Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Аляксей Якімовіч

Анатаваны спіс

Дзіда

Якімовіч, А. Залатая дзіда ; Рыжык / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Беларуская Энцыклапедыя, 2013. – 128 с. : іл. – (Кніжная паліца школьніка).

Творы рэкамендаваны для пазакласнага чытання па беларускай літаратуры вучням 5-га класа.

Зазуля

Якімовіч, А. Калі кукавала зязуля : аповесці / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Звязда, 2013. – 208 с. – (Пераходны ўзрост).

У кнігу ўвайшлі дзве прыгодніцка-гістарычныя аповесці для падлеткаў і юнакоў — «Калі кукавала зязюля» і «Панскае дзіця».

Урывак з твора «Панскае дзіця»:

З дзіцём на руках

Цёплае вераснёўскае сонца лагодным святлом залівала лес. Чырванела трапяткое лісце aciн, па-святочнаму ззялі гронкі каліны.

Mixал таропка ішоў па лесе. На ягоным плячы вісела торба, за плячыма — стрэльба, а на руках ён трымаў дзіця — маленькі жывы камячок. 3-пад самых ног Miхала імкліва, нібы язычок-агеньчык, выскачыла вавёрка, прашасцела па апалым лісці і, падскочыўшы, імгненна ўскарабкалася на яліну: села на тоўсты сук, глядзіць на Mixaлa.

Mixaл прыпыніўся, пальцам, пачарнелым ад пораху, дакрануўся да шчочкі дзіцяці i ўголас прамовіў:

— Куды ж нам цяпер, Сымонка?

За спінай, разарваўшы цішыню, прагучаў стрэл. Рыжуха-вавёрка, мільгануўшы хвастом, як «га» сказаць, схавалася ў дупло, а дзіця — надзьмула губкі i заплакала:

— А-а-а…

— Не плач, Сымонка. Я абавязкова цябе выратую, не аддам ім. Не плач, — суцяшаючы малога, Miхал шпарка пакрочыў па лесе.

Але маленькае хлапчанё зусім яго не разумела. Напалоханае стрэлам, яно плакала ўсё мацней.

Помнім добра, што paбiлi,
Як нас дзёрлі, як нас білі.
Дакуль будзем так маўчаці?
Годзі нам сядзець у хаці!

— не ведаючы, як яму супакоць малога, Mixал заспяваў «Песню беларускіх жаўнераў», якую стварыў Тадэвуш Касцюшка на пачатку паўстання 1794 года.

Чаму заспяваў менавіта гэтую песню? Kaлi б у яго раптам запыталі пра гэта, то ён i сам не адказаў бы.

Нашто землю нам забралі?
Пашто ў путы зaкaвaлi?
Дачкі, жонкі нам гвалцілі!
Трэ, каб мы iм заплацілi!

Mixaл спяваў ціха, ледзь раскрываючы губы, ды каб хто глянуў на яго збоку, то ўбачыў бы, як агнём загарэліся вочы, а на пераноссі, між броваў, сышлася глыбокая складка.

Ці ужо мы ўсе сабакі?
Гаспадары — не бурлакі.
За што маем крыўду знаці?
За што церпіць наша маці?

— спяваў Mixал.

Сымонка супакоіўся, перастаў плакаць, заплюшчыў вочкі, закалыханы ці то незвычайнай песняй, ці то рытмічнай хадой Міхала.

Міхал, усцешаны, заспяваў весялей, як, бывала, спяваў, калі з сябрамі ехаў на Зорцы ў паходнай калоне.

Бывай здарова, Грыпіна!
Параска! Мая дзяўчына!
Ад вас цяпер ад’язджаем,
Да Касцюшкі ўсе прыстаем.

Ззаду зноў прагучаў стрэл. Ужо бліжэй. Сымонка ўздрыгануў, але, на шчасце, не прачнуўся…

Друг

Якімовіч, А. Мой сябар Дон Кіхот : аповесці / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Мастацкая літаратура, 2018. – 333 с. : іл. – (Бібліятэка прыгод і фантастыкі).

