Государственное учреждение культуры
Мозырская централизованная библиотечная система
Мозырская центральная
районная библиотека
имени А.С. Пушкина
  • Телефон: +375 (236) 24-89-49
  • Факс: +375 (236) 24-33-85
  • e-mail: mozyr_rcbs@mozyr.gov.by
fr ru en de fr
символика

Грахоўскі Сяргей

110 гадоў з дня нараджэння

Писатель
Чытайце кнігі Сяргея Грахоўскага ў нашых бібліятэках

Сяргей Іванавіч Грахоўскі (1913–2002) — паэт, празаік, перакладчык, лаўрэат Літаратурнай прэміі імя А. Куляшова, Дзяржаўнай прэміі Беларусі. Член Саюза пісьменнікаў Беларусі з 1956 года.

Нарадзіўся 25 верасня ў вёсцы Нобель Пінскага павета Мінскай губерні (цяпер Зарэчненскі раён Ровенскай вобласці Украіны). Гады маленства прайшлі на радзіме маці, у мястэчку Глуск Магілёўскай вобласці. Тут скончыў сямігодку, менавіта тут у гады вучобы захапіўся літаратурай.

У семнаццаць год юнак уладкаваўся рабочым на Бабруйскі дрэваапрацоўчы камбінат. Потым пераехаў у Мінск, працаваў у Дзяржаўным выдавецтве, паралельна вучыўся на літаратурным факультэце Мінскага педагагічнага інстытута. У 1935 годзе, скончыўшы вучобу, пайшоў працаваць рэдактарам на Беларускае радыё.

У 1936 годзе беспадстаўна арыштаваны і сасланы на 10 гадоў на лесапрацоўкі ў Сібір. Пасля вызвалення выкладаў рускую мову і літаратуру ва Урэцкай сярэдняй школе Слуцкага раёна (1946-1949). Быў паўторна арыштаваны і сасланы на вечнае пасяленне ў Новасібірскую вобласць. Пасля рэабілітацыі (1955) вярнуўся на Беларусь, працаваў у часопісах «Бярозка», «Вясёлка», літаратурным кансультантам Саюза пісьменнікаў Беларусі. Гэтыя гады сталіся для яго перыядам вельмі актыўнай творчай працы.

Творчая біяграфія

Першы верш быў надрукаваны ў часопісе «Беларускі піянер» (1926), калі аўтару споўнілася 13 год. Першы ж вершаваны зборнік «Дзень нараджэння» (1958) пабачыў свет толькі праз 32 гады. Ён стаў сведчаннем таго, што ў літаратуру прыйшоў не проста таленавіты, але яшчэ і мудры мастак, які шмат пабачыў, вынасіў і выгадаваў сваё слова. З-пад пяра творца адзін за адным выходзяць зборнікі паэзіі «Чаканне» (1960), «Табе зайздросціць сонца» (1963), «Памяць» (1965), «Тры вымярэнні» (1967), «Вершы» (1968), «Паэма дарог» (1970), «Зазімак» (1976), «Асеннія гнёзды» (1982), «Кругі надзеі» (1985), «І радасць і боль» (1988) і інш. Шмат твораў С. Грахоўскага маюць гуманістычную скіраванасць, прапаведваюць дабро, услаўляюць любоў, каханне, шчасце. Нямала ў аўтара і пейзажных замалёвак, ен захапляецца навакольнай прыгажосцю, перадае бясконцы рух і зменлівасць у прыродзе, ад якіх самому хочацца шукаць і тварыць.

Сяргей Грахоўскі плённа працаваў і ў прозе — выдаў нарыс «Горад маладосці» (1960), зборнік апавяданняў «Які вялікі дзень» (1966), аповесці «Ранні снег» (1975), «Сустрэча з самім сабою» (1988), кнігу ўспамінаў «Так і было» (1986).

Асобнае месца ў творчасці С. Грахоўскага займаюць дакументальна-мемуарныя творы, прысвечаныя асэнсаванню трагічнага мінулага. Гэта аўтабіяграфічныя аповесці «Зона маўчання», «З воўчым білетам», «Такія сінія снягі», паэма «Балючая памяць», кніга паэзіі і прозы «Споведзь». У дакументальнай аповесці «Суровая дабрата» расказваецца пра жыццё Героя Савецкага Саюза Васіля Захаравіча Каржа — партызана часоў грамадзянскай вайны, камандзіра Пінскага партызанскага злучэння ў гады Вялікай Айчыннай вайны.

Шмат пісаў для дзяцей: юнай аўдыторыі адрасаваныя зборнікі вершаў «Ад вясны да вясны» (1959), «Сёння і заўтра» (1961), «Гарыць касцёр» (1966), «Сонечная сцежка» (1980), «Знаходка» (1985), апавяданняў «Агеньчык у акне» (1972).

Плённа была яго праца ў галіне публіцыстыкі: у 1971 годзе выходзіць кніга «Мінск», у 1972-м — нарыс на маральна-этычную тэму «Бацькі і дзеці». Нястомна працаваў і ў галіне перакладу.

Вверх