Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Хвалей Яўген

Анатаваны спіс

Пацукі

Хвалей, Я. Пацукі, або Таямнічы дзённік : аповесць : [для сярэд. і ст. шк. узросту] / Яўген Хвалей. – Мінск : Юнацтва, 1991. – 174 с.

Урывак з аповесці:

«Дрэвы аголеныя, без ніводнага лісціка, страшылі, наганялі трывогу, асабліва ў прыцямкі. Як цяпер. Яны здаваліся загадкавымі зданямі, нібы не ты на іх ішоў, а яны на цябе насоўваліся. I толькі белыя камяніцы высокіх жылых дамоў, якія імкнулася ахутаць восеньская шэрань, заспакойвалі. Але сёння і яны не маглі — ды і ніхто, мабыць, на свеце не змог бы — змяніць гнятліва-трывожны настрой Антаніны Фёдараўны…

«Як жа гэта здарылася? Як магло здарыцца?! Не верыцца! Не хочацца верыць!..» — свідравала мозг адна думка. Усю цалюткую ноч яна не давала заснуць, мучыла яе, настаўніцу, класнага кіраўніка. Яшчэ не паспелі забыць пра здарэнне з Вадзімам Цэхановічам, і на табе — новае… Пра трагедыю, якая здарылася з Веранікай Рагозінай, ёй паведаміла вечарам па тэлефоне намеснік дырэктара Лілія Міхайлаўна Сянчук.

Пад раніцу, калі ўсё-ткі яе змарыла, сніўся страшны сон: на грудзі ёй скочыў вялізны слізкі пацук — такога яна ніколі не бачыла. Ён, мабыць, меціў сцяць яе за горла, але яна імгненна перахапіла яго, з нейкай неверагоднай сілай сціснула ў руцэ і трымала гэтую шэрую, з доўгім хвастом пачвару, пакуль не прачнулася. Агідна і непамысна было на душы ў першыя хвіліны. Не магла зразумець: сон гэта ці ява?

Цяпер ішла ў школу, і гэты сон не адступаў ад яе, нібы суправаджаў той вялізны пацук. Яна нават не імкнулася разгадаць сон. Усё і так было ясна: што за істота пацук — усе ведаюць. Успомнілася, як яна недзе вычытала…»

Прынцэса

Хвалей, Я. Прынцэса тусоўкі : [аповесці : для сярэд. і ст. шк. узросту] / Яўген Хвалей. – Мінск : Маст. літ., 2008. – 366 с. – (Бібліятэка школьніка).

Урыўкі з аповесцяў:

«Пасля трагедыі, якая здарылася з Веранікай Рагозінай, Антаніна Фёдараўна часта заходзіла да яе мамы, Веры Іванаўны, каб падтрымаць, сказаць ёй хоць некалькі добрых слоў, чым-небудзь дапамагчы. Вера Іванаўна цяпер жыла адна, і пустэча ў кватэры была страшнейшая за ўсё. Успаміналі Вераніку, заходзіла гаворка пра Таню. Але, што самае дзіўнае, меркаванні Веры Іванаўны пра Касмылёву былі куды болыш стрыманыя, чым настаўніц. Хаця, здавалася, павінна быць наадварот. Вера Іванаўна, як ні цяжка было ёй, гаварыла ціха, спакойна:

— Тут усё звязана ў адно. Час — гэта людзі. Не памятаю, хто з вялікіх сказаў, але гэта гучыць прыкладна так: «Віна не караецца — яна ляжыць на выхавальніках, бацьках, на нас саміх, а не на злачынцы…» Маюцца на ўвазе прычыны, якія прымусілі здзейсніць злачынства. Вось тут і трэба шукаць загадку і разгадку ўсіх нашых бедаў…»

⚹ ⚹ ⚹

«Сонечным ліпеньскім ранкам — была нядзеля — бацькі праводзілі Анжэлу на ўступныя экзамены. Яны старанна збіралі дачку ў дарогу. У апошні момант маці Анюта дапамагала Анжэле закрыць на замокмаланку (той ніяк не сцягваўся) перапоўненую сумку, а Іван скокнуў на гарышча і зняў вяндлінку, прыхаваную з зімы. «У інтэрнаце як знойдзеш…»

Анжэла да гэтага спакавала сінюю спартыўную сумку. У ёй на дне ляжалі школьныя падручнікі, зверху — адзенне. Правізію маці паклала ў асобны поліэтыленавы мяшок. А для грошай дала дачцэ свой скураны ўмяшчальны кашалёк, які яна купіла нядаўна з зарплаты швачкі. Анюта працавала ў мясцовай швейнай майстэрні. Калі выходзілі з хаты, маці перахрысціла Анжэлу на абразы: «Дай Божа, табе, дачушка, шчасця на тых экзаменах…» — ледзь чутна прашаптала, сунуўшы дачцэ яшчэ некалькі тысяч да тых асноўных грошай, якія даў Іван. Усю сваю апошнюю зарплату (ён працаваў слесарам у раённай «Сельгастэхніцы») аддаў Анжэле. Не жартачкі, вялікі горад — гэта табе не мястэчка Былькі, дзе ўсе адзін аднаго ведаюць. А жыць жа трэба там, у сталіцы, амаль месяц (…)

…Анжэле неабходна было сесці на раённы рэйсавы аўтобус і ехаць дзесяць кіламетраў да чыгуначнага вакзала. Адтуль — цягніком да Мінска (…)

…З кожным крокам набліжаўся аўтобусны прыпынак. Іван, ведучы паперадзе ровар, за якім ішла Анжэла, час ад часу, паварочваючыся, кідаў словы:

— Дачушка, глядзі ж ты там — у інтэрнаце не загульвай… Чытай паболей. Нам з мамай некалі будзе прыехаць да цябе — праца, гаспадарка, Славік…

— А я не маленькая ўжо… Чаго да мяне ехаць? Калі што — напішу ці пазваню…

Сказаўшы «Не загульвай…», Іван уклаў у гэтае слова пэўны сэнс, бо добра ведаў, як Анжэла паводзіла сябе, асабліва два апошнія гады. Пасля розных вечарын у школе, дыскатэк у Доме культуры яна амаль заўсёды прыходзіла дамоў позна ноччу. Ён, Іван, а болыш за ўсё маці ўшчувалі Анжэлу: не той зараз свет… Ускочыць у бяду — раз плюнуць. Але Анжэла асаджвала бацькоў тым, што яна, маўляў, ніколі не гуляла адна, а заўсёды з сяброўкамі. Хоць усё было наадварот: Анжэла за свае юныя гады перабрала хлопцаў больш, чым мела гадоў. Колькі разоў яна прыходзіла дамоў выпіўшы, накураная, з цыгарэтамі ў сумачцы… А гэта ўсё было перажываннем для бацькоў. Сама прыгажуня, вышэй сярэдняга росту, зграбная, з ручаём смаляных валасоў, мілавідным тварам, на якім выдзяляліся глыбокія вочы колеру агату, тэмпераментная, Анжэла прыцягвала хлопцаў з першага погляду. А тыя пасля, раскусіўшы яе, хутка адыходзілі, а часцей кідала яна іх як неадпаведных яе ідэалу.

На аўтобусным прыпынку доўга стаяць не давялося — падышоў аўтобус. Іван, падаўшы рэчы Анжэле, якая ўвайшла ў салон, пажадаў:

— Поспехаў табе, дачушка!

— Hi пуху ні пер'я трэба казаць, бацька…

Іван паўтарыў.

— К чорту! — вымавіла Анжэла, калі аўтобус ужо крануўся.»

Вершы

Хвалей, Я. Вершы / Яўген Хвалей // Роднае слова. – 1997. – № 4. – С. 182-184.

Музыка ўначы

Сад ахутала ноч,
Квецень белая, белая…
Ты ідзешь са мной збоч,
Ты такая нясмелая.

Я прашу белы май —
Да кахання прычасце —
Затрымай, затрымай
Хоць на міг маё шчасце.

Быццам рай, белы сад,
Ты, як лань, палахлівая.
А навокал зарапад
Шэпча: «Ах жа, шчаслівая…»
Дзіва-сны

Хвалей, Я. І. Дзіва-сны дзяўчынкі Вікі : вершаваныя казкі / Я. І. Хвалей ; маст. А. Ф. Хворык. – Мінск : Маст. літ., 2002. – 86 с.

Вершы

Хвалей, Я. Пяць бэзавых пялёсткаў шчасця : [зборнік] / Яўген Хвалей. – Мінск : Беларусь, 2022. – 255 с.

Мастак-рамантык з берагоў Ушы
(урывак з рамана)

Да 222-годдзя з дня нараджэння мастака Вленція Ваньковіча.

ПРАЛОГ

Алесь Князевіч — журналіст, шукаў у інтэрнэце аб’яву. Ён хацеў купіць дом, які стаяў бы ў маляўнічай мясціне. Праз нейкі час натрапіў на вёску Калюжыца. Уважліва прачытаў і даведаўся, што знаходзіцца яна на беразе рэчкі Уша, якая праз шэсць вёрст упадае ў Бярэзіну. Вакол ягадна-грыбныя лясы. «Лепшага месца не прыдумаць: рэкі, рыба, лясныя дары, — спыніўся Князевіч. — Хай сабе і за сто вёрст ад Мінска. На машыне гадзіна язды, — на хвіліну задумаўся. — Чакай, чакай, Калюжыца? Чуў ці чытаў я недзе, што ў маёнтку з такой жа назвай нарадзіўся знакаміты мастак дзевятнаццатага стагоддзя Валенцій Ваньковіч. Можа, гэта там?».

У бліжэйшыя выхадныя Алесь Князевіч накіраваўся на машыне ў Калюжыцу.

На дварэ стаяў блакітна-зялёны травень. Сонца грэла ласкава, цвілі сады — слівы, вішні, п’яніла белапеністая чаромха, вось-вось павінен быў успыхнуць ліловы і белы бэз.

Алесь Князевіч уехаў у вёску, спыніў машыну каля хаты, вокны якой былі забіты дошкамі. Вылез, стаў аглядаць будыніну. Неўзабаве з двара насупраць выйшаў высокі, статны мужчына з густой барадой. Ён адразу рушыў да машыны: зразумеў, што чалавек хоча купіць хату.

— Здрасце! — павітаўся мужчына і працягнуў руку: — Вальдэмар.

Князевіч парукаўся і таксама назваўся.

— Не эту хату пакупайце. Вунь чуць падальша — лучшая. Ідзёмце, я вам пакажу… — Вальдэмар размаўляў па-руску з выразным беларускім акцэнтам. Ішло ў яго гэта ад маці, якая была па-нацыянальнасці руская.

Ён падвёў Князевіча да двух высокіх тоўстых дрэў — у чатыры абхваты, — непадалёк ад якіх стаяла накрытая шыферам хата.

— Ну вот эту хату можна… Тут жыў харошы хазяін, дажа каня свайго дзяржаў, — Вальдэмар увайшоў у двор, за ім — Князевіч. — Дзесяць лет тут ніхто не жывёт…

Яны пахадзілі па двары, агледзелі хату і накіраваліся назад да веснічак. Падышлі да магутных дрэў.

— Эці серабрыстыя тапаля — ім больша двухсот лет, вунь і гняздо буслінае наверху, — Вальдэмар задраў галаву, — садзіў здзешні пан Ваньковіч. Быў у яго сын Валенцій, які стаў ізвесным художнікам. Тут стаіць яму памятны знак-валун. Сейчас увідзім, — Вальдэмар вёў да ўзгорка над рэчкай. — Вот ён…

Сярод бэзу Алесь Князевіч убачыў невысокі шэры камень. На мармуровай дошцы былі выбіты словы: «Тут, у маёнтку Калюжыца, 12 мая 1800 года нарадзіўся выдатны беларускі мастак Валенцій Ваньковіч».

— А хто помніць паноў Ваньковічаў, так эта Волька Зарэчная. Ей пад сто лет. Жывёт праз дзве хаты. Унь… — Вальдэмар паказаў рукой налева.

Князевіч павярнуў галаву і ўбачыў старэнькі драўляны домік з абчэсаных бярвенняў. «Калі куплю хату, зайду да бабулі, абавязкова зайду, — падумаў Алесь. — Можа, я буду апошні, хто пачуе аповед пра Ваньковічаў з вуснаў Зарэчнай»…

Вершы

Хвалей, Я. Яблык з радзімкай : вершы, скорагаворкі, загадкі, казка / Яўген Хвалей. – Мінск : Звязда, 2017. – 27 с. – (Вясёлы калейдаскоп).

Вверх