Урывак з аповесці «Мой сябар дон кіхот»:

Нечаканая аб’ява

Звычайна мяне будзіць наш чырвоны, як зыркае полымя, певень: залазіць на лаўку перад самым акном i на ўсю сілу крычыць: «Ку-ка-рэ-ку-у...» А потым, залопаўшы крыламі яшчэ некалькі разоў запар: «Ку-ка-рэ-ку-у... ку-ка-рэ-ку-у...» Хоцькі-няхоцькі праціраеш вочы i гукаеш да таты ці мамы: «Кукарэку каля акна стаіць. Хутчэй зерне нясіце». Мама цi тата адчыняе акно i сыпле зерне. Шчыра прызнаюся, надакучыла гэта: нават на канікулах не дае паспаць. Не раз прасіў тату: «Давай лаўку перанясём». Не пагаджаецца. Кажа, што пад акном заўсёды стаяла лаўка, нават кaлi яшчэ прадзед жыў. Кажа, што так заведзена ў нашай сям’і. Не верыцца, што заведзена. Xiбa тата памятае, дзе стаяла лаўка, калі прадзед жыў?

Гэтым ранкам, з якога пачалася мая гісторыя, пабудзіў мяне не певень, а тата.

— Miколка, — крануў мяне за плячо, — нашто глупствам займаешся?

Я спрасонку кволым голасам вымавіў:

— Спаць хочацца. Яшчэ i Кукарэку спіць.

А тата не адчапляецца, будзіць як на злосць.

— Расплюшчы вочы, сынок.

«Расплюшчы вочы...» Цяжка расплюшчыць. Павекі быццам склеіліся, спіцца соладка-соладка.

— Кукарэку закрычыць, i я адразу расплюшчу!

— Паглядзі, што ў мяне! — ужо з пагрозаю прамовіў тата.

Я расплюшчыў спачатку адно вока, тады другое. Cтаіць тата каля ложка, як няўмольны старажытны рыцар, нейкі аркушык трымае, мне паказвае. Спрасонку здалося, што сшытак.

— Тата, сёння нядзеля, у школу icцi не трэба. Пазней зраблю хатнія заданні.

Тата паківаў.

— Усё-такі не прачнуўся!.. Расплюшчы вочы! Добра расплюшчы. Бачыш, што тут напісана?.. Прызнавайся, сынок!

«Прызнавайся...» Чаго ён хоча ад мяне?

Я спусціў ногі, узяў у таты аркуш i пачаў чытаць, бязгучна перабіраючы вуснамі: «З гэтага дня я буду тут, у вёсцы, змагацца са злом за праўду i справядлівасць. Буду абараняць слабых i пакрыўджаных. Але зло нялёгка перамагчы, таму шукаю сабе збраяносца, таго, хто падзеліць са мною гонар перамогі. Збраяносец будзе звацца Санча Панса. Хто хоча стаць маім збраяносцам? Паведамі Санча Панса! Дон Kixoт».

Я пачухаў патыліцу. Дон Kixoт — герой кнігi іспанскага пісьменніка Сервантэса. Ён рыцар, які рашуча кідаецца ў бой, каб абараніць слабых i пакрыўджаных. З Дон Кіхота смяюцца, нават б’юць яго, а ён усё змагаецца. Заўсёды побач ягоны збраяносец Санча Панса. Санча Панса разумее, што цяжка перамагчы зло, але не пакідае Дон Кіхота.

Няўжо i ў нашай вёсцы Paciнкa з’явіўся нейкі рыцар Дон Kixoт? Нашая вёска на гэтай зямлі не адно стагоддзе стаіць, але, відаць, нiколi не было ў нас Дон Kixoтaў. Не чуў, не захавалася паданняў. Адкуль жа гэты з’явіўся?..

ловушка

Якімовіч, А. Пастка для пярэваратня : аповесці / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Юнацтва, 1997. – 300 с. : іл. – (Бібліятэка прыгод і фантастыкі).

Урывак з апавядання «Пастка для пярэваратня»:

Сустрэча з крыжакамі

Човен, прарэзаўшы асаку, уткнуўся ў бераг, зарослы лазняком.

Саскочыўшы з чоўна, Янка азірнуўся. На сярэдзіне paкi зносіла ўніз човен, у якім плылі Мацей i Алеся.

— Супроць вады бярыся! — крыкнуў Янка, падказваючы Мацею.

Мацей часта-часта заграбаў вяслом, а Алеся, перагнуўшыся цераз борт, чэрпала далонямі ваду i пырскала ўгору. Пырскі рассыпаліся вясёлкамі на сонцы, падалі на рачную быстрыню, зліваючыся з ёю, нібы праменьчыкі.

«Дурніца! Пахіліцца човен — за борт паляціць», — падумаў Янка.

Ён зноў крыкнуў:

— Алеся, боўтнешся. Алеся-я-а…

«А-а-а…» — панеслася рэха. Аж да самага лесу.

Лес, ходжаны i няходжаны, без канца i краю, вакол, куды ні глянь. Ахоўвае Янкаву вёсачку Парэчча, якая размясцілася на беразе Шчары.

Аціхла, згінула рэха. А Мацея зносіць усё далей, за паваротку. Вось-вось ён схаваецца. Алеся ж (дурніца, сапраўдная дурніца!) пырскае, смяецца. Вясёлкамі мігцяць, пераліваюцца кpoплі, мядзяным званочкам гучыць Алесін смех.

— Супроць вады бярыся! — зноў гукнуў Янка.

Мацей выпрастаўся. Трымае вясло, што рыдлёўку.

— Яначка, не магу-у-у… Рака мацнейша-я-а…

— Мацейка, вясло ў цябе, не лыжка!..

Човен, паддаўшыся імкліваму цячэнню, хаваецца за павароткай, за лазняком. Мацей стаіць, бездапаможна расставіўшы pyкi.

«Няўмека. Чаго чухаешся?» — карціць крыкнуць Янку, ды ён стрымліваецца. Няхай зносіць, няхай. Навучыцца, калі намучыцца. Ён, Янка, навучыўся, ніводзін вip яго не адолее. Што ж, дванаццатае лета мінула, як басанож па гэтай зямлі бегае. А Мацею, браціку, усяго дзевятае пайшло, як i Алеci. Непадалёку ад іхняй Алесіна хата. Увішнае, няўрымслівае дзяўчо Алеся. Сёння яны, Янка i Мацей, за Шчару па шчаўе сабраліся. Многа яго расце на грудках, сярод лазнякоў. I яна стала прасіцца: «Вазьміце. Вазьміце». Mycілі ўзяць, бо такая, што не адчэпіцца.

«Вух!» — гучна вухнула каля берага, у асацэ. «Шчупак, — скумекаў Янка, — Вось каб падчапіць на кручок». Толькі падумаў так — у вадзе кінуліся ў бакі, ратуючыся, плоткі. Выгнуўшыся, узляцеў угору шчупак: «Вух». I зноў цішыня.

Янка нетаропка, па самым ускрайку берага, падаўся туды, дзе схаваўся Мацееў човен. Лазнякi густыя, што шчотка, да самай вады падыходзяць. Здаецца, не прадзярэшся. Ды ён добра ведае тыя ледзь прыкметныя сцяжынкі, якія выводзяць праз гэтыя кусты. Ведае, што ёсць яміны-бухты, падмытыя вадою ў беразе. Ступіш неасцярожна — праглыне, пацягне, нават «Ратуйце!» не паспееш крыкнуць. Ёсць тут i твань, багна. Яна, як i вада, следу не пакідае.

За павароткай ракі кусты лазняку стаяць асобнымі кyпінамі. Тут бераг высокі. Зелянее луг, прыбраны кветкамі-краскамі. Далей — лес. Скрозь лес. Ён не толью хавае ад нядобрага вока, але i корміць. Тут i дзікі, i зайцы, i зубры, i … Не злічыць усёй дзічыны. Узімку, калі ноч апускаецца над вёскай, распачынаюць сваю песню ваўкі. Песню бясконцую, як сама зімовая ноч. Спярша азываецца адзін, пасля другі, трэці. Потым пачынае выць, пераклікацца цэлая зграя. Дрыжыкі прабягаюць па целе, стараешся бліжэй прымасціцца да бацькі, які побач cпіць. Воўчая песня яму што камарыны піск. Не дзіва. У бацькі лук, стрэлы, дзіда. Ён, як i ўсе дарослыя мужчыны, — вой. Загарыцца ў Слоніме, у крэпасці, смольнае дрэва, агонь альбо дым ад якога відаць далёка-далёка, — знак, што вораг блізка. Тады бацька бярэ сваю зброю, садзіцца на каня i хутчэй у крэпасць. Святы абавязак мужчыны — свой край бараніць. Бывае, што ў вёску коннікі прывозяць віцы — xiтра пераплецены пук вяровак ці дубцоў. Гэта знак, што князь у паход кліча. Ен з вёскі ў вёску перадаецца. Ганьба таму, хто не перадасць, хто затрымае. Калі ў Слоніме збярэцца вояў цэлая харугва — полк, тады ідуць на ворага…

Святыя

Якімовіч, А. Сакрэт Тунгускага метэарыта ; Прыгоды шасцікласніка Максіма : аповесці / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Юнацтва, 1993. – 255 с. : іл. – (Бібліятэка прыгод і фантастыкі).

Урывак з аповесці «Сакрэт тунгускага метэарыта»:

Незвычайныя турысты

Як вядома, самыя цікавыя гісторыі заўсёды пачынаюцца нечакана. Яны, так мне здаецца, нагадваюць дзіўны казачны сон, якi і радасць прыносіць, i трывожыць, i нават наганяе страху.

Так, кожная цікавая гісторыя чымсьці падобная на сон. А гэтая, пра якую хачу вам расказаць, таксама нібыта сон. Мне i цяпер часам здаецца: таго, што здарылася са мною, не было. Проста прыснілася. Прыснілася, каб не паўтарыцца…

У тое лета ўрадзілі суніцы. Цёплыя, шчодра нагрэтыя сонцам, яны ўсыпалі ўсе лясныя палянкі. А ад нашай вёскі Яловікі да лесу рукою падаць. Выйшаў з хаты, прайшоў паўкіламетра — лес перад табою. Там знаёмыя сцяжынкі, якія бягуць, выводзяць да самых зманлівых сунічных палянак.

З самага ранку са сваім сябрам Васілём я адправіўся ў лес. Мы не бралі з сабой ні збанкоў, ні вядзерцаў, ні нават кубкаў. Мы проста хацелі паласавацца суніцамі, крыху пабегаць, пагукаць, праверыць птушыныя гняздзечкі. Што ж, не так даўно скончылі шэсць класаў. Канікулы. Як гаворыцца, маем права пагуляць.

Ды ў гэты дзень склалася не так, як заўсёды. На знаёмай паляне, дзе расла магутная разлапістая яліна (на гэтую яліну з Васілём часта лазілі, каб паўзірацца з вышыні на вёску, на поле, на луг), убачылі палатку. Здаецца, Васіль першым яе ўбачыў. Хоць не хочацца прызнавацца, але скажу: Васіль жвавейшы за мяне. Ён і гняздзечка першым заўважыць, і вужа, калі той вылезе на палянку, каб пагрэцца. Часта апярэджвае мяне Васіль.

Так, так, цяпер успомніў: гэтую палатку ён першы ўбачыў. Убачыў i штурхець мяне ў бок:

— Антон, глядзі!

А мне надумалася, што гадзюка з куста вылазіць. Нядаўна, калі суніцы збіралі, ледзь рукою гадзюку не схапіў. Ох і спалохаўся! Два дні ў вачах стаяла.

— Дзе? Дзе? — страпянуўся я.

— Цішэй, — прамовіў Васіль. — Не азірайся, а глядзі ўперад. Палатка на палянцы.

Ад душы адразу адлягло. Зірнуў. Сапраўды, палатка.

— Ну і што? — кажу Васілю. — Hiколі палатку не бачыў? Няхай стаіць…

Казкі для дзяцей

Сказки

Якімовіч, А. М. Казкі-падказкі : [для малодшага школьнага ўзросту] / А. М. Якімовіч. – Мінск : Народная асвета, 2012. – 104 с. : іл.

У кнізе сабраны незвычайныя мастацка-навуковыя казкі. Пабудаваныя ў займальнай форме, яны падказваюць чытачам, якія правілы трэба ведаць, каб правільна карыстацца мовай. Гэтыя казкі нагадваюць загадкі.

Сказки

Якімовіч, А. Матэматычныя казкі-падказкі : [для дзяцей малодшага школьнага ўзросту] / А. Якімовіч. – Мінск : Народная асвета, 2018. – 30 с. : іл. – (Бібліятэка Асветыка).

У кнізе, як у вучэбным дапаможніку, раскрываецца чараўніцтва матэматыкі. Разам з героямі казак вучні малодшых класаў змогуць складаць, множыць, аднімаць, вырашаць жыццёвыя задачы.

Человек

Якімовіч, А. Металічны чалавек : аповесці-казкі / А. М. Якімовіч. – Мінск : Пачатковая школа, 2016. – 112 с. : іл.

Аповесці-казкі распявядаюць пра неверагодныя прыгоды Робата з добрым сэрцам. Выпрабаванні, якія выпадаюць галоўнаму герою, не толькі раскрываюць яго характар, вучаць знаходзіць выйсці з любых абставінаў, але і дапамагаюць Робату сустрэць сапраўдных, верных сяброў.

мышка

Якімовіч, А. Прыгоды Белай Мышкі : аповесці-казкі / Аляксей Якімовіч. – Мінск : Звязда, 2018. – 128 с. : іл.

Галоўныя героі кнігі — Белая Мышка і нядобры міфічны хлопчык Чапялейка, якія ўвасабляюць сабою вечнае супрацьстаянне дабра і зла. Аўтар робіць акцэнт на дыялогі дзеючых асоб, таму можна рэкамендаваць дадзеныя казкі для пастаноўкі на тэатральнай сцэне.

Семь

Якімовіч, А. Сем гісторый пра Воўка і Вожыка : апавяданні і казкі / А. Якімовіч ; мастак В. Архіпенка. – Мінск : Пачатковая школа, 2016. – 57 с. : іл.

Барабашка

Якімовіч, А. М. Я, Сямён і барабашка : аповесць-казка : [для сярэдняга школьнага ўзросту] / А. М. Якімовіч. – Мінск : Народная асвета, 2011. – 126 с. : іл.

Вучні шостага класа Язэп і Сямён заўважаюць, што ў Язэпавай хаце пасяліўся таемны барабашка. Потым разам з ім яны трапляюць у незвычайную краіну, дзе побач з людзьмі жывуць даўнія язычніцкія багі.

Заяц

Якімовіч, А. Як Заяц і Воўк сябравалі ды навукі вывучалі : казкі / А. Якімовіч. – Мінск : Народная асвета, 2017. – 46 с. : іл. – (Бібліятэка Асветыка).

Гэта кніга адначасова і зборнік казак, і падручнік

Вверх