораў пісьменніка, дзе цесна перапляліся гісторыя і сучаснасць. Ён расказвае шмат чаго цікавага пра гісторыю Беларусі.
Дзя дзяцей выдаў «Казкі» (1975) і нарыс «Белавежская пушча» (1975).
Плённа працаваў і як драматург, публіцыст і літаратурны крытык. Аўтар п’ес «Млын на Сініх Вірах» (1957), «Кастусь Каліноўскі» (1980), «Маці ўрагану» (1985); нарыса «Зямля пад белымі крыламі» (1977) і інш